Усё будзе, як павінна быць...
Усё, што выбудоўвалася гадамі, дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі, за некалькі тыдняў пачало руйнавацца.
Маленькая пачвара з каронай зрабіла тое, што не ўдавалася здзейсніць шматлікім лідарам і грамадствам. Яна нібыта знайшла тую загадкавую кропку руйнавання нашага загартаванага сусвету, які мы збудавалі вакол сябе. Суствет аказаўся шкляным. Ён разлятаецца на маленькія кавалачкі ды змятае аскепкамі ўсё, што раней нам падавалася важным і каштоўным. Тое, што нядаўна было звычайным, цяпер становіцца прывілеем, тое, што раней падавалася важным, адходзіць на другі план.
Зразумела, што каронавірус ужо запусціў перазагрузку соцыуму, і праз пэўны час мы ўбачым яго новую версію. Хацелася б толькі, каб у выніку яна стала больш дасканалай і асэнсаванай. Хацелася б спадзявацца, што вытрывае лепшае. Але… Механізм запушчаны — і пакуль працэс не завершаны, мы бачым праяўленні як самага добрага, што ёсць у нас, так і самага горшага.
Мы па-іншаму сталі разумець і інакш ставіцца да такіх яшчэ нядаўна звыклых рэчаў, як сустрэча з сябрамі, паход у кавярню, кіно або тэатр, паездка да бацькоў ці нават вітанні з суседзямі. Як, аказваецца, важна, калі ты свабодна — не баючыся захварэць ці заразіць, без пагрозы штрафу ці нейкіх іншых абмежаванняў — можаш рабіць такія простыя рэчы. Высвятляецца, што сацыяльная камунікацыя вельмі важная для нашага жыцця і псіхічнага здароўя.
Выглядае, што сядзець дома і не хадзіць на працу зусім не так весела, як камусьці яшчэ нядаўна падавалася. Тыднямі не тэлефанаваць састарэлым бацькам ці памятаць даўнюю крыўду на былога сябра не так важна, як ведаць, што твае бацькі ці сябар жывыя і здаровыя. Не істотна, колькі будзе каштаваць шэнгенская віза, дый ці будзе яна наогул. Важна, каб межы былі адкрытыя, і ты мог сам выбіраць, куды табе ехаць і ці ехаць увогуле.
Толькі задумайцеся: дзесяцігоддзямі краіны працавалі над тым, каб адмовіцца ад межаў, падарожнічаць свабодна і быць грамадзянамі адной прасторы. А вірус узяў і без праблем зруйнаваў гэту працу. Людзі зараз закрытыя ў межах сваіх краін, а некаторыя — у межах сваіх кватэр, і цяпер застаецца толькі марыць, каб трапіць не тое, што ў адпачынак ці на уік-энд, а нават да хворага сваяка ў суседнюю краіну.
Стагоддзямі людзі крок за крокам ішлі да дэмакратыі, каб самім вызначаць, што рабіць і як жыць, а вірус узяў і ўключыў рэжым «урад, абмяжуй мае правы». І вось мы ўжо чуем, што пытанні нацыянальнай бяспекі могуць быць важнейшыя за правы чалавека. І калі для дэмакратычных краін гэта яшчэ можна прыняць і зразумець (там кіраўнікоў выбіраюць, ім давяраюць, дый кіраўнікі там збольшага ўцямныя), то для такіх дзяржаў, як Беларусь, заклікі да жорсткіх абмежаванняў — асабліва з вуснаў палітычнай апазіцыі — выглядаюць, мякка кажучы, дзіўна.
Ні я, ні большасць грамадзян Беларусі гэту ўладу не выбіралі, дык чаму тады столькі людзей хоча, каб менавіта гэта ўлада вызначала, што нам рабіць і ў якім рэжыме? Ці нам самім не хапае ведаў і адказнасці? А можа, нам проста не хочацца прымаць рашэнні, у правільнасці якіх мы не ўпэўненыя?
І пакуль адны крыкам крычаць пра каранцін, другія праводзяць рэпетыцыі нікому не патрэбнага параду, трэція збіраюць грошы і рэчы, каб дапамагаць тым, каму гэта цяпер трэба, складаюць спісы, размяркоўваць абавязкі, робяць тое, што і павінен рабіць чалавек, якому жывёльны страх за сваё жыццё не засцілае вочы.
Дзесяцігоддзямі эколагі розных краін спрабавалі зменшыць негатыўны ўплыў чалавека на прыроду. А цяпер маленькая пачварка, што нарадзілася ў яе нетрах, раптам спыніла шматлікія вытворчасці, якія забруджвалі паветра. А Кітай нарэшце ўвёў хаця б часовую забарону на развядзенне і ўжыванне ў ежу дзікіх жывёл. Былі закрытыя тысячы фермаў, дзе гадавалі дзікабразаў, вівераў і чарапах.
Кажуць, вірус не шкадуе багатых людзей ды палітыкаў і дае ім зразумець, што ад хваробы нельга збегчы на ўласным самалёце і не купіць здароўе за грошы. Гэта праўда. Аднак праўда і тое, што, дзякуючы шмат каму з багатых людзей, мы маем фонды падтрымкі медыкаў ды іншых уразлівых катэгорый і, магчыма, дзякуючы ім зможам перажыць крызіс пасля пандэміі.
Гэтая хвароба шмат што забірае, але і дае магчымасць зразумець, што ёсць галоўным у нашым жыцці. Цяпер мы ведаем, як важна не адкладаць сустрэчы з блізкімі з-за рознай драбязы. Хутка зразумеем, што істотна не тое, якая ў цябе праца, а тое, што яна наогул ёсць. Ужо, напэўна, многія ўцямілі, што трэба з дзяцінства берагчы здароўе і клапаціцца пра імунітэт. А яшчэ — як важна ў любы момант пры неабходнасці мець магчымасць звярнуцца да доктара і атрымаць дапамогу. Хутка таксама, відаць, усвядомім, што да прыроды і жывёльнага свету трэба ставіцца паважліва.
Вось толькі ці зразумеем, што ўсё гэта тычыцца і права выбару. Выбару тых, з кім хочацца камунікаваць, чым займацца, дзе і як жыць, куды падарожнічаць, каму давяраць свой лёс і лёс сваёй краіны. Выбару таго, нарэшце, як жыць і як паміраць. А яшчэ гэтая пачварка, такі маленечкі каронавірус, нарэшце прадэманстраваў, наколькі крохкі і няпэўны збудаваны намі свет, наколькі кароткае і часам ілюзорнае наша жыццё ды як мала мы значым у маштабах сусвету.
Таму, як казалі разумныя людзі: «Усё будзе, як павінна быць, нават калі будзе зусім не так». Здароўя нам усім і добрых часоў!