Хронікі рэпрэсій за 22 снежня
Новыя паўнамоцтвы ў супрацоўнікаў КДБ, затрыманні і суды — галоўныя навіны дня знутры Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1135 дзён, Дзяніс — 1015 дзён.
***
Супрацоўнікаў КДБ надзялілі новымі паўнамоцтвамі. Яны змогуць складаць пратаколы па адміністрацыйных правапарушэннях. Адпаведную пастанову апублікавалі на Нацыянальным прававым партале, піша «Медыязона».
Згодна з пастановай, супрацоўнікі ведамства змогуць складаць пратаколы і весці справы па шэрагу адміністрацыйных артыкулаў. Напрыклад, за «распаўсюд нацысцкай сімволікі» (арт. 19.10 КаАП) і распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).
У сярэдзіне снежня Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў законы аб барацьбе з тэрарызмам, якія дазваляюць супрацоўнікам КДБ страляць у натоўпе.
***
Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя акалічнасці затрымання 57-гадовай Ірыны Сапрыгінай. Гэта адбылося 30 кастрычніка 2023 года ў Мазыры, дзе яна жыве. Да жанчыны прыехалі людзі ў масках, правялі ператрус, а затым затрымалі яе па крымінальнай справе ў межах арт.368 КК («Абраза Лукашэнкі»). Спачатку Ірына знаходзілася ў ІЧУ на Акрэсціна некалькі дзён, затым яе перавялі ў Жодзіна, аднак цяпер месцазнаходжанне жанчыны невядомае: яе павінны былі перавесці ў СІЗА горада Гомеля, але там кажуць, што яе няма.
За час знаходжання на Акрэсціна Сапрыгіна двойчы перахварэла віруснымі захворваннямі, аднак не атрымлівала належнага лячэння.
Вядома, што Ірына Сапрыгіна ў апошні год знаходзілася дома, бо даглядала за сваёй 83-гадовай маці — ліквідатаркай ЧАЭС, што мае інваліднасць другой групы. Маці Сапрыгінай не можа заставацца адна праз стан здароўя (яна невідушчая), а іншых сваякоў у яе няма. Тым не менш Ірыне не змянілі меру стрымання са змяшчэння пад варту на паручальніцтва. Вядома таксама, што да маці Сапрыгінай прыходзіў міліцыянт і пытаўся пра яе стаўленне да Украіны і Ізраіля.
***
Палітвязня Паўла Вінаградава перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на 1 год, напісала ў сацсетках яго жонка. Яго новы адрас: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Турма-1.
У сакавіку 2022 года Мінскі абласны суд прысудзіў актывіста Паўла Вінаградава да 5 гадоў калоніі. Пры турэмным рэжыме зняволеныя практычна ўвесь час знаходзяцца ў камерах, паведамляе «Салідарнасць».
***
20 снежня Магілёўскі абласны суд прысудзіў Аляксандра Кулікова да чатырох гадоў калоніі за спробу далучыцца да палка Каліноўскага. Раней магілёўца асудзілі на тры гады калоніі, піша «Вясна».
Магілёўца судзілі па трох артыкулах. Кулікова абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), удзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы (ч. 1 арт. 361-3 КК) і «праходжанні падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-5 КК). Шляхам накладання прысудаў агульны тэрмін зняволення склаў 4,5 года.
13 снежня дзяржканал «Беларусь 1» выпусціў фільм пра Аляксандра Кулікова. У ім 53-гадовы мужчына расказаў, што выехаў з Беларусі ў Польшчу праз пагрозу крымінальнага пераследу. У гэтым, як ён сказаў на камеру, яму дапамог Аляксандр Азараў. «Прыяцель з Кіева» адправіў Кулікову анкету для ўступлення ў полк Каліноўскага, ён яе запоўніў. Колькі часу Кулікоў правёў ва Украіне, не ўдакладняецца. У фільме выкарыстоўваюць кадры допыту магілёўца на польска-беларускай мяжы.
***
Паводле звестак «Медыязоны», праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа затрымання беларуса за ўдзел у пратэстах 2020 года. У роліку паказана зброя, якую знайшлі пры ператрусе ў яго дома. На камеру затрыманы кажа, што хадзіў на мітынгі. У чым канкрэтна абвінавачваюць мужчыну, невядома.
Таксама затрымана віцяблянка за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». У чым менавіта абвінавачваюць жанчыну, невядома. Аўтары відэароліка сцвярджаюць, што затрыманую змясцілі ў ІЧУ.
***
Вячаслава Ганчарэнку, пастара ліквідаванай уладамі пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», выклікалі ў Следчы камітэт, пішуць праваабаронцы.
Раней яго неаднаразова затрымлівала міліцыя: у жніўні 2023 года і верасні 2022 года. Сайт царквы і яе старонкі ў сацсетках былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».
***
Суд Віцебскага раёна прысудзіў мясцовага жыхара Сяргея Зайцава да 1,5 гадоў калоніі і штрафу ў 3 700 рублёў па абвінавачанні ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Пра гэта піша «Віцебская вясна».
Паводле абвінавачання, 38-гадовы мужчына пакінуў у «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале два каментары пра міліцыянтаў. Адно з паведамленняў ён напісаў, знаходзячыся ў Расіі.
На судзе Зайцаў прызнаў віну, але сказаў, што «не ведаў, што пацярпелыя з'яўляюцца прадстаўнікамі ўлады».
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 312 дзён, Максіма Знака — 316 дзён, Мікалая Статкевіча — 315 дзён, Ігара Лосіка — 306 дзён, Віктара Бабарыкі — 242 дні, Сяргея Ціханоўскага — 171 дзень, Уладзіміра Гундара — 140 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1483 палітвязні. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1655 чалавек. Сярод іх — 184 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.