Колькі грошай марнуецца на вакцыны ад COVID-19? Пяць пытанняў без адказаў

Тэлеграм-канал медыкаў «Белыя х*латы» згадвае, што два гады таму, 1 красавіка 2021 года, Распараджэннем Лукашэнкі № 60 «Аб стварэнні вакцыны» быў распачаты працэс стварэння айчыннай вакцыны супраць інфекцыі, выкліканай каронавірусам SARS-CoV-2. І ў сувязі з гэтым ёсць некалькі прынцыповых пытанняў.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява


За гэты час мы пачулі шмат заяў ад афіцыйных асоб Міністэрства аховы здароўя і Акадэміі навук аб важнасці распрацоўкі, неабходнасці, «пытанні біябяспекі» і г. д. Але няма ні найменшага жадання іх каментаваць, проста хацелася б паглядзець на ўсё гэта крыху з іншага ракурсу — з пазіцый планавання і пераразмеркавання рэсурсаў.
Паглядзім сумы ў доларах ЗША на стварэнне гэтага прадукту па сярэднім афіцыйным курсе беларускага рубля (2021 год — 2,53820; 2022 год — 2,6199; студзень-сакавік 2023 года — 2,7521):

  • з распараджэння ініцыятара (Лукашэнкі) ад 1 красавіка 2021 года №60 РП «Аб стварэнні вакцыны»:


У 2021 годзе 1 100 00 рублёў + 9 056 285,15 рублёў = 10 156 285,15 рублёў (4,0 млн даляраў ЗША).

  • з указа ініцыятара (Лукашэнкі) ад 03.11.2021 года №430 «Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта»:


У 2021 годзе — 11 000 000 рублёў (4,33 млн даляраў ЗША);У 2022 годзе — 50 000 000 рублёў (19,08 млн даляраў ЗША);У 2023 годзе — 7 100 000 рублёў (2,58 млн даляраў ЗША).

  • агулам: 30 млн даляраў ЗША — гэта толькі тое, што, са слоў міністра, атрымаем у красавіку 2023 года — першы доследна-прамысловы ўзор, які пойдзе на даклінічныя і клінічныя выпрабаванні (калі правільна разумеем гэтае распараджэнне і ўказ).

Але, на думку аўтараў тэлеграм-канала, застаюцца прынцыпова важныя пытанні без адказу.
I. Успомнім заявы Міністэрства аховы здароўя ад 25.03.2021 года і 12.11.2021 года, дзе гаворыцца, што «Белмедпрэпараты» ўдзельнічаюць у рэалізацыі 2-х праектаў, якія звязаны з вакцынай Спадарожнік V. Які з іх – на якім этапе цяпер?
1) Разліў першых прамысловых серый вакцыны «Спадарожнік V» з паўпрадукта расійскай кампаніі АТ «Генерыум», якая ўваходзіць у структуру АТ «Фармстандарт». Было заяўлена, што аб'ём выпуску ў далейшым складзе да 500 тысяч доз прэпарата штомесяц.
2) Інвестыцыйны праект арганізацыі поўнага цыкла фармацэўтычнай вытворчасці вакцыны «Спадарожнік V» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Было заяўлена, што агульны аб'ём вытворчасці складзе каля 10 мільёнаў доз у год. З іх 4 мільёны разлічаны на ўнутраны рынак. Астатні аб'ём плануецца пастаўляць на экспарт. Кошт інвестыцыйнага праекта складае больш за 56 млн даляраў.
Гендырэктар нагадаў, што вырабляць вакцыну «Спадарожнік V» на прадпрыемстве будуць па поўным цыкле — ад біялагічнай вытворчасці субстанцыі актыўнага кампанента да выпуску гатовай формы ў выглядзе ампул або флаконаў. Тэрмін акупнасці складае каля 3-4 гадоў. Усё будзе залежаць ад кан'юнктуры рынку, якая складзецца на працягу гэтага перыяду.
II. Успомнім артыкул БелТА ад 30.11.2022 года «Селіверстаў: сацыяльная арыентаванасць бюджэту ў 2023 годзе захаваецца», дзе сказана, што на закупку не менш за 4 млн доз вакцыны «Спадарожнік V» айчыннай вытворчасці прадугледжана 240 млн беларускіх рублёў (87,21 млн даляраў ЗША па сярэднім афіцыйным курсе за студзень-сакавік 2023 года). Нават калі зыходзіць з кошту 10 даляраў ЗША за 1 дозу, то за гэтыя грошы можна набыць больш за 8,72 млн доз прэпарата. Напэўна, такая колькасць не спатрэбіцца, таму ёсць выдатная магчымасць пераразмеркаваць бюджэтныя сродкі.
III. Еўрапейскае агенцтва па лекавых сродках (EMA) чакае, што кампаніі па вакцынацыі ад COVID-19 будуць праводзіцца раз у год, падобна падыходу з вакцынацыяй ад грыпу. Гэта значыць, пачынаючы з 1 кастрычніка традыцыйна пачынаецца кампанія па вакцынацыі супраць грыпу. Адпаведна, быць можа, дзесьці ў кулуарах Міністэрства аховы здароўя праскоквалі думкі, што цалкам верагодна да моманту выхаду на рынак у 2024 годзе попыт на вакцынацыю ўжо можа быць зніжаны, як назіраем гэта цяпер.
IV. Мы не ведаем, які тэрмін прыдатнасці будзе ў гэтага прэпарата (12 месяцаў, 24 месяцы ці нейкі іншы), колькі доз вакцыны плануецца да выпуску для шырокага прымянення ў 2024 годзе, але нешта падказвае, што пра экспарт казаць яшчэ вельмі і вельмі рана (на 01.04.2023 на сайце СААЗ наогул ніякай інфармацыі пра беларускую вакцыну не знаходзіцца, таму настойліва раім у будучыні пазначыць інфармацыю і па нашай вакцыне.
V. Ці зможа Міністэрства аховы здароўя паказаць палітычную волю для пераразмеркавання часткі бюджэтных сродкаў, прадугледжаных на закупку вакцын ад COVID-19, на іншыя праграмы? Да прыкладу, для набыцця прэпарата Золгенсма (onasemnogene abeparvovec) для лячэння дзяцей са спінальнай мышачнай атрафіяй, каб бацькам гэтых дзяцей не даводзілася адкрываць дабрачынныя рахункі і звяртацца ў дабрачынныя фонды.