Выбары ў Польшчы: магчымыя сцэнары развіцця падзей

Сёння ў Польшчы выбары ў парламент. Хутка стане ясна, ці захавае (і на якіх умовах) уладу «Права і Справядлівасць» (PiS) — кансерватыўная партыя, якая ўжо восем гадоў кіруе краінай. Ці на змену ёй прыйдуць ліберальныя палітыкі з «Грамадзянскай кааліцыі».

Выбары ў Польшчы. Ілюстрацыйная выява

Выбары ў Польшчы. Ілюстрацыйная выява

Ужо да сённяшняга вечара Польшча можа пагрузіцца ў хаос грамадзянскай вайны. Як вам такі прагноз? Гэта напярэдадні заявіў у інтэрв'ю французскаму Le Point першы дэмакратычны прэзідэнт постсацыялістычнай Польшчы Лех Валенса.

«Сітуацыя сур'ёзная. Я не выключаю рызыкі грамадзянскай вайны ў Польшчы. У канчатковым выніку народ выйдзе на вуліцу ў яшчэ большай колькасці. Я нават баюся, што прыменяць зброю», — сказаў ён.

Зрэшты, ніхто з экспертаў сур'ёзна варыянт Валенсы не каментуе. Палітычная культура ў Польшчы дастаткова спелая. Хутчэй за ўсё, ужо ўвечары стартуе цяжкі перамоўны працэс наконт фармату кааліцыі.

Што да чаканага выніку, то даверымся выданню Busines insaider. Яго супрацоўнікі на падставе васьмі розных апытанняў прагназуюць: правыя, якія групуюцца вакол кіруючай «Правы і Справядлівасць», атрымаюць198 мандатаў, «Грамадзянская Кааліцыя» на базе «Платформы» — 146, «Левыя» — 37, «Трэці Шлях» — 42, «Канфедэрацыя» — 36.

Глядзіце таксама

Як бачым, галоўным фаварытам на выбарах з'яўляецца фармацыя PiS, што дамінуе ў польскай палітыцы з 2015 года і прэтэндуе на трэцюю кадэнцыю. Яе лідарам з'яўляецца экс-прэм'ер Яраслаў Качыньскі, які лічыцца шэрым кардыналам польскай палітыкі.

Электарат PiS — пераважна жыхары маленькіх мястэчкаў і вёсак з кансерватыўнымі і каталіцкімі настроямі. Невыпадкова PiS будавала кампанію на праблемах бяспекі (пагроза нашэсця бежанцаў-мусульман), пытаннях сацыяльнай дапамогі і пенсій. Яшчэ адна папулярная тэма — збожжавая спрэчка з Кіевам як спроба заваяваць важныя галасы сельскіх выбаршчыкаў.

Зрэшты, нават лідзіруючае становішча нічога не гарантуе Качыньскаму. Для стварэння ўраду трэба мець падтрымку большасці дэпутацкага корпусу. Такой колькасцю мандатаў пісаўцы валодаць не будуць.

І ў гэтым плане маюць шанцы на стварэнне кааліцыі лібералы, якімі кіруе харызматычны экс-прэм'ер Дональд Туск. Туск і яго паплечнікі арыентуюцца на гараджан, у межах кампаніі выступалі за больш ліберальны парадак дня (напрыклад, адмяніць жорсткую палітыку PiS адносна абортаў), абяцалі наладзіць адносіны з ЕС.

Тэарэтычна ў апазіцыі ёсць шанцы на фармаванне ўрада, калі тры выбарчыя блокі («Платформа», «Трэці Шлях» і «Левыя») змогуць дамовіцца. Усе тры партыі адзіныя ў галоўным — заходняе мысленне, шчыльнае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, адназначная падтрымка Украіны.

«Левых» у гэтай тройцы вылучае шалёны сацыяльны папулізм. Сярод праграмных абяцанняў – будаўніцтва 300 000 новых кватэр для сацыяльнай арэнды; 8% ВУП на ахову здароўя; сістэма штогадовай індэксацыі заработнай платы бюджэтнікам; 35-гадзінны працоўны тыдзень, 35-дзённы адпачынак; павышэнне зарплаты настаўнікам і г.д.

«Трэці шлях» — гэта цэнтрысцкая партыя, якая імкнецца да апазіцыі. Мае сэнс згадаць, што «Трэці шлях» – новы суб'ект у польскай палітыцы. У кааліцыю ўваходзяць «Польшча 2050» Шымона Халоўні і Польская народная партыя (PSL).

У такой сітуацыі Качыньскаму застаецца «фліртаваць» з «Канфедэрацыяй», якая з'яўляецца скандальным правапапулісцкім праектам.

Напрыклад, адзін з яе лідараў прапаноўваў пазбавіць жанчын права голасу. Яшчэ адзін пункт праграмы — ліквідацыя дапамогі па беспрацоўі. Лозунгі лідараў гэтай партыі прадугледжваюць барацьбу з немцамі і габрэямі, спыненне дапамогі Украіне і ўкраінскім уцекачам (заклікаюць «выставіць Украіне рахунак»). 

У Кіеве баяцца, што прадстаўнікі «Канфедэрацыі» ва ўрадзе будуць рабіць антыўкраінскія заявы, на іх будуць эмацыйна рэагаваць украінскія чыноўнікі — і гэта пагоршыць атмасферу паміж Варшавай і Кіевам.

З іншага боку, «Канфедэрацыя» для падтрымкі іміджу пратэснай структуры можа не пайсці на прамы блок з PiS. Такі расклад дазволіць ім час ад часу лабіраваць свае законапраекты ў абмен на падтрымку праектаў «пісаўцаў». 

Зрэшты, ці пойдзе PiS на саюз з адкрытымі радыкаламі, — яшчэ пытанне. Справа ў тым, што ёсць яшчэ адзін варыянт развязкі цяперашніх выбараў. Тэарэтычна PiS можа паспрабаваць сфармаваць кааліцыю і без «Канфедэрацыі» — перацягнуць схільных да кансерватыўных поглядаў цэнтрысцкіх палітыкаў, напрыклад, з «Трэцяга шляху». Але гэта малаверагодна,

А магчыма новы ўрад Польшчы па выніках выбараў увогуле стварыць не атрымаецца. У польскіх медыя не выключаюць, што партыйныя лідары могуць праваліць перамовы. У такім выпадку давядзецца праводзіць датэрміновыя парламенцкія выбары недзе ўвесну 2024-га.

Такім чынам, пра вынікі выбараў пакуль нічога дакладна нельга казаць. Але відавочна, што ніколі яшчэ ў Польшчы не было такой вострай і эмацыйнай выбарчай кампаніі.