«Усе беленькія-маленькія». Яшчэ адзін рэцэпт Лукашэнкі ад каронавіруса
Падчас наведвання Смалявіцкага раёна 3 красавіка кіраўнік Беларусі распавёў, што аддушынай для яго ў гэты час стала наведванне асабістага падворку і сказаў, што гэта найлепшы лек ад каронавіруса, паведамляе «Свабода».
«У мяне там іх цяпер 11 кароў, па-мойму.
А пазаўчора зайшоў на ферму — у мяне там козачкі. Маленькія козачкі, толькі
прыплод з’явіўся, зусім маленькія. І я адкрываю станок гэты вялікі, а там, як снег:
усе беленькія-маленькія, белыя-белыя, вось як халат. Вось гэта аддушына. А ты
кажаш: “Каронавірус, каронавірус”. Вось лячэнне ад вірусу», — гаворыць
Лукашэнка на відэа, якое апублікаваў набліжаны да кіраўніка Беларусі ананімны
тэлеграм-канал «Пул Першага».
На адным з прадпрыемстваў «Сэрвалюкс» Лукашэнку сёння падаравалі пеўня і чатыры курыцы, а таксама інкубатар, паведамляла БелТА.
Пра сусветную пандэмію каранавірусу і меры, якія прымаюць у сувязі з гэтым розныя краіны, Аляксандр Лукашэнка рэгулярна кажа, што гэта «псіхоз», «каронапсіхоз» і «інфадэмія», а найлепшымі лекамі ад каронавірусу беларускі кіраўнік называў трактар, гарэлку, хакей, лазню і тлустую ежу. Эпідэміялагічную сытуацію ў Беларусі ён не лічыць сур’ёзнай («305 чалавек па ўсёй краіне — гэта мізэр!») і настойвае, што ўводзіць каранцін у краіне няма неабходнасці.