Вольга Шпарага: Нам патрэбны план

Філосафка Вольга Шпарага ў інтэрв'ю «Позірку» гаворыць пра тое, што дэмакратычнаму руху ў 2020 годзе не хапіла гатовага плана дзеянняў і што важна мець яго на пераходны перыяд.

Вольга Шпарага. Фота з асабістага архіва В.Ш.

Вольга Шпарага. Фота з асабістага архіва В.Ш.

Рэпрэсіі, пазбаўленне ўцекачоў магчымасці памяняць пашпарт за мяжой, станаўленне грамадзянскай супольнасці ў эміграцыі, выжыванне на яшчэ не зачышчаных таталітарнай машынай астраўках — гэта толькі некаторыя пытанні, актуальныя для беларусаў, якія апынуліся па розныя бакі платоў, турэмных і памежных.

Пра тры гады надзвычайнага становішча, у якім знаходзяцца беларусы і Беларусь, «Позірк» пагаварыў з кандыдаткай філасофскіх навук, аўтаркай кнігі «У рэвалюцыі жаночае аблічча. Выпадак Беларусі» Вольгай Шпарага.

«Рэжым спадзяецца, што ў інфармацыйнай блакадзе ўдасца кагосьці пераканаць»

— Спробы афіцыйнага Мінска апраўдацца ў вачах ЕС і сусветнай супольнасці і паўстаць міратворцам — прыкмета слабасці рэжыму і эфектыўнасці санкцый?

— Па-першае, мы бачым, наколькі ўзровень хлусні вырас на афіцыйным узроўні. Найбольш яскрава гэта было відаць у сітуацыі з Прыгожыным, калі спачатку Лукашэнка сказаў, што гатовы даць яму абарону, а пасля яго смерці сцвярджаў, што нічога не абяцаў. І ў гэтым сэнсе стратэгія хлусні на афіцыйным узроўні ўнутры краіны і ў знешняй палітыцы — у логіцы ўлады.

Па-другое, гэта спроба вярнуць сабе суб'ектнасць: суверэнітэт уразаецца на розных узроўнях, трэба нешта рабіць, і вельмі патрэбна хоць нейкае прызнанне, але наогул няма жадання ісці на саступкі. Гаворкі пра тое, каб адпусціць нейкую колькасць палітвязняў, змякчыць палітыку катаванняў у турмах і калоніях, не вядзецца. Рэжым не ідзе ні на якія саступкі ў гэтым пытанні. Верагодна, у такой логіцы застаецца павышаць градус хлусні і нахабства. Мы ўвесь час гаворым пра інфармацыйную блакаду, што Беларусь мала прадстаўленая ў СМІ. Мабыць, таму тая ж Германія не адносіць яе да краін, небяспечных для жыцця.


Глядзіце таксама

Верагодна, рэжым спадзяецца, што ў сітуацыі інфармацыйнай блакады яму ўдасца кагосьці пераканаць. Выкажу здагадку, што на лакальным узроўні гэта спрацуе.

Таму медыйная прысутнасць Беларусі вельмі важная: дзень і ноч нагадваць пра тое, што насамрэч адбываецца ў краіне і што бессаромная хлусня — ледзь ці не стрыжань дзяржаўнай палітыкі.

— Лукашэнка можа зноў падаваць сігналы Захаду, як ужо рабіў не раз?

— Такога ўзроўню пратэстаў і рэпрэсій у Беларусі да 2020 года не было, а рэакцыя на гэтыя падзеі Еўропы і сусветнай супольнасці была адкладзенай, несвоечасовай. Мы атрымалі санкцыі ўжо пасля прызямлення самалёта з Раманам Пратасевічам. Але ўсё ж не бачу перадумоў, што Еўропа першай пойдзе на саступкі Лукашэнку — да таго, як ён адпусціць палітвязняў, каб градус рэпрэсій быў зніжаны. Цалкам зразумела, якія Лукашэнка павінен зрабіць для гэтага крокі. Гэта выразна сказана ўсімі краінамі, і добра, што пра гэта гучна кажуць краіны Балтыі і Польшча.

«У 2020 годзе нам банальна не хапіла плана»

— Беларусь праз Лукашэнку сёння ў сусветным парадку прадстаўляе інтарэсы Расіі і ўспрымаецца так, быццам страціла незалежнасць?

— На мой погляд, пазіцыя, што Лукашэнка — спікер Пуціна, а суверэнітэт Беларусі максімальна зрэзаны, існавала і да пачатку вайны. Мы якраз дзесьці адстойвалі сваю суб'ектнасць, а ў сусветнай супольнасці так не лічылі, таму што ўплыў Расіі заўсёды быў вялікім. Цяпер мы бачым у кантэксце вайны ўзмацненне «савецка-рускамірскай» ідэалогіі. Бо яе да падзей 2020 года не было! Неяк хутка з'явіўся новы тып прапагандыстаў. На шчасце, у іх шэрагах ёсць нязгода і не ўсе гатовыя падтрымаць «рускі свет», але ў інфармацыйным полі, у кантэксце вайсковай падтрымкі Расіі беларускі рэжым выглядае як частка агрэсіўнай расійскай палітыкі.

Кабінет Святланы Ціханоўскай прапанаваў план пераходнага перыяду — таго, што павінна адбывацца ў краіне, як павінны паводзіць сябе розныя палітычныя сілы, што будзе адбывацца на ўзроўні розных інстытутаў. Мы павінны дакладна гэта разумець, а таксама ўлічваць усе спадарожныя ўмовы. Мы не ведаем, калі гэта адбудзецца і як сябе будзе адчуваць Еўрасаюз у гэты час.


Глядзіце таксама

Мы бачым складаныя працэсы дэдэмакратызацыі, аўтарытарных рэжымаў становіцца больш. Але тое, што трэба будзе рабіць у зручны момант, варта прадумваць цяпер. У 2020 годзе нам банальна не хапала плана. Вядома, мы не чакалі, што будзе такое паўстанне, і ствараць план на хаду было складана, але мне здаецца, што ад гэтага плана пераходнага перыяду залежыць многае.

На адной з канферэнцый Валерый Сахашчык (прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Заўв. рэд.) выступіў супраць вызвалення ўзброеным шляхам, але за раскол рэжыму, дзяржапарата, працу з войскам. Ён сказаў, што працуе ў гэтым кірунку. Мне здаецца, вельмі важна разумець, наколькі людзі, якія знаходзяцца ў сістэме, хочуць перамен, наколькі яны незадаволеныя прыходам Расіі. У плане павінны быць прапісаны траекторыі таго, што будзе адбывацца з людзьмі ў розных інстытуцыях. Гэта не азначае, што абсалютна ўсе датычныя паўстануць перад судом, пазбавяцца працы. Будзе празрысты і справядлівы працэс, яго этапы павінны быць прапісаны і абмеркаваны нашымі дэмсіламі.

«Людзі ўключаюцца, калі ёсць канкрэтныя справы»

— Як вырашаць праблемы людзей у эміграцыі? Як быць беларусам у сітуацыі, калі ёсць Лукашэнка і ідзе вайна ва Украіне?

— Нашы дыяспары працуюць. Добра, што ў іх ёсць юрысты, якія дапамагаюць людзям. Але кожны раз пасля чарговых сустрэч я пераконваюся ў наяўнасці велізарнай праблемы інфармаванасці грамадства краін, у якіх мы жывём. Гэта павінна быць інфармаванне на лакальным узроўні аддзелаў міністэрстваў замежных спраў, а ў выпадку з Германіяй, якую ўжо згадвала, — у асобных землях, таму што там прымаюцца канкрэтныя рашэнні і наогул ніхто не чуў пра Беларусь і яе праблемы.

Магчыма, нам варта думаць пра новыя стратэгіі інфармавання. Так, у нас шмат важных мерапрыемстваў, накіраваных на падтрыманне ідэнтычнасці, беларускіх супольнасцей, але нам трэба не менш рабіць для інфармавання грамадства і палітыкаў, займацца лабіяваннем. Патрэбныя, мабыць, людзі, групы, якія будуць у кожнай краіне на лакальным узроўні гэта рабіць. Патэнцыял у дыяспар вялікі. Ліпеньскі марафон салідарнасці паказаў, што людзі ўключаюцца, калі ёсць канкрэтныя справы і задачы, а яны ў нас ёсць.


Глядзіце таксама

«За рашэнні Лукашэнкі беларусы не адказныя»

— Як павінна ўспрымацца Беларусь у кантэксце дапамогі Расіі ў яе вайне супраць Украіны?

— Я ўвесь час адстойваю пункт гледжання, што няма віны беларусаў, а ёсць актыўная адказнасць. Гэта даўняя дыскусія, яна пачалася з моманту эскалацыі вайны ва Украіне 24 лютага 2022 года. У якой меры мы нясём адказнасць як нязгодная частка грамадства і тыя, хто захоўвае нейтралітэт ці маўчыць? Для яе вызначэння я выкарыстоўваю такое посткаланіяльнае выказванне змагара за правы цемнаскурых Малькальма Ікса: «Мы не нясём адказнасці за свой прыгнёт, але нясём адказнасць за сваё вызваленне».

Гэта значыць, я ўсё ж лічу, што ступень адказнасці ёсць, паколькі мы ўсе застаемся беларусамі, звязаныя адно з адным. Мы адказныя ў той меры, што выкрываем рэжым, салідарызуемся з Украінай, робім усё магчымае, каб яна выйграла гэтую вайну як мага хутчэй. За рашэнні, якія прымае Лукашэнка, мы не адказныя, але робім усё магчымае, каб паказаць: мы па-ранейшаму не згодныя з яго рашэннямі і ў нас ёсць гэтая пазітыўная праграма падтрымкі Украіны.

Цалкам інтэрв'ю з Вольгай Шпарага можна прачытаць тут.