Ці ўвядуць у Вялікабрытаніі карткавую сістэму?
Вялікабрытанія з-за эпідэміі не на жарт абмяркоўвае пераход на карткавую сістэму для набыцця прадуктаў.
Сярод аматараў творчасці Оруэла існуе фракцыя, не згодная з тым, што апісаная ў рамане «1984» дыктатура — алюзія на таталітарныя сістэмы Сталіна або Гітлера. Ёсць думка, што ідэю твора пісьменніку падказаў антураж пасляваеннай Брытаніі, дзе дзяржава кантралявала ледзь не ўсе сегменты грамадскага жыцця і гаспадаркі. Адным з атрыбутаў той мадэлі была карткавая сістэма, якая праіснавала ў краіне аж да 1954 года.
І вось цяпер норму, калі ўсё будзе выключна па талонах, прапануецца вярнуць. Дыскусію на гэты конт задаў лонданскі прафесар Цім Лэнг (Tim Lang), які лічыць, што без картак краіну можа чакаць калапс на глебе дэфіцыту прадуктаў. Свае высновы прафесар аргументуе лічбамі. Аказваецца, прыкладна 47 працэнтаў тавараў на мясцовым прадуктовым рынку — чысты імпарт.
Між тым, шмат краін, якія традыцыйна экспартуюць на Альбіён, знаходзяцца ў крызісе, і пастаўкі адтуль у хуткім часе могуць быць нерэгулярныя. З улікам каранціну дастаўка таксама будзе зацягвацца па часе. Такі расклад рэчаў прымушае Ціма Лэнга заклікаць урад да ўвядзення дзяржаўнага кантролю над прадуктовымі запасамі, што патрабуе як мінімум усталявання індывідуальнага ліміту на памеры спажывання.
Містэр Лэнг аказаўся не адзіны ў сваіх высновах. Яго ўжо падтрымаў цэлы шэраг іншых вучоных і экспертаў. Пры гэтым аматары картак не лічаць, што новая норма выкліча занадта моцны шок у грамадстве. Перш за ўсё таму, што такая мера будзе не першай у гісторыі. Падчас Першай сусветнай вайны брытанцы набывалі па картках цукар, мяса, алей, маргарын. У 1925-м — падчас агульнага страйку — урад, баючыся, што забастоўшчыкі заблакуюць партовыя докі, увёў нормы продажаў на шэраг базавых прадуктаў.
А вось з 1939-га па 1945-ы карткі дзейнічалі не толькі на прадукты, але нават на мыла, паліва і вопратку — з-за патрэбы ў матэрыялах для вырабу ўніформы. Эканомія на адзенні была настолькі жорсткай, што ў 1942 годзе былі ўведзеныя меры, якія абмяжоўвалі на вопратцы колькасць гузікаў і кішэняў. Увогуле, нармаванне адзення скончылася ў Англіі толькі ў 1949-м.
Цікава, што нормы спажывання прадуктаў не былі ўзятыя са столі. Напрыканцы 1939-га сям’я фізіёлагаў вырашыла правесці над сабою эксперымент. Муж і жонка вырашылі распрацаваць дыету, якая дазволіць сярэдняму брытанцу жыць і працаваць у час вайны. Пасля трох месяцаў вопытаў над арганізмам паўстала чароўная формула.
Выглядала яна прыблізна так: 450 грамаў мяса і 113 грамаў смажанай рыбы на тыдзень, чвэрць пінты малака і 113 грамаў маргарыну на дзень. Плюс дазвалялася ўжываць любую колькасць бульбы, гародніны і хлеба з нясеянай мукі. Дыету хутка зацвердзіў урад, адначасова запатрабаваўшы ад брытанцаў прыпісацца да суседняй крамы. Там яны атрымлівалі і атаварвалі свае карткі.
Лічыцца, што рацыянаванне прадуктаў падчас вайны было вялікім поспехам для Брытаніі. У той час, як у часе вайны ў свеце ад недаядання загінулі не менш за 20 мільёнаў чалавек, брытанцы больш-менш выжывалі, атрымліваючы неабходныя для арганізму рэчывы. У гэты час адной з функцый Міністэрства харчавання стала папулярызацыя страў, якія можна зрабіць з небагатага набору прадуктаў. Напрыклад, маркоўныя пірожныя або торт з гародніны.
Адначасова адсутнасць мяса было вырашана кампенсаваць гароднінай. У 1942-м у краіне быў адкрыты «садовы фронт», куды запісалі аж палову насельніцтва. Яго чальцы перарабілі пад агароды газоны, клумбы, плоскія дахі, а таксама варонкі ад бомбаў. Нават роў славутага лонданскага Таўэра выкарыстоўваўся ў часы вайны для вырошчвання нейкіх зёлак.
Нягледзячы на мінулы пазітыўны вопыт, усё ж цяжка ўявіць, як карткавую сістэму можна перанесці ў цяперашнюю Брытанію. Не толькі таму, што маркоўныя пірожныя на далікатэс для сучаснага брытанца не цягнуць. Нармаванне прадуктаў аўтаматычна патрабуе закрыцця ўсяго рэстараннага бізнесу, як было ў час вайны.
У разе лімітавання спажывання краіне, напэўна, давядзецца змагацца са шматлікімі злачынцамі, якія будуць намагацца абысці новыя правілы. За часы Другой сусветнай вайны ў Брытаніі было распачата прыкладна 115 тысяч крымінальных спраў за парушэнне карткавай сістэмы — ад падробкі картак да крадзяжу нявыкарыстаных харчовых кніжак. Прычым, як вызнаюць сучаснікі, у падобных справах масава ўдзельнічалі звычайна законапаслухмяныя падданыя Кароны.
Так ці інакш, пасля сакавіцкай панікі сёння ў брытанскіх крамах назіраецца адносная стабілізацыя. Буйныя супермаркеты здолелі аператыўна наладзіць ланцужкі харчовага забеспячэння. Адначасова, на ўсялякі выпадак, склады ўкамплектавалі вялікімі запасамі. Гэта ўзмацніла лагер тых, хто выступае супраць абмежаванняў.
Праўда, нават аптымісты прызнаюць, што апошнім часам з’явіўся цэлы набор неспрыяльных фактараў, якія з часам могуць мець негатыўныя наступствы для брытанскага харчовага рынку. Гэта і недахоп працоўнай сілы ў сельскай гаспадарцы ў шматлікіх краінах-экспарцёрах, і магчымыя экспартныя забароны, якія могуць быць уведзеныя краінамі. Таму магчымасць увядзення карткавай сістэмы катэгарычна ўсё ж ніхто не адмаўляе.