Як сябе сёння адчувае беларуская музыка? Меркаванні экспертаў
Ці ўплывае сітуацыя ў краіне на творцаў? Ці дастаткова ім свабоднай прасторы і магчымасцей для выказвання?
Што цяпер
Аляксандр Чарнуха: Калі коратка, то беларускай музычнай індустрыі няма. Індустрыя — гэта механізм, які адладжаны і працуе. Гэта бізнес, які функцыянуе на пэўных прафесійных рэйках. Беларуская музыка — гэта нешта, што існуе цяпер само па сабе. Проста з'яўляюцца гурты. Як правіла, у іх няма прафесійнага менеджменту. Яны з'яўляюцца, знікаюць, і толькі нешматлікія з іх сапраўды трапляюць у грамадскую прастору і дамагаюцца поспеху.
Калі казаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, то ў Беларусі цяпер з'яўляецца шмат цікавых гуртоў, нават калі для іх няма ўмоў. Таксама засталіся ўсяго дзве-тры канцэртныя пляцоўкі, дзе час ад часу адбываюцца падзеі.
У Беларусі вельмі складана атрымаць гастрольнае пасведчанне на правядзенне канцэрта беларускіх гуртоў. У асноўным у Беларусі выступаюць расійскія гурты і выканаўцы.
Што тычыцца беларускай музыкі за мяжой, яна цяпер існуе ў гастрольным варыянце. Выходзіць вельмі мала альбомаў, вельмі мала новых праграм. Я думаю, што гэта рэсурс, які высільваецца, і беларуская публіка хутка можа стаміцца.
Сяргей Будкін: Калі вельмі коратка і адным словам, то гэта можна пазначыць як «капец». Нават больш эмацыйна.
Калі паглядзець на ўсё зверху, то ўнутры краіны ўсё знішчаецца: у большасці дзеячаў мастацтва, уключаючы музыкаў, ёсць праблемы з выхадам на сцэну, з творчым самавыяўленнем, то-бок цэнзура, забарона на прафесію, немагчыма існаваць публічна ў гэтай прасторы з розных прычын.
І ў Беларусі, і за мяжой, беларускім дзеячам даводзіцца выжываць: даводзіцца працаваць на будоўлях, у таксі і гэтак далей. Але калі змяніць оптыку і паглядзець глыбей, то мы ўбачым, што адбываецца перафарматаванне культурнага поля, і кожны шукае сябе новым спосабам.
Назапашаны творчы і сацыяльны капітал не працуюць, але гэта можа стаць выклікам для дзеячаў культуры, каб знайсці той фармат існавання, дзе яны могуць праявіць сябе. Няважна, за мяжой або ўнутры. Тут важна, што можна пачаць з нуля, можна выкарыстоўваць абставіны сабе на карысць.
Ала Алоэ: Ёсць выдатныя прыклады, калі медыя становіцца «бустэр». Калі ваш трэк узлятае на YouTube, TikTok, Instagram, і вы можаце быць проста звычайным хлопцам з Мінска, але ў вас ахоп 10-20 мільёнаў. Зараз тэхналогіі не звяртаюць увагі, дзе вы знаходзіцеся і дзе запісалі свой кліп, відэа ці песню.
Я думаю, што гэтыя брыльянты, якія з'явіліся ў нас цяпер, гэта вынік абмежаванняў, якія заўсёды былі з намі. Беларускі прадукт, ён тым і ўнікальны тым, што ён звышкрэатыўны.
Калі ты жывеш у развітым грамадстве, то ў цябе ёсць і музычныя інстытуты, і студыі, і школа па прадзюсаванні, прасоўванні, і канцэрты, і праграмы, і гранты, і фестывалі, якія падтрымліваюць моладзь. Творчасць беларускіх музыкаў нараджалася там, дзе, здаецца, нічога геніяльнага не магло з'явіцца, але яны ўзляцелі, яны сталі папулярнымі.
Як дапамагчы?
— Вельмі важная цяпер інфармацыйная падтрымка праз медыйныя каналы, — гаворыць Аляксандр Чарнуха. — Перш за ўсё для моладзі, таму што ў іх няма стартавых пляцовак.
У Беларусі было шмат спецыялізаваных музычных медыя. Былі «Tuzin.FM», «Ultra Music», «Experty.by», «Rap.by», музычная рэдакцыя «Еўрарадыё» і шмат чаго яшчэ, але гэта было раней. Цяпер ёсць некаторыя Telegram-каналы або YouTube-праекты, якія гавораць пра беларускую музыку. Але гэтага мала. Вельмі мала спецыялізаваных медыя, якія б проста давалі гэтую стартавую пляцоўку маладым артыстам.
Акрамя таго, ахоп на YouTube. Гэта таксама праца, гэта праца людзей, якія разумеюць, як працуе гэты алгарытм, як патрапіць на вочы, у вушы сваёй аўдыторыі. Гэта калі, вядома, музыка хоча заставацца ў беларускім полі.
— Свежы прыклад — альбом гурта «Polyn» Іллі Чарапко і хлопцаў з «Port Mone», — дадае Аляксандр Багданаў. — Ён выйшаў толькі пасля таго, як мы адправілі іх у рэзідэнцыю. Да гэтага яны былі ў Беларусі і не маглі знайсці ні сродкі, ні творчыя сілы.
Таму што там такая сітуацыя, што вы не можаце ствараць і тварыць. Музыкі, якія жывуць у Беларусі, расказваюць пра гэта
— Калі казаць пра 2023 год, пакуль можна падарожнічаць, то гэта магчымасць для супрацоўніцтва, для павышэння ўзроўню, для пошуку нестандартных праграм падтрымкі для артыстаў, — упэўнены Сяргей Будкін. — Гэта можа быць праца над сабой, у рэшце рэшт. Гэта не праца «ў стол», але гэта можа быць нават даследчая дзейнасць, якая потым стане асновай для канцэптуальнага альбома.
Пры адкрытых архівах і адкрытых межах ужо ёсць некалькі варыянтаў іх рэалізацыі. Таму мне здаецца, што тут адзіны момант, што вельмі складана стварыць атмасферу свабоды, якая неабходная для творчасці.
Калі гэта заявы, то яны павінны праходзіць праз некалькі узроўняў цэнзуры. Самы складаны ўзровень цэнзуры — гэта самацэнзура, калі чалавек проста баіцца нешта запісаць на паперы, выказаць у трэку і гэтак далей.
— Вельмі складана прасоўвацца, калі адсутнічае індустрыя, фестывалі, канцэрты, пляцоўкі, медыйная падтрымка і крытыка, — кажа Ала Алоэ. — Як зразумець пры гэтым, што ты таленавіты? Гэта важна для любога індывіда, не толькі для музыкаў, але і для мастакоў, і, кінематаграфістаў. Зразумееш, верагодна, тады, калі вы атрымліваеце прызнанне ад іншых людзей.
— Мне здаецца, што «Viva Braslav» добра ілюструе густы масавай аўдыторыі ў Беларусі, — перакананы Аляксандр Чарнуха. — Так што, калі вы хочаце ўбачыць, што цікава беларускай аўдыторыі, масавай аўдыторыі, паглядзіце на афішу «Viva Braslav» сёлета. Вы зразумееце, таму што гэта камерцыйны фестываль, які прыносіць грошы. І, калі я не памыляюся, у гэтым годзе яны нават устанавілі рэкорд па наведвальнасці. Натуральна, з аднаго боку, мяжа закрытая і вельмі складана прывезці заходняга артыста ў Беларусь, але «Viva Braslav» прывезлі некалькіх еўрапейскіх поп-дыджэяў. Таксама мне здаецца, што «лайн-ап» не змяніўся за апошнія некалькі гадоў. У гэтым плане яны вельмі шчырыя. Яны зрабілі выгляд, быццам нічога не адбылося. Ні ў 2020 годзе, ні ў 2022-м. І яны працягнулі рабіць тое, што яны робяць.
Цалкам размову пра беларускую музыку можна прачытаць і паглядзець тут.