«Самы сур’ёзны супернік Лукашэнкі»: Віктару Бабарыку — 60 гадоў

Турма, калонія, ШІЗА, ПКТ, адзіночная камера. У такіх умовах палітвязень Віктар Бабарыка, які кінуў у 2020 годзе выклік Лукашэнку, сустракае сваё 60-годдзе.

babaryka_16.avif

«Свабода» расказвае, што вядома пра былога банкіра і прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду.

У 2020 годзе Віктар Бабарыка заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Вынікам такога выкліку сталі зьняволеньне самога Бабарыкі, ягонага сына, чальцоў каманды, сяброў. З красавіка 2023 году нічога не вядома ані пра самога экс-банкіра, ані пра ягоны стан здароўя.

«Я размаўляла зь людзьмі, калі подпісы зьбіралі за кандыдатаў. Усе хацелі нейкага іншага чалавека, нават не з апазыцыі, а нейкага іншага чалавека, які меў доказы, што ён можа рабіць справу. Віктар Бабарыка акурат і быў такім чалавекам. Нягледзячы на тое, што вонкава ён нібы... поўны чалавек, здавалася, што ў яго няма сілы для такой вялікай барацьбы, не, ён аказаўся здольным на гэта», — ахарактарызавала палітвязьня Сьвятлана Алексіевіч.

Яна мела асабістыя сустрэчы з былым банкірам. Пісьменьніца кажа, што ёй спадабаліся словы Віктара Бабарыкі пра тое, што яго такім, які ёсьць, зрабіла жонка.

«Мужчына, які здольны такое сказаць, гэта дзівосны мужчына. Зь ім было цікава гаварыць, у яго былі цікавыя погляды, ён шмат чытаў, шмат думаў», успамінае пісьменьніца.

Яна выказала думку, што«яны яго ніколі не зламаюць, гэта ня той чалавек, якога можна зламаць».

«Нават коштам жыцьця, мне здаецца, ён не саступіць, хаця мы бачым, як яго прыніжаюць. Яго з гіпэртаніяй прымушалі ля печы хлеб пячы, а там высокая тэмпэратура. Яшчэ нейкія розныя працы былі, якія яму не па сілах. Можна сказаць, што гэта забойства, для забойства ёсьць многа спосабаў. Але мы з вамі ніколі ня чулі, каб ён завагаўся — ні ён, ні ягоны сын (яны былі сябры, і яны заўсёды былі разам, і там яны разам). Я ўпэўнена, што сяброўства іх непахіснае. Гэтыя людзі не здаюцца, яна застаюцца сымбалем барадзьбы», — дадала Сьвятлана Алексіевіч. 

Віктар Бабарыка на прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня 2020 году

Віктар Бабарыка на прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня 2020 году

Рыхтуюць для пераводу на «крытую» турму?

Былы палітвязень Валянцін Лабачоў перасякаўся зь Віктарам Бабарыкам у наваполацкай калёніі. Там ён быў да зімы 2023 году.

«Тады яшчэ Віктар Бабарыка выглядаў бадзёра. Нікому нельга было кантактаваць зь ім. Цяпер, наколькі я ведаю ад сваіх крыніцаў, якія вызваліліся адтуль, ён у адзіночнай камэры ПКТ (памяшканьня камэрнага тыпу). Мае крыніцы кажуць, што яго рыхтуюць для пераводу на «крытую» турму», — падзяліўся былы палітзьняволены. Ён дадаў, што «з ПКТ у атрад ніхто не вяртаецца — такая статыстыка. Толькі на «крытую», дзе могуць сядзець да трох гадоў і потым вярнуцца назад у калёнію».

Ён лічыць, што Бабарыку знарок трымаюць у адзіночнай камэры, каб пра яго ніхто нічога ня ведаў.

Адзіночная камэра і поўная ізаляцыя ад усяго сьвету

Былы палітвязень, блогер Аляксандар Кабанаў мае інфармацыю, што Віктара Бабарыку не перавядуць на «крытую» турму, а па максымуме будуць трымаць у ПКТ, у адзіночнай камэры.

