«Чалавека пераследуюць не за тое, што ён зрабіў, а за тое, хто ён ёсць». Былыя адвакаты Ціханоўскага і Бабарыкі — пра палітычны пераслед

Рэжым настолькі напалоханы сваімі апанентамі, што некаторых з іх кінулі за краты яшчэ да пачатку барацьбы за ўладу, а цяпер усе яны пазбаўленыя любой сувязі са знешнім светам.

З вясны няма аніякіх вестак ад «асаблівых» палітвязняў. Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

З вясны няма аніякіх вестак ад «асаблівых» палітвязняў. Ілюстрацыйны калаж «НЧ»

Сярод тысяч палітзняволеных у Беларусі ёсць «асаблівыя». Гэта людзі, якіх улада не проста несправядліва пакарала турмой — насуперак усім нормам права і маралі, насуперак законам чалавечнасці яна пазбавіла іх сувязі са знешнім светам. Што адбываецца з імі ў турме, як яны сябе адчуваюць, у чым маюць патрэбу — невядома не толькі грамадскасці, але нават іх родным. Мы не ведаем дакладную статыстыку такіх зняволеных, але імёны чатырох з іх вельмі гучныя. Гэта два прэтэндэнты на кандыдата на выбарах прэзідэнта 2020 года — Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка. Гэта даўні палітычны апанент Лукашенкі — Мікалай Статкевіч. Гэта Марыя Калеснікава.

На пытанні «Ost-West Media» адказваюць Наталля Мацкевіч і Віктар Мацкевіч — адвакаты, якія абаранялі Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку.

— Вы працавалі ў беларускай адвакатуры шмат гадоў, і бачылі, як увесь гэты час зневажалася сама сутнасць права і законнасці. Бо і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га, і пасля выбараў 2010 года ў Беларусі адбываліся жорсткія «разгоны» мірных дэманстрацый. Бо і тады кандыдаты ў прэзідэнты, супернікі Лукашэнкі, апыналіся ў турме — і было відавочна, што гэта палітычныя працэсы. Улада нібыта ўвесь час прамацвала глебу: да якой мяжы можна дайсці ў сваім беззаконні… І вось — выбары 2020 года: асноўныя супернікі Лукашэнкі — Ціханоўскі і Бабарыка — арыштаваныя нават да рэгістрацыі, арыштаваныя чальцы іх штабоў, дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз затрыманні, тысячы пазбаўленыя волі… Як думаеце, вашы падабаронныя — Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі — наколькі яны ўсведамлялі рэальнасць крымінальнага пераследу? Ці меркавалі яны, што могуць быць прысуджаныя да такіх тэрмінаў — 14 і 19,5 гадоў зняволення?

— Мне падаецца, што нават калі яны — кожны па-свойму — і дапускалі магчымасць арышту, то не думалі, што гэта можа быць расправа, — адказвае Наталля. — Бо і Сяргей Ціханоўскі, і Віктар Бабарыка — абодва яны былі новыя ў палітыцы людзі.


Глядзіце таксама

— Сяргей Ціханоўскі заснаваў YouTube-канал «Страна для жизни» у сакавіку 2019-га і асвятляў на ім пытанні прадпрымальніцтва, а потым пачаў ездзіць па краіне і здымаць відэаролікі на іншыя тэмы. Спачатку ён гаварыў пра тое, што хвалюе людзей у побыце: там не дагледжана, тут не дабудавана, нешта недзе развальваецца… — дадае Віктар. — Агучваў праблемы, каб улада пачула і магла іх вырашыць — ён тады верыў, што гэта магчыма. А потым людзі сталі ісці да яго з іншымі бедамі, і ён пачаў паказваць гісторыі пра незаконныя затрыманні, стаў хадзіць у суды, міліцыю — і зразумеў, што ўлада ставіцца да людзей абыякава, а эканамічныя праблемы не вырашацца, калі не памяняць уладу.

— Усё ж такі падчас свайго блогерства Ціханоўскі камунікаваў са старой беларускай апазіцыяй: рабіў інтэрв’ю з яе прадстаўнікамі і нават зняў фільм пра Плошчу-2010, запісваў сведчанні відавочцаў падзей. Таму ён, калі ўключыўся ў перадвыбарны працэс, усё ж дапускаў магчымасць арышту. Хаця быў вельмі ўпэўнены ў сваіх сілах і верыў, што тая вялізная падтрымка, якую людзі яму аказвалі, абараняе яго, — кажа Наталля. — А вось Віктар Бабарыка — дзіўна, але мне здаецца, што ён наогул не пралічваў такую верагоднасць. Бабарыка нікога не ведаў са «старой апазіцыі». Па-мойму, ён разлічваў на эфектыўны менеджмэнт і быў упэўнены, што сумленная і добра арганізаваная выбарчая кампанія можа забяспечыць поспех. Яго сын Эдуард сабраў каманду маладых людзей, якія сапраўды вельмі эфектыўна працавалі дзякуючы сваёй добрай адукацыі і навыкам. Думаю, Бабарыка як менеджар пралічыў аб’ектыўныя фактары: што ён у стане стварыць каманду, сфармуляваць ідэі перадвыбарчай кампаніі, што людзі гатовыя яго падтрымаць… А вось суб’ектыўны элемент — лом, які можа перашыбіць усялякую логіку — ён, відаць, не прыняў у разлік.

Трэба сказаць, што да Ціханоўскага я прыйшла, калі ён ужо быў затрыманы. А ў офіс перадвыбарчага штабу Бабарыкі мы, адвакаты па крымінальных справах, прыйшлі заключаць дамовы раней, да яго затрымання. І не ўсе ў штабе былі задаволеныя нашым з’яўленнем. Мой калега тлумачыў Віктару Дзмітрыевічу, як сябе паводзіць на першым допыце, што можа адбывацца пасля затрымання, якую вопратку трэба падрыхтаваць, — а хтосьці з чальцоў каманды казаў: «Што вы тут, адвакаты, ходзіце і палохаеце сваімі папярэджаннямі, у нас так усё на пазітыве, мы так усё канструктыўна вырашаем». А мы, між тым, былі гатовыя да ўсяго.

— Я разумею логіку Віктара Дзмітрыевіча. Чалавек з’яўляецца кіраўніком найбуйнейшага банка, — тлумачыць Віктар. — Вельмі моцнага, магутнага, дзе ўсё падпарадкоўваецца законам. Дзе ўсе аперацыі, пагадненні — усё заснавана на законе і прафесійным кіраванні, таму банк квітнее. І чалавек, які разумее, што ўсё павінна быць заснавана на законе, мяркуе, што, у прынцыпе, і ў дзяржаве ўсё працуе гэтак жа.

— У Бабарыкі ж і перадвыбарная рыторыка была вельмі пазітыўная, не наўпроставая крытыка ўлады. Ён гаварыў толькі пра тое, што трэба змяніць, каб краіна стала лепшай. І гаварыў вельмі акуратна, — заўважае Наталля.

 — Якую аргументацыю вы выкарыстоўвалі, калі абаранялі Ціханоўскага і Бабарыку ў судзе?

— Сяргея Ціханоўскага судзілі менавіта за тое, што ён сказаў як блогер. Нічога больш не было — толькі словы! Следчы камітэт так і агучваў: усё, што Ціханоўскі рабіў падчас сваіх відэа, публічных выступаў, з’яўляецца «распальваннем варожасці», «заклікамі да масавых беспарадкаў» і г. д. Практычна ўсё, што ён нагаварыў з 2019 года, як высветлілася, было нібыта «экстрэмізмам». Бо гэта, паводле версіі абвінавачання, «прывяло да масавых беспарадкаў». Логіка такая: чалавек нешта казаў з 2019 года да свайго арышту 30 траўня 2020 года — і пад гэтым уплывам 9 жніўня адбыліся масавыя беспарадкі, — расказвае адвакатка пра справу Ціханоўскага. — Хаця, калі згадаем, Ціханоўскі не да пратэстаў заклікаў, тым больш, не заклікаў да беспарадкаў. Ён не гаварыў: галасуйце, а потым ідзіце на плошчу. Ён казаў: не хадзіце на выбары! Няхай усе ўбачаць, што выбары не адбыліся. Давайце не будзем галасаваць, казаў ён, не зойдзем на ўчасткі — і паглядзім, як жа яны падлічаць галасы, калі нас там не было. Вось якая была яго ідэя.


Глядзіце таксама

А потым, калі ён ужо сядзеў, людзі сабралі подпісы, пайшлі, прагаласавалі і выйшлі на вуліцы. Прычым, выйшлі перадусім з-за таго, што ўлады ўчынілі гвалт. Таму, калі казаць пра пратэсты, дык увогуле вельмі складана зразумець, да чаго тут словы Ціханоўскага.

Паводле міжнароднай практыкі, пазбаўленне волі можа быць апраўданым толькі за гвалтоўныя дзеянні, а калі ў турму садзяць за словы, то гэта амаль заўсёды — парушэнне свабоды выказвання меркавання, празмернае пакаранне. Таму абарона Ціханоўскага — цалкам праваабарончая справа, што было зразумела з моманту яго затрымання на мірным пікеце.

З абаронай Віктара Бабарыкі было больш складана. Ён жа не гаварыў нічога, што можна было б хоць неяк трактаваць як крытыку або некарэктнае выказванне. Таму яго прыцягнулі за нібыта «карупцыйнае злачынства». Частка абароны палягала ў аспрэчванні эканамічных прыкмет складу злачынства, і гэтым пераважна займаліся мае калегі. Я ж павінна была паказаць, што мэтай прыцягнення да крымінальнай адказнасці было не пакараць Бабарыку за нейкае злачыннае дзеянне, а — прыбраць яго з выбараў. Гэта тое, што ў заходняй сістэме правасуддзя называецца «зламысны пераслед» — калі чалавека пераследуюць не за тое, што ён зрабіў, а за тое, хто ён ёсць.

 — Вы, у такім выпадку, выходзілі на слізкую сцежку — нехта мусіў быў быць выкрыты ў зламыснасці…

— Мы не можам абвінавачваць канкрэтных людзей, кіруючыся прэзумпцыяй невінаватасці, але я паказвала на фактах, у тым ліку, з медыя: што публічна сказаў Лукашэнка, што на гэта сказаў Бабарыка, што Лукашэнка ў сваю чаргу адказаў… — тлумачыць Наталля Мацкевіч. — Паміж імі фактычна на працягу некаторага часу ішла палітычная палеміка. І дзіўным чынам яна супала па часе з арыштам Бабарыкі. Ну, напрыклад, былі выказванні Лукашэнкі такога кшталту, што Бабарыка махлярскім шляхам атрымаў грошы. Альбо вось на нарадзе па кадравых пытаннях ён кажа, што «за грошы расійскіх алігархаў да ўлады ў краіне вядуць вось гэтую так званую радыкальную апазіцыю Беларусі» — і папярэджвае, што краіну нікому не аддасць. На наступны дзень Бабарыка адказвае, што «ніхто не мае права прысабечваць нашу краіну».

Акрамя таго, на судзе я гаварыла пра манеру расследавання: як груба парушаліся працэсуальныя правы, што не ўлічваліся версіі невінаватасці, наколькі следства ішло па шляху абвінаваўчым, не давала магчымасці абараняцца і ігнаравала ўсё, што пацвярджала невінаватасць Бабарыкі.

У мяне была не палітычная прамова. Я прамаўляла на мове права. Працэс быў адкрытым, і мы паказалі людзям, наколькі неабгрунтаванымі былі эканамічныя абвінавачанні, наколькі відавочным — палітычны кантэкст. Мне падаецца, што менавіта таму, што голасу адвакатаў у гэтым і іншых падобных працэсах людзі верылі больш, чым абвінавачанням і прысудам, працэсы потым сталі закрывацца. Суд па справе Ціханоўскага, які пачаўся ў чэрвені 2021-га, праходзіў ужо за сценамі гомельскага СІЗА.

— А Вас пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

— Усе адвакаты, якія працавалі з Бабарыкам, больш не маюць ліцэнзій. Максім Знак асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі ў 2020-м, Дзмітрыя Лаеўскага, мяне і Яўгена Пыльчанку — летам і восенню 2021 года, пасля суда. Віктар Мацкевіч быў дыскваліфікаваны ў снежні 2022-га. А «апошні» адвакат Бабарыкі быў затрыманы ў сакавіку 2023 года і пасля пакінуў адвакатуру і краіну, — гаворыць Наталля.

У Ціханоўскага таксама ўсіх абаронцаў прыбралі: Вольга Баранчык не атэставаная вясной 2021 года, мяне прыбралі з працэсу ў кастрычніку 2021-га, праз год — Віктара Мацкевіча. Інэсу Аленскую затрымалі 20 сакавіка 2023 года, і яна не прайшла атэстацыю.


Глядзіце таксама

Дык вось, 11 кастрычніка 2021 года я апошні раз была ў працэсе па справе Сяргея Ціханоўскага. Увечары гэтага дня мяне адхілілі ад працы па загадзе Міністэрства юстыцыі, якое ўзбудзіла дысцыплінарную вытворчасць, а потым выключылі з калегіі адвакатаў. Калі мяне пазбавілі ліцэнзіі, усю працу на сябе ўзяў Віктар Мацкевіч. Ціханоўскага мы абаранялі з ім разам з першага дня, а абарону Бабарыкі ён прыняў ужо пасля таго, як мяне пазбавілі статусу, і больш за год яшчэ працягваў абараняць абодвух.

— Яшчэ былі нейкія спадзяванні, што вашым падабаронным можна дапамагчы?

— Калі я прыняў абарону Віктара Бабарыка, ён ужо знаходзіўся ў калоніі, — кажа Віктар Мацкевіч. — Ужо была пададзеная скарга па яго справе ў Камітэт па правах чалавека ААН. Таму мая абарона палягала ў тым, каб на стадыі выканання пакарання аказваць яму юрыдычную дапамогу. Паколькі да яго была асаблівая ўвага з боку адміністрацыі калоніі…

— Нікому ў калоніі нельга было размаўляць з Бабарыкам, да яго забаронена было падыходзіць пад пагрозай пакарання, — дадае Наталля. — Тыя, хто спрабаваў яму сумку паднесці ці з ім загаварыць, змяшчаліся ў ШІЗА.

А Ціханоўскі ўвесь час сядзеў у адзіночнай камеры. І, акрамя канваіраў, адвакаты былі адзінымі людзьмі, якіх ён бачыў. Мы забяспечвалі яму і юрыдычную дапамогу, і чалавечыя адносіны.


Глядзіце таксама

І пакуль Віктара таксама не пазбавілі ліцэнзіі, ён прыязджаў і да Ціханоўскага, і да Бабарыкі, ён іх бачыў, і калі на кагосьці там ціск узмацняўся, дык знаходзіў нейкія спосабы рэагавання: ішоў на прыём да пракурора, звяртаўся са скаргай у суд… Так, Ціханоўскі адзін у камеры, у Бабарыкі цяжкая праца — але мы ведалі, што яны цэлыя маральна і фізічна. Яшчэ летась ім амаль перасталі аддаваць пошту, але заставаўся хаця б тоненькі струменьчык — лісты ад родных.

А вось што з імі зараз? Ад сакавіка гэтага года мы ўжо нічога пра іх не ведаем. Ні лістоў, ні званкоў, ні адвакатаў, аніякай сувязі з навакольным светам. Яны цалкам ізаляваныя. Невядома, ці жывыя яны ўвогуле.

Цалкам інтэрв'ю з былымі адвакатамі Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі можна пачытаць тут.