«Спачатку — Пачобут. Без яго вызвалення ніякіх зменаў стасункаў не будзе»

Лукашэнка сапраўды можа разлічваць хаця б на пачатак перамоў з новым польскім урадам. Хочам мы таго ці не, але ў Польшчы ёсць і свае нацыянальныя інтарэсы, і халодны прагматычны палітычны разлік. Але без вызвалення Пачобута проста няма прадмету абмеркавання, піша палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст на «Свабодзе».

salidarnasc_z_andreem_paczobutam_logo.jpg.webp

Сэйм Польшчы выбраў новым прэм’ерам Дональда Туска. 13 снежня новы кіраўнік польскага ўраду агучыць склад кабінету, пачнецца адлік кадэнцыі новай улады. Для Лукашэнкі надыдзе ў пэўным сэнсе момант ісціны, вызначыцца цана ягоным хваласьпевам і рэвэрансам у адрас новай польскай улады, на якія ён быў шчодры адразу пасьля таго, як сталі вядомыя вынікі сёлетніх парлямэнцкіх выбараў у Польшчы.

Якой будзе палітыка кабінэту Туска адносна Беларусі — гэта пакуль невядома, і тут насамрэч ёсьць варыянты. Але пры адной умове. Спачатку — Пачобут.

Безь яго вызваленьня ніякіх зьменаў стасункаў ня будзе паводле азначэньня. У Варшаве добра ведаюць гісторыю.

Справа тут нават не ў гуманітарных меркаваньнях і не ў прыхільнасьці дэмакратычным каштоўнасьцям. Ніхто Лукашэнку ў гэтым не «падазрае». Размова пра халодны палітычны разьлік.

Іранскія аятолы таксама зыходзілі менавіта з такога разьліку ў 1981 годзе. Амэрыканскіх дыпляматаў-закладнікаў Тэгеран тады вызваліў у апошні дзень прэзыдэнцтва Джымі Картэра. Ніякіх гарантыяў паляпшэньня адносінаў ад новаабранага прэзыдэнта Рональда Рэйгана кіраўнікі Ірану ня мелі. Але шанец на гэта давала толькі вызваленьне закладнікаў.

Гэтак жа і ў цяперашняй сытуацыі: шанец на паляпшэньне адносінаў з новымі ўладамі ў Варшаве Лукашэнка мае, толькі вызваліўшы Анджэя Пачобута.

Ці ёсьць шанец у такім выпадку? Я мяркую, што ёсьць, імавернасьць яго не нулявая. Ані спадар Туск, ані вельмі імаверны новы кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі асаблівымі сымпатыямі да менскага дыктатара ніколі не вызначаліся.

Глядзіце таксама

Але тут, папраўдзе, і не патрэбны асабліва цёплыя пачуцьці. Патрэбен той самы халодны разьлік. Па шчырасьці, крыху раздражняюць камэнтары і прагнозы некаторых шаноўных польскіх экспэртаў, якія яны даюць беларускім мэдыя: маўляў, Туск ня будзе патураць дыктатуры Лукашэнкі.

А азэрбайджанскай, казахстанскай, туркмэнскай, узбэцкай, эгіпецкай, кітайскай, віетнамскай і безьлічы падобных — усім гэтым дыктатурам, часта ня менш агідным, чым лукашэнкава, таксама ня будзе? Ім усім будзе даваць непахісны маральны адпор? Really?

Ці для беларусаў гэта вышэйшая адукацыя і ня іхнага правінцыйнага розуму справа, а ім, тубыльцам, хопіць і пропісяў для першаклясьнікаў: дэмакратыя — добра, дыктатура — кепска, грамадзянская супольнасьць — добра, яе задушэньне — кепска etc?

Гэта ўсё насамрэч так і ёсьць. Але ёсьць «нюансы». І ў тым ліку такія, як польскія (менавіта польскія) нацыянальныя інтарэсы. Адносна Беларусі — гэта лёс немалой польскай этнічнай меншасьці; гэта пытаньні гандлёвага транзыту, завязаныя ня толькі на Расею, але і на Кітай; гэта пытаньні ваеннай бясьпекі і небясьпекі прамога ваеннага канфлікту.

Кожная з гэтых опцыяў — балянс, суадносіны сродкаў і мэтаў. Ясна, што і ў выпадку вызваленьня Пачобута агіднасьць дыктатуры Лукашэнкі істотна ня зьменшыцца. Але працяг ці карэкцыя ранейшай палітыкі — што палепшыць умовы для палякаў Беларусі? Блякаваць таварны транзыт ці не чапаць, а мо нават і пашыраць — каму за што скажа дзякуй ці ўчыніць адчувальную шкоду Пэкін? Якая палітыка павялічыць, а якая паменшыць імавернасьць ваеннага канфлікту з лукашэнкавай Беларусьсю, за сьпінай якой стаіць Расея Пуціна?

Адказы на гэтыя пытаньні прынамсі невідавочныя. Уважлівы аналіз усіх pro et contra можа ўрэшце прывесьці да высновы, што працяг ранейшай палітыкі — аптымальнае рашэньне. Але рыторыка ў стылі пропісяў для пачаткоўцаў кампэтэнтнага рашэньня гэтых дылемаў не дае ў прынцыпе.

Але без вызваленьня Пачобута проста няма прадмету абмеркаваньня.

Захаваны правапіс арыгіналу

Глядзіце таксама