Затрыманы гендырэктар БЕЛАЗа?

На заводзе актыўна абмяркоўваюць затрыманне, аднак ніякіх афіцыйных абвестак дагэтуль не было. Чатыры дні журналісты спрабавалі адшукаць гендырэктара БЕЛАЗа Сяргея Нікіфаровіча — і вось што даведаліся.

Сяргей Нікіфаровіч выступае на стратэгічнай сесіі XII Пецярбургскага міжнароднага газавага форуму, Санкт Пецярбург, Расія, 1 лістапада 2023 года. Фота: belaz.by

Сяргей Нікіфаровіч выступае на стратэгічнай сесіі XII Пецярбургскага міжнароднага газавага форуму, Санкт Пецярбург, Расія, 1 лістапада 2023 года. Фота: belaz.by

Некалькі не звязаных паміж сабой крыніц, якія працуюць на БЕЛАЗе, паведамілі «Люстэрку», што затрыманы генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Нікіфаровіч.

Пазней стала вядома, што на заводзе актыўна абмяркоўваюць гэтую тэму, аднак ніякіх афіцыйных абвестак дагэтуль не было. Журналісты высветлілі, што кіраўніка на працоўным месцы няма — і невядома, калі ён вернецца. Расказваем падрабязнасці.

Як распавялі крыніцы, Сяргей Нікіфаровіч быў затрыманы ўвечары 15 снежня. Суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што з таго часу топ-менеджар завода знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Адна з магчымых прычын — карупцыя.

Пры гэтым афіцыйных паведамленняў аб затрыманні дырэктара БЕЛАЗа не было ні ад сілавікоў, ні ад Аляксандра Лукашэнкі, які любіць самастойна паведамляць пра такія рэзанансныя справы.

У панядзелак, 18 снежня, журналіст пад выглядам звычайнага беларуса патэлефанаваў у прыёмную Нікіфаровіча. Там заявілі, што яго на працоўным месцы няма.

— Сяргей Алегавіч на нарадзе, — сказала сакратарка. Пасля ў той дзень, як і ў аўторак, слухаўку ў прыёмнай не здымалі.

У сераду, адказваючы на прамое пытанне, ці затрыманы Нікіфаровіч, сакратарка заявіла, што ёй нічога пра гэта невядома:

— На працоўным месцы Сяргея Алегавіча цяпер няма, але пра тое, што яго затрымалі, я нічога не ведаю. Дзякуй, што сказалі.

21 снежня журналісты распачалі апошнюю на дадзены момант спробу знайсці Нікіфаровіча: пад выглядам сакратара аднаго з расійскіх партнёраў прадпрыемства наша журналістка патэлефанавала ў яго прыёмную і паспрабавала прызначыць сустрэчу.

— Да Новага года дакладна не. Сяргей Алегавіч у адпачынку. Вось пасля і тэлефануйце, калі ласка, — сказала сакратарка генеральнага дырэктара, параіўшы звязацца пасля 8 студзеня, калі БЕЛАЗ выйдзе з вакацый.

З панядзелка па чацвер журналісты таксама спрабавалі датэлефанавацца на мабільны тэлефон генеральнага дырэктара, аднак ён не падняў слухаўку.

Сяргей Нікіфаровіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў Жодзіне. Працоўную кар'еру пачаў на БЕЛАЗе на пасадзе майстра ўчастка. З 2015 па 2017 год быў намеснікам старшыні Жодзінскага гарвыканкама, затым перайшоў на працу ў Пінскае ААТ «Кузлітмаш», дзе спачатку працаваў намеснікам дырэктара, а пазней узначаліў прадпрыемства. 21 верасня 2020 года яго прызначалі генеральным дырэктарам ААТ «БЕЛАЗ — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ».