«Кожнаму з@сранцу ў калоніі я мусіў дакладваць: «Судаленка Леанід Леанідавіч, схільны да экстрэмізму»
Леанід Судаленка — праваабаронца з Гомеля, кіраўнік гомельскага аддзялення «Вясны». Яму, можна сказаць, збольшага пашанцавала: крымінальную справу супраць яго распачалі яшчэ ў студзені 2021 года, за восем месяцаў да поўнага разгрому праваабарончага цэнтра і арышту яе кіраўнікоў. Калі б Судаленку арыштавалі разам з імі, ён, як і кіраўнік «Вясны», нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі і яго паплечнікі, атрымаў бы тэрмін у дзевяць-дзесяць гадоў. А так-абышлося трыма гадамі, піша расійскае выданне «Новая газета. Еўропа».
Леанід цалкам адседзеў тэрмін у віцебскай калоніі і выйшаў адтуль. Спачатку ён думаў, што па-ранейшаму будзе абараняць правы чалавека і жыць дома з сям'ёй. Ён аднавіў акаўнт у фэйсбуку і пачаў выстаўляць фатаграфіі — выключна побытавыя, зразумела: жонка, мама, лецішча, камін, утульнасць, «дзякуй усім, хто падтрымліваў». Але на радзіме пратрымаўся роўна два тыдні. А потым усё ж з'ехаў у Літву.
— Калі я выходзіў, то спадзяваўся, што выходжу на волю, — распавядае Леанід. — А трапіў з турмы ў турму. Зрэшты, па-іншаму наўрад ці магло быць — давай ужо тады пачнем не з вызвалення, а з самага пачатку, каб усім было зразумела.
Як толькі чалавека арыштоўваюць па палітычным артыкуле і змяшчаюць у СІЗА (у маім выпадку гэта было СІЗА №3 Гомеля), яго адразу ж ставяць на прафулік у парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. Гэта значыць чалавека толькі што арыштавалі, а ён ужо лічыцца схільным да экстрэмізму і захопу закладнікаў. І калі пасля года ў гомельскім цэнтрале мяне прывезлі ў віцебскую калонію, я туды, лічыце, заехаў ужо злосным парушальнікам дзякуючы гэтаму прафуліку.
І так адбываецца з усімі палітычнымі. Адразу пачынаецца прадузятае стаўленне — у ШІЗА можна трапіць за выпадкова расшпілены гузік, за прывітанне ці даклад, які не спадабаецца супрацоўніку. І па дзесяць разоў на дзень кожнаму дваццацігадоваму з@сранцу, які прыйшоў па аб'яве пасля войска працаваць у калонію, я павінен быў дакладваць: «Судаленка Леанід Леанідавіч, схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці».
Яны казалі: ну што ты там, стары, намуціў, не жылося табе спакойна, цяпер вось дакладвай. І зноў, і зноў дакладваеш: «Схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці».
Леанід наогул не спадзяваўся выйсці: за дзесяць дзён да вызвалення яго адправілі ў ШІЗА, і ён быў перакананы, што далей — артыкул 411 аб непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы і новы тэрмін. Нават калі а пятай раніцы, пакуль уся зона яшчэ спала, Судаленка вывелі за КПП і паказалі: вунь, там прыпынак, табе туды, — ён думаў, што цяпер пад'едзе аўтазак або машына з людзьмі ў цывільным, і ўсё пачнецца зноўку. Тым больш што яшчэ падчас адседкі да яго прыязджалі са Следчага камітэта і пагражалі новай крымінальнай справай аб паклёпе ў дачыненні да суддзі (пасля прысуду Леанід пісаў заяву з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці тых, хто «па бязмежжы» пасадзіў яго на тры гады). Тым не менш да дома ён дабраўся шчасна, і ніякіх думак пра эміграцыю ў яго не было.
Судаленка спадзяваўся ўладкаваць сваё жыццё дома. Ён не меркаваў, што сапраўды трапіць з турмы ў турму. Таму што тэрмін скончыўся, а прозвішча ў спісе экстрэмістаў засталося.
— У Беларусі няма працэдуры выключэння з экстрэмісцкага спісу, — тлумачыць Леанід. — Няма куды пісаць заявы, немагчыма аспрэчыць у судзе. Ты трапіў у спіс — і ўсё. Жыві з гэтым, толькі на волі нядоўга працягнеш.
Я прыйшоў станавіцца на ўлік у крымінальна-выканаўчую інспекцыю — як мае быць, на працягу трох сутак з моманту вызвалення, — і мяне абклалі такімі абмежаваннямі, што быццам бы і не выходзіў з калоніі.
Двойчы на дзень да мяне прыходзілі супрацоўнікі міліцыі з відэарэгістратарам і фіксавалі: «А 11:40 знаходзіўся дома». Я кажу: я што, пад хатнім арыштам або на «хіміі»? Я ж накшталт як на волі, у мяне даведка аб вызваленні ёсць. Усё роўна прыходзяць. І кожную нядзелю трэба хадзіць у міліцыю, адзначацца, рапартаваць пра свой лад жыцця, пра сітуацыю з працаўладкаваннем, выслухоўваць іх «прафілактычныя гутаркі» і разумець, што сёння выпусцяць, а ў наступную нядзелю — не факт. Прыйшоў, адзначыўся, даў справаздачу, паглядзеў фільм пра шкоду наркотыкаў.
А ўвечары яны зноў прыходзяць да мяне дадому з відэарэгістратарам. І папярэджваюць, што тэлефон павінен быць заўсёды ўключаны, дамафон павінен быць заўсёды ўключаны. Разумееце, я два з паловай гады ў калоніі пад відэарэгістратар пражыў. І днём, і ноччу. І вось цяпер, калі я фармальна вольны, я зноў вымушаны жыць з відэарэгістратарам. Натуральна, я быў маральна падаўлены, я быў спустошаны. Кожны раз, калі ў дзверы тэлефанавалі са словамі «адчыніце, міліцыя», я быў перакананы, што прыйшлі мяне забіраць. Тым больш што байкера Андрэя Іванюшына, які амаль адначасова са мной вызваліўся з калоніі, праз месяц арыштавалі зноў — за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Ён адседзеў ужо, выйшаў, а цяпер зноў у СІЗА.
Было зразумела, што я доўга на волі не прабуду. І я разумеў, што тэрміны цяпер іншыя. А для мяне новы тэрмін у дзесяць гадоў — гэта ўжо пуцёўка ў адзін канец. Вельмі цяжка было прыняць рашэнне — у мяне сын-школьнік, жонка, цёшча. Але жонка сказала, што ўжо лепш на спатканні будзе ездзіць у Вільню, чым у віцебскую калонію.
Дарэчы, пасля таго як я выехаў, яны і да жонкі маёй
прыходзілі, і нават суседзяў тэрарызавалі пытаннямі, што ім пра мяне вядома.
Урэшце я напісаў у інспекцыю ліст са сваім літоўскім нумарам тэлефона: хай
тэлефануюць, я ім буду даваць справаздачу аб сваім ладзе жыцця і
працаўладкаванні. Мне хаваць няма чаго.