Лукашэнка не бачыць сэнсу ў абавязковай вакцынацыі. Эксперт жа заявіў, што ў Беларусі яна праваленая
У Беларусі пакуль няма неабходнасці ўводзіць абавязковую вакцынацыю ад COVID-19. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 19 чэрвеня 2-ю гарадскую дзіцячую клінічную больніцу.
«Калі паўстане такая сітуацыя, абавязкова будзе ўведзены такі прынцып. Дзякуй богу, неабходнасці такой няма», – сказаў Лукашэнка, перадае БелТА.
Што датычыць абяцанай беларускай вакцыны, то яе стварыць плануецца толькі «ў будучым годзе».
Вакцынацыя праваленая
Між тым беларускі палітолаг і даследчык Андрэй Елісееў у сваім Facebook заявіў пра правал вакцынацыі ў Беларусі. Ён нагадаў, што ў снежні 2020 года міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч абяцаў да канца вясны плануецца прышчапіць 1,2 млн чалавек, а затым выйсці на паказнік у 5,5 млн вакцынаваных.
«Гэта значыць, да 1 чэрвеня ўлады абяцалі вакцынаваць за 1,2 млн або каля 13% насельніцтва – слабенькая мэта, улічваючы, што ў большасці еўрапейскіх краін да пачатку лета лік доз на 100 жыхароў складала ўжо 50 і больш. Тым не менш, нават гэтыя планы апынуліся заваленыя ўдвая. Па стане на 3 чэрвеня першую дозу вакцыны атрымалі 560 тысяч чалавек (каля 6%), а поўны курс прайшлі менш за 300 тысяч (каля 3% насельніцтва)», – адзначыў Елісееў.
Паводле яго, у Беларусі не хапае і вакцын, якія «даводзіцца ў Расеі аператыўна выпрошваць 180 тысяч доз у святле дэфіцыту другога кампанента вакцыны і жабраваць кітайскімі вакцынамі ўжо не толькі наўпрост з Кітая, але і праз пасярэднікаў як то Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (10 тысяч доз)».
Дзяржкіраванне на ўзроўні краінаў з вайсковай катастрофай
«Агулам, не толькі са стрымліваннем эпідэміі, але і з вакцынацыяй адбыўся правал. У Еўропе ёсць толькі тры краіны, у якіх вакцынацыя праходзіць больш павольна, чым у Беларусі. Усе яны ў нядаўнім мінулым перажывалі маштабныя ваенныя дзеянні або знаходзяцца ў стане вайны да гэтага часу (Боснія і Герцагавіна, Косава, Украіна).
Такім чынам, эпідэмія агаліла непрыемную ісціну – якасць дзяржкіравання ў Беларусі на ўзроўні дзяржаў, якія перажылі грамадска-палітычную катастрофу тыпу ваенных дзеянняў», – заявіў палітолаг.
У сваю чаргу адзначым, што з пачаткам эпідэміі каронавіруса статыстычныя органы перасталі публікаваць статыстыку смяротнасці ў краіне. Яе няма ўжо больш як год.
Белсат