Рудкоўскі: Палітыка Польшчы ў дачыненні да афіцыйнага Мінска не зменіцца

Ёсць падставы лічыць, што пасля выбараў пры любым сцэнарыі адбудзецца перазагрузка польска-ўкраінскіх дачыненняў, лічыць палітолаг Пётр Рудкоўскі. А што наконт польска-беларускіх стасункаў?

Вынікі выбараў у Польшчы. Інфаграфіка РАР

Вынікі выбараў у Польшчы. Інфаграфіка РАР

Палітолаг Пётр Рудкоўскі ў інтэрв’ю «Филину» — пра магчымыя перамены пасля парламенцкіх выбараў у Польшчы.

— Што значыць перамога апазіцыі на парламенцкіх выбарах у Польшчы для Беларусі? Як зменяцца дачыненні з афіцыйным Мінскам?

— Тут варта зрабіць невялікае ўдакладненне. Тое, што СМІ называюць «перамогай апазіцыі», — гэта здабыццё сумарнай большасці трыма рознымі палітычнымі блокамі, прычым два з гэтых блокаў уключалі ў сябе чатыры і дзве палітычныя партыі.

Пакуль што маем дачыненне з чыста арыфметычным эфектам: сем апазіцыйных партый, аб'яднаных у тры блокі, маюць парламенцкую большасць. Ці ўдасца гэту большасць канвертаваць у фарміраванне функцыянальнага і трывала ўрада — гэта пакуль што адкрытае пытанне.

Так ці інакш, палітыка ў дачыненні да афіцыйнага Мінска асабліва не зменіцца. Беларускае пытанне практычна адсутнічала ў праграмах і перадвыбарчых дыскусіях (калі не ўлічваць пытанне нелегальнай міграцыі і агароджы на мяжы).

Але беларускае пытанне адсутнічала перадусім таму, што паміж рознымі палітычнымі сіламі няма прынцыповых разыходжанняў па гэтай тэме, таму ніхто не лічыў патрэбным агучваць нейкі адмысловы падыход.

Будзе заакцэнтаваны збольшага статус-кво ў гэтым пытанні.

Глядзіце таксама

— Ці паўплывае гэта на палітыку Польшчы ў адносінах да беларускіх мігрантаў?

— Не, ва ўсякім разе няма падстаў сцярджаць пра якія-кольвечы змены. Змены могуць адбыцца, калі моцна зменяцца абставіны. Напрыклад, калі ў рамках паляпшэння адносін з ЕС гіпатэтычны новы ўрад пагодзіцца на прыманне мігрантаў Афрыкі і Блізкага Усходу — гэта можа паўплываць на магчымасці прымання мігрантаў з Беларусі або Украіны.

Але гэта пакуль што вельмі тэарэтычная перспектыва.

— Якіх перамен чакаць у ЕС у сувязі з перамогай апазіцыйнага альянсу?

— Яшчэ раз на ўсякі выпадак удакладнім, што маем дачыненне не з альянсам, а альянсамі (у множным ліку). Апазіцыйныя сілы ішлі на выбары ў двух альянсах («Грамадзянская кааліцыя» і «Трэці шлях») і адной партыі («Новая Лявіца»).

У выпадку, калі гэтым тром сілам удасца сфарміраваць кааліцыйны ўрад, то адбудзецца значнае пацяпленне адносін Польшчы з Бруселем (бо цягам апошнім васьмі гадоў адбылося пахаладанне).

Павысіцца шанец атрымання Польшчай шматмільярдных датацый і пазык у рамках так званага нацыянальнага плана адбудовы — ухваленага паўтара года таму пакета падтрымкі краін-чальцоў ЕС у пераадоленні наступстваў кавіднай пандэміі.


Глядзіце таксама

— ­Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што ўкраінска-польскія дачыненні ў апошнія тыдні сталі ахвярай выбарчай кампаніі і цяпер, верагодна, атрымаюць шанец на перазагрузку. Якое ваша меркаванне на гэты конт?

— Так, цалкам згодны: не абышлося без палітычнай інструменталізацыі ўкраінскай тэмы. Само па сабе гэта можа быць праявай невысокай палітычнай культуры, але ў дадзеным выпадку ёсць і пазітыўны момант. «Права і справядлівасць», што ў ходзе кампаніі рабіла крытычныя выпады ў дачыненні да Украіны, значна паслабіла антыўкраінскую «Канфедэрацыю».

Сама ж ПіС па базавых пытаннях адносна Расіі ці Украіны вельмі прынцыповая, і тыя нешматлікія антыўкраінскія элементы, якія там ёсць, хутка растворацца ў дамінуючым дыскурсе.

Таму так, ёсць падставы лічыць, што пры любым сцэнарыі адбудзецца перазагрузка польска-ўкраінскіх дачыненняў (хіба што ўкраінскі бок спародзіць новыя выклікі, бо ўкраінскія эліты таксама не заўсёды разважліва выбудоўваюць адносіны з партнёрамі).