Скандал у польскім Сейме: дэпутат-украінафоб загасіў вогнетушыцелем габрэйскі падсвечнік
У Варшаве здарыўся гучны скандал — у залі Сейма дэпутат польскай антыўкраінскай ультраправай партыі «Канфэдэрацыя» схапіў вогнетушыцель і загасіў габрэйскі падсвечнік.

Браўн пагасіў менору. Фота Getty Images
З-за гэтага была прыпыненая праца Сейма, і цяпер прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда можа не паспець прывесці да прысягі новы ўрад на чале з новаабраным прэм’ерам Дональдам Тускам. Калі гэтага не адбудзецца, Туск можа не патрапіць на крытычны для Польшчы і Украіны саміт ЕС 14-15 снежня.
Інцыдэнт здарыўся ў другой палове дня падчас дэбатаў пасля выступу новага прэм'ер-міністра Дональда Туска.
Бліжэй да вечара ў будынку з’явіліся прадстаўнікі габрэйскай суполкі, якія святкавалі Хануку на запрашэнне спікера Сейму, піша Gazeta Wyborcza. Людзей частавалі пампушкамі і блінамі, сярод іх было шмат дзяцей.
Гжэгаж Браўн з партыі «Канфэдэрацыя» кінуўся да ханукальнай меноры з парашковым вогнетушыцелем і дэманстратыўна патушыў свечкі.
«Я прашу перапыніць пасяджэнне і выклікаць намесніка Браўна, каб выдаліць яго з пасяджэння. На польскай зямлі, дзе адбыўся Халакост, няма месца антысеміцкім праявам. Пад дахам польскага парламента!» — сказаў дэпутат Вітольд Зембачыньскі. Ён назваў Браўна «экстрэмістам».

Атмасфера на Cейме напярэдадні. Выступае амбасадар Ізраіля ў Польшчы Якаў Ліўне
Неўзабаве пасля
інцыдэнту на трыбуне Сейма з'явіўся Гжэгаж Браўн, які заявіў, што запальванне меноры
было «сатанінскім актам».
Але спікер Шымон Галаўня выключыў яго з пасяджэння і абвясціў перапынак.
Чым знакаміты Гжэгаж Браўн?
Шымон Галаўня сказаў журналістам, што Браўн, верагодна, заплаціць штраф за свае дзеянні. Іншага, большага пакарання для дэпутата за парушэнне рэгламенту няма.
«Таксама я хачу дакладна заявіць, што на падставе даных маніторынгу, дакладнай кваліфікацыі ўчынку спадара Браўна, на яго будзе пададзеная заява ў пракуратуру, магчыма, паводле артыкулу, які прадугледжвае парушэнне рэлігійных абрадаў», — паведаміў спікер.
На інцыдэнт ужо адрэагаваў амбасадар Ізраіля ў Польшчы Якаў Ліўне.
«Ганьба! Толькі што гэта зрабіў дэпутат польскага парламента. Праз некалькі хвілін пасля таго, як мы там пачалі святкаваць Хануку», — пракаментаваў амбасадар.
«Гэта ганьба. Гэта недапушчальна. Гэта не павінна паўтарыцца», — коратка пракаментаваў інцыдэнт новы прэм'ер-міністр Дональд Туск.
Раней у аўторак Браўн рэтвітнуў паведамленне ў Twitter (X), у якім скардзіўся на прысутнасць габрэйскай сімволікі ў палацах парламента. Паводле яго слоў, Польшчай «кіруюць» людзі, якія служаць іншым народам.
«Канфедэрацыя» — гэта антыеўрапейская і антыўкраінская партыя, якая стаіць за блакадай украінскай мяжы. Тварам страйкаў польскіх перавозчыкаў з’яўляецца кіраўнік люблінскага аддзелу партыі, бізнесовец Рафал Мэклер.

Браўн пакідае сейм. Фота Getty Images
Сам Гжэгаж Браўн,
адзін з лідараў «Канфедэрацыі», вядомы сваімі рэзкімі выказваннямі ў бок
Украіны. Ён заклікаў «спыніць бандэрызацыю Польшчы», а таксама заявіў, што «нас
не будуць вучыць гісторыі немцы і габрэі».
Перад поўнамаштабным уварваннем ён неаднаразова шкадаваў аб пагаршэнні польска-расійскіх адносін, а ў студзені 2022 года быў адзіным дэпутатам Сейма, які не прагаласаваў за рэзалюцыю з заклікам да ЕС і NATO дапамагчы Украіне.
У лістападзе 2022 года віцэ-спікер Сейма Малгажата Гасеўска назвала Браўна «расійскай унучкай» (чалавек, які распаўсюджвае расійскую прапаганду).