Ці вынайдуць лекі ад безадказнасці?
Пытанне наконт лекаў ад безадказнасці, падаецца, павінна хваляваць наш народ не менш, чым пошук вакцыны ад каронавіруса.
Мы ўсе плацім падаткі на ўтрыманне чыноўнікаў, якія, быццам бы, павінны клапаціцца пра нацыянальную бяспеку, адукацыю, здароўе — на тое яны і чыноўнікі. Але калі краіна сапраўды сутыкнулася з выклікам — мы не бачым улады.
Прычым, не бачым яе на ўсіх узроўнях — пачынаючы ад кіраўніка дзяржавы і заканчваючы «народнымі абраннікамі».
У Беларусі, як высветлілася, «няма ніводнай смерці ад каронавіруса», таму што, нібыта, каронавірусная інфекцыя — гэта не хвароба. «Каронавірус — гэта нават не штуршок. Гэта тая атмасфера, у якой развіваюцца іх хранічныя хваробы. Вось у чым прычына. Таму я кажу, што ў нас чыста ад каронавіруса ні адзін чалавек не памёр», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Калі кіравацца такой логікай, то ў Беларусі няма і смерцяў ад ДТЗ. Таму што людзі, якія загінулі ў дарожна-транспартных здарэннях, атрымалі несумяшчальныя з жыццём траўмы і памерлі ад гэтых траўмаў, а не ў ДТЗ. Таксама, напэўна, трэба выпусціць з турмаў усіх забойцаў. Бо людзі памерлі ад нанесеных ім раненняў. А хто нанёс — гэта ўжо, аказваецца, іншая справа. Гэтак жа, згодна з логікай, атрымліваецца?
Вельмі і вельмі дзіўна, што Лукашэнка прамовіў гэта пасля наведвання нашай краіны дэлегацыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Менавіта гэтая арганізацыя дала назву «COVID-19» хваробе, што выклікаецца каронавірусам SARS-CoV-2.
І вось ужо спартовец Вадзім Дзевятоўскі расказвае: «Я паглядзеў статыстыку смерцяў ад пнеўманіі яшчэ да прыходу каронавіруса — і жахнуўся. Ніколі не падумаў бы, што гэта вядомае ўсім захворванне забрала столькі чалавечых жыццяў».
На хвіліначку, Дзевятоўскі — дэпутат Палаты прадстаўнікоў з 2012 па 2019 гады. Сем гадоў ён галасаваў за бюджэт, у якім выдаткоўваліся грошы на медыцыну. Сем гадоў ён слухаў пра нашу «самую лепшую ў свеце сістэму аховы здароўя». І раптам ён жахнуўся, уяўляеце?
Яго, як і нікога ва ўладзе, падаецца, не бянтэжыць, што SARS-CoV-2 — гэта далёка не першы вірус у нашай гісторыі. У нас ужо быў класічны SARS — атыповая пнеўманія ў 2002-м, і H1N1 у 2009-м. І заўсёды былі аднолькавыя «сімптомы» ў айчыннай ахове здароўя: недахоп персаналу, масак, медычных прэпаратаў, чэргі ў аптэках… Падаецца, пасля неаднаразовага паўтарэння такіх хваробаў, у краіне павінен быў быць зроблены стратэгічны запас тых жа масак і дэзынфікуючых сродкаў. Але, як высветлілася, — яго няма!
У краіне аж два гады таму арыштавалі больш за дзясятак карупцыянераў-медыкаў. Арыштавалі іх менавіта за «дрэнныя» закупкі медычнага абсталявання. Два гады — багата часу, але чамусьці дагэтуль у краіне назіраецца недахоп апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Можа, не тых арыштоўвалі? Можа, варта запытаць былога міністра аховы здароўя Васіля Жарко, чаму няма стратэгічнага рэзерву сродкаў індывідуальнай абароны, апаратаў ШВЛ, і якім чынам у яго за часы яго міністарскай дзейнасці з’явіўся катэдж коштам прыкладна 700 тысяч долараў?
У той час, калі Лукашэнка «на самым версе» сцвярджае, што ў нас няма захворвання COVID-19, Міністэрства аховы здароўя ў асобе кіраўніка ведамства Уладзіміра Караніка маральна падрыхтоўвае насельніцтва да магчымага ўзмацнення жорсткасці абмежавальных мераў. Каранік сказаў беларускаму тэлебачанню, што ігнараванне ўжо ўведзеных абмежавальных мераў прыводзіць да экспансіі каронавіруса ўнутры краіны.
Сур’ёзнасць сітуацыі пацвярджае і рашэнне ўладаў увесці адміністрацыйную адказнасць за парушэнне рэжыму самаізаляцыі. Праўда, сам Лукашэнка заявіў: «У апошні час мы кажам: самаізаляцыя, самаізаляцыя... Адкрыта скажам, у нас няма ніякай самаізаляцыі. Гэта фактычна амбулаторнае лячэнне. Мы ж на гэтую самаізаляцыю накіроўваем людзей рашэннем лекара. Гэта было маё жалезнае патрабаванне — выпрацуйце дакументы».
Цікава, праўда? Самаізаляцыі ў Беларусі няма, а адміністрацыйная адказнасць за парушэнне рэжыму самаізаляцыі — будзе. Як гэта разумець, пакуль ніхто не патлумачыў.
Кіраўнік Мінздароўя таксама зрабіў прагноз далейшага развіцця сітуацыі. Па яго словах, пік эпідэміі прыйдзецца на канец красавіка — пачатак траўня.
Тым, хто ў самаізаляцыі губляе пачуццё часу, тлумачым: на канец красавіка — пачатак траўня ў нас прыпадаюць Радаўніца і травеньскія святы. І што робіць улада? Мінгарвыканкам, напрыклад, не толькі не будзе забараняць наведванне могілак на Радаўніцу. Ён пускае да гарадскіх могілак дадатковыя аўтобусы!
Карацей, ёсць стойкае ўражанне таго, што ўлада проста, як той страус, схавала галаву ў пясок і не жадае прызнаваць відавочных фактаў. У гэтых варунках беларусам толькі і засталося, што выжываць самастойна, не разлічваючы не тое што на нейкія захады — нават на дапамогу з боку атрымальнікаў нашых з вамі падаткаў. Дык навошта нам увогуле такая ўлада?
Безумоўна, мы выжывем. Урэшце, так ці інакш, у цяжкай ці лёгкай форме, мы перахварэем гэтым COVID-19, і ў нас выпрацуецца калектыўны імунітэт. Але заслугі ў гэтым уладаў не будзе ані кропелькі.