«Думаю, будзе так — паўгода ў ПКТ, потым чалавек выйдзе, але праз 2-3 тыдні можа зноў апынуцца ў ПКТ за «парушэньні», якія яму напішуць. Ад пачатку адміністрацыя калёніі ізалявала яго ад іншых вязьняў. Бо ім не падабаюцца людзі, якія маюць хоць нейкі ўплыў, і ня толькі палітычныя, але і крымінальнікі», — кажа былы вязень.

Аляксандар Кабанаў

Аляксандар Кабанаў

Кабанаў зазначае, што рашэньні аб Бабарыку прымаюць не ў калёніі, адміністрацыя атрымлівае іх «зьверху».

«Гэта можа быць КДБ ці адміністрацыя Лукашэнкі. Туды, «наверх» адміністрацыя дакладае пра Бабарыку, і там аб ім прымаюць рашэньні. Я не Бабарыка, але мне опэр неяк прагаварыўся, што па мне тэлефануюць «зьверху», і яны дакладаюць пра мяне», — патлумачыў Аляксандар Кабанаў.

Ён кажа, што ў калёніі, калі Бабарыка яшчэ ня быў на ПКТ, вакол яго круцілася шмат стукачоў. Людзей жа, якія ці размаўлялі з супернікам Лукашэнкі, ці проста віталіся, адпраўлялі ў ШІЗА.

«Быў такі выпадак, што за кантакт зь ім чалавек трапіў у ШІЗА. Дык Бабарыка запісаўся на прыём да начальніка калёніі, каб прасіць за таго чалавека. Ня ведаю, чым кончылася тая гутарка, але факт такі быў», — зазначыў блогер.

Чаму Бабарыка ў поўнай ізаляцыі? «Таму што крымінальнікі могуць на тэлефанаваньнях, якія опэры не кантралююць, перадаць вонкі нейкую інфармацыю пра яго ці ад яго. Палітычных праслухоўваюць, таму палітычны нічога ня скажа, крымінальнікаў — не», — дадаў Кабанаў.

Хроніка перасьледу Віктара Бабарыкі

12 траўня 2020 году старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка абвесьціў, што вылучае сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкія выбары. У лічаныя дні вакол яго сабралася вялікая каманда аднадумцаў. Бабарыка пакінуў сваю пасаду, каманда сабрала рэкордную колькасьць подпісаў — больш за 435 тысячаў.

11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаніяў, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных справаў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Віктар Бабарыка ў судзе, 2021 год

Віктар Бабарыка ў судзе, 2021 год

18 чэрвеня 2020 году Віктара Бабарыку разам зь ягоным сынам Эдуардам, кіраўніком выбарчага штабу, затрымалі, калі яны везьлі подпісы ў Цэнтарвыбаркам. Іх утрымлівалі спачатку ў «Амэрыканцы» (сьледчым ізалятары КДБ), потым у СІЗА на вуліцы Валадарскага.

6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд агучыў вырак палітвязьню, экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктару Бабарыку. Судзьдзя Вярхоўнага суду Ігар Любавіцкі прызначыў для Віктара Бабарыкі пакараньне — 14 гадоў зьняволеньня. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч.2 арт. 235 КК).

ШІЗА, ПКТ і невядомасьць

Пасьля прысуду Бабарыку вельмі хутка этапавалі ў наваполацкую калёнію. Адразу ж паставілі працаваць апальшчыкам у пякарні, 6 дзён на тыдзень. За першы месяц працы вязень зарабіў 6 рублёў 41 капейку, пасьля ўсіх утрыманьняў яму выплацілі 1 рубель 60 капеек. У верасьні ён нават прайшоў атэстацыю па спэцыяльнасьці. Але на наступны ж дзень яго перавялі на новую пасаду — укладчыка хлебабулачных вырабаў. Тэмпэратура нават з выключанымі печамі перавышала 30 градусаў, памяшканьне не вэнтылюецца, вокны адчыняць нельга. Бабарыку забаранілі рабіць фізычныя практыкаваньні падчас перапынкаў.

21 сакавіка 2022 году Віктара Бабарыку паставілі ў калёніі на прафіляктычны ўлік як «асобу, схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў». З таго часу ён павінен насіць на вопратцы жоўтую бірку.

27 сакавіка 2022 году быў апублікаваны фрагмэнт аднаго зь лістоў палітыка: «У мяне ўсё без асаблівых зьменаў. Адбываецца ўзмацненьне жорсткасьці рэжыму і пошук дробязяў для разнастайных пакараньняў і дадатковых абмежаваньняў, але яны ўсе перажываюцца. Часу пакідаюць усё менш і менш, але зламаць чалавека, калі ён гатовы супраціўляцца, ня так проста».

Палітвязьня пастаянна каралі за прыдуманыя правіны.

Пятага траўня 2022 году сваякі даведаліся, што палітвязьня зьмясьцілі ў ШІЗА на 20 дзён.

Другога ліпеня палітвязень выйшаў з ШІЗА, у якім правёў яшчэ 10 дзён.

Першага сьнежня 2022 году стала вядома, што Віктара Бабарыку перавялі на новую, яшчэ больш цяжкую і шкодную працу — выпальваць драўняны вугаль. 6 дзён на тыдзень па 9 гадзінаў ён павінен знаходзіцца на вуліцы бяз доступу да бытавога памяшканьня. 

Больш за год пазбаўлены ўсіх лістоў і пасылак

25 красавіка 2023 году стала вядома, што ўначы Бабарыка паступіў у шпіталь у Наваполацку з дыягназам «пнэўматоракс», на ім таксама былі сьляды пабіцьця. Па заключэньні мэдыкаў, пацыенту неабходнае сур’ёзнае лячэньне. Аднак ужо 27 красавіка экс-банкіра нібыта вярнулі ў калёнію. Родныя неаднаразова зьвярталіся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, але іх альбо не прымалі, альбо паведамлялі, што вязень працягвае адбываць пакараньне.

У адрозьненьне ад Марыі Калесьнікавай, да якой пасьля апэрацыі дапусьцілі бацьку, Віктара Бабарыку з красавіка 2023 году ніхто ня бачыў. Паводле сьведчаньняў былых вязьняў наваполацкай калёніі, якія выйшлі на волю, ён утрымліваецца ў адзіночцы ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу) у рэжыме «інкамунікадо» — бяз сувязі з вонкавым сьветам.

Шэсьць адвакатаў Віктара Бабарыкі пазбавілі ліцэнзіяў, Максіма Знака асудзілі на 10 гадоў. 

Што з адвакатамі Віктара Бабарыкі

Дзевятага верасьня 2020 году затрымалі адвакатаў Бабарыкі Максіма Знака і Ільлю Салея. (Максіма Знака ў верасьні 2021 году асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі за «змову з мэтай захопу ўлады» і «экстрэмізм». Ільлю Салея зьмясьцілі пад хатні арышт, пазьней ён выехаў зь Беларусі.)

У кастрычніку 2020 году пазбавілі ліцэнзіі адваката Бабарыкі Аляксандра Пыльчанку. 9 ліпеня 2021 году, праз два дні пасьля абвяшчэньня прысуду, пазбавілі адвакацкага статусу і адваката Дзьмітрыя Лаеўскага. 13 кастрычніка 2021 году адхілілі ад працы адвакатку Натальлю Мацкевіч. 20 кастрычніка 2021 году Віктар Бабарыка застаўся зусім без адвакатаў — апошняга, Яўгена Пыльчанку, адхілілі ад працы і таксама пазбавілі ліцэнзіі.

Пазьней спрабаваў абараняць Бабарыку адвакат Іван Чыжык, але яго ні разу не пусьцілі ў калёнію, а ў сакавіку 2023 году, калі быў чарговы «хапун», затрымалі. Як і ўсе астатнія «знакавыя» палітвязьні, Віктар Бабарыка застаўся без абаронцы.