668-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за апошнія суткі

Расійцы спрабуюць акружыць Аўдзееўку, «The New York Times» піша пра іх перавагу на гэтым напрамку, а ўкраінцы збіваюць расійскія знішчальнікі.

Ілюстрацыйнае фота: Getty Images

Ілюстрацыйнае фота: Getty Images

***

У апошнія тыдні расійскія войскі дамагліся невялікіх тэрытарыяльных поспехаў на Усходнім фронце Украіны, выкарыстоўваючы ў знясільваючых баях сваю перавагу ў жывой сіле, каментуе сітуацыю на вайне ва Украіне «The New York Times».

Выданне звязвае апошнія падзеі на фронце з заявай прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб тым, што вайскоўцы прасілі яго мабілізаваць яшчэ да 500 тысяч чалавек (яна прагучала падчас яго вялікай прэс-канферэнцыі).

Многія ўкраінцы яшчэ не прызваны ў войска, і ўлады не хочуць звяртацца да масавай мабілізацыі, баючыся абвастрэння сацыяльнай напружанасці, каментуе выданне. Тым часам расійскія войскі набліжаюцца да Аўдзееўкі, якую «The New York Times» называе «ўкраінскай апорай у Данецкай вобласці».

Захоп Аўдзееўкі стаў бы стратэгічным поспехам для Расіі, бо гэта стрыжань украінскай абароны ў Данбасе, а таксама сімвал супраціву — сілы, якія падтрымліваюцца Расіяй, спрабавалі ўзяць яе яшчэ ў 2014 годзе.

***

Расійскія вайскоўцы дагэтуль афіцыйна не пракаментавалі сцвярджэнні ўкраінскіх уладаў пра страту адразу трох расійскіх знішчальнікаў-бамбавікоў Су-34.

У пятніцу камандуючы паветранымі сіламі УСУ Мікалай Аляшчук заявіў, што на поўдні Украіны былі збітыя тры Су-34. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце ўдакладніў, што самалёты былі збітыя над Херсонскай вобласцю, і падзякаваў вайскоўцам, піша «Бі-бі-сі».

Масква не пракаментавала гэтыя заявы, аднак праваенныя блогеры пісалі пра страты ў кантэксце паведамленняў пра збітыя Су-34.

Аналітыкі выказалі здагадку, што, верагодна, былі выкарыстаныя ракеты «Patriot». УСУ не пацвярджалі і не абвяргалі гэтую версію.

«Такога даўно не было. Су-34 даўно не трапляў у нашу станоўчую статыстыку», — сказаў у тэлеэфіры прадстаўнік паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.

***

За суткі расійцы здзейснілі 83 абстрэлы, выпусціўшы 439 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, «Градаў», танкаў, авіяцыі і БПЛА.

Па Херсоне быў выпушчаны 31 снарад.

Удакладняецца, што расійскія вайскоўцы папалі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, а 6 чалавек атрымалі раненні.

Раніцай 23 снежня прагрымелі выбухі ў Крывым Рогу, а Паветраныя сілы заклікалі жыхароў Крапіўніцкага знаходзіцца ў сховішчах. Паводле звестак СМІ, у Крывым Рогу былі чутныя гукі выбухаў, якія пацвердзіў старшыня Рады абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул.

Трывога гучыць у Днепрапятроўскