Беларускую вакцыну ад ковіда выпусцяць на пачатку 2023 года. Яна ўжо не будзе патрэбнай у свеце
Дагнаць ды перагнаць! Беларускае міністэрства аховы здароўя спазнілася, але загад трэба выканаць.
У 2023 годзе ў Беларусі выпусцяць айчынную вакцыну ад каронавіруса, але патрэбнасць у ёй ужо невялікая. Пра гэта распавёў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у эфіры прапагандысцкага канала.
На прадпрыемстве «БелВітуніфарм» пачынаецца вытворчасць партыі айчыннай вакцыны ад каронавіруса.
— Яна выйдзе ў студзені. У поўнай меры гэты прэпарат павінен прайсці ўсе віды кантролю, — заявіў Дзмітрый Піневіч. — У наступным годзе вакцына будзе выпушчана ў абарот. Іншае пытанне (я ў гэтым практычна ўпэўнены) — як вакцына супраць кавіднай інфекцыі яна ўжо не будзе запатрабаваная ў поўнай меры.
Гэта пытанне стаяла яшчэ ў пачатку запуску праекта, адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя, але ўдакладніў, што істотна было стварыць сваю вакцыну як індыкатар нацыянальнай бяспекі. Акрамя таго «істотна стварыць платформу, якая зможа ствараць вакцыны супраць грыпу, іншых відаў узбуджальнікаў», лічыць Дзмітрый Піневіч.
У першую чаргу патрэбнасць ва ўласнай вакцыне ўпала ў сувязі з тым, што ў Беларусі сфармавана імунная праслойка, зараз 72% насельніцтва краіны прышчэплена ад каронавіруса.
Нагадаем, пачаць «у найкарацейшыя тэрміны» выпускаць уласную вакцыну ад кавіду патрабаваў Лукашэнка, называючы гэта «справай гонару Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук». Паводле яго ацэнак, гэта павінна была быць «вытворчасць з экспартным патэнцыялам на сотні мільёнаў долараў».
На першы этап распрацоўкі вылучылі 10 млн рублёў. Усяго ж на будаўніцтва новай вытворчасці было вылучана 68 100 000 рублёў. Пры гэтым кампаненты для беларускага прэпарата ўсё роўна давядзецца імпартаваць.
Пытанні да стварэння ўласнай вытворчасці вакцыны ад каронавіруса ўзнікалі і раней. Па-першае, таму што будаўніцтва новых цэхаў і распрацоўка прэпарата абыходзіцца даражэй, чым набываць яго ў іншых краінах. Па-другое, гэта займае так шмат часу, што да моманту гатоўнасці прэпарата пандэмія паспела прайсці, а ў Беларусі, як і планавалася першапачаткова, сфармаваўся калектыўны імунітэт.