У Польшчы адбываюцца парламенцкія выбары: якая партыя пераможа?
Якая партыя набярэ больш галасоў, пакуль спрагназаваць цяжка: кіруючая партыя «Права і справядлівасць» («PiS») Яраслава Качыньскага або апазіцыйная сіла «Грамадзянская кааліцыя» былога прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска.

Марш апазіцыі ў Варшаве. Польшча, 1 кастрычніка 2023 г. Ілюстрацыйнае фота Украінскай службы «Свабоды»
15 кастрычніка ў Польшчы стартавалі парламенцкія выбары , па іх выніках будуць абраныя 460 чальцоў Сейма (ніжняя палата) і 100 сенатараў (верхняя палата), паведамляюць мясцовыя СМІ. Адначасова адбываецца і рэферэндум, дзе прапануюць выказацца пра падтрымку продажу дзяржпрадпрыемстваў, павышэнне пенсійнага ўзросту, стаўленне да прыёму мігрантаў, а таксама разбурэння загароды на мяжы з Беларуссю.
Выбарчыя ўчасткі ў Польшчы адкрыліся ў 7.00 і закрыюцца ў 21.00. Права голасу ў Польшчы маюць 29 мільёнаў 91 тысяча 533 чалавекі.
Эксперты дагэтуль не могуць адназначна спрагназаваць, ці пераможа кіруючая партыя «Права і справядлівасць» («PiS») Яраслава Качыньскага або апазіцыйная сіла «Грамадзянская кааліцыя» былога прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска (2007-2014).
Паводле вынікаў апытанняў, у Польшчы лідзіруюць пяць палітычных сілаў. Прахадны бар'ер для партый складае 5% галасоў, для блокаў — 8%.
- Паводле апошніх звестак, лідзіруе кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць» (PiS), якую ўзначальвае Яраслаў Качыньскі. Партыя знаходзіцца ва ўладзе з 2015 года, кандыдатам ад PiS з'яўляецца і прэзідэнт краіны Анджэй Дуда. Паводле розных сацыялагічных апытанняў, партыя мае ад 31 да 37%.
- Галоўным супернікам PiS з'яўляецца цэнтрысцкая Грамадзянская кааліцыя (ГК). Яе ўзначальвае экс-прэм'ер і былы старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск. Сярэдні рэйтынг — 30%.
Верагодна, што ў парламент пройдуць яшчэ тры партыі:
- Цэнтрысцкі блок «Трэці шлях» (11%);
- кааліцыя левых партый (10%);
- ультраправая «Канфедэрацыя» (10%)
Паводле звестак Дзяржаўнай выбарчай камісіі (PKW), самаму маладому кандыдату ў дэпутаты 21 год, самаму старэйшаму — 92 гады. Сярэдні ўзрост кандыдатаў у Сейм — 46 гадоў, у Сенат — 54 гады.
PKW хоча абвясціць канчатковыя вынікі выбараў у польскі парламент у аўторак, 17 кастрычніка, раніцай.
Разам з парламенцкімі выбарамі на выбарчых участках таксама праходзіць рэферэндум, ініцыяваным кіруючай партыяй.
На чатыры пытанні рэферэндуму палякам прапануюць адказаць «так» або «не»:
- наконт продажу дзяржаўных актываў замежным арганізацыям;
- наконт неабходнасці павышэння пенсійнага ўзросту;
- наконт ліквідацыі загароды на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю;
- наконт допуску ў Польшчу тысяч нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі ў рамках механізму прымусовага перасялення ЕС
Нягледзячы на тое, што выбарчая кампанія ў Польшчы афіцыйна стартавала 8 жніўня, яе прыкметы былі бачныя значна раней. Галоўныя гульцы на польскай палітычнай сцэне яшчэ ў першай палове года абвясцілі, што цяперашнія выбары будуць аднымі з найважнейшых з 1989 года, бо будзе вызначаны вектар далейшага развіцця краіны.
Палітыкам у значнай ступені ўдалося пераканаць у гэтым палякаў, бо, паводле апошніх апытанняў грамадскай думкі, яўка выбаршчыкаў можа быць самай высокай за ўвесь перыяд парламенцкіх выбараў у дэмакратычнай Польшчы і сягаць больш за 65%.

Марш апазіцыі ў Варшаве 1 кастрычніка. Фота Украінскай службы «Свабоды»
1 кастрычніка ў сталіцы Польшчы Варшаве прайшоў марш апазіцыі, арганізаваны з мэтай мабілізацыі выбаршчыкаў і барацьбы за галасы людзей, якія яшчэ не вызначыліся, за каго галасаваць на парламенцкіх выбарах.
На шэсці людзі трымалі ў руках сцягі Польшчы і Еўрасаюза, а таксама плакаты з надпісамі «Мы пераможам», «Я думаю, таму я тут».

Марш апазіцыі 1 кастрычніка. Фота Украінскай службы «Свабоды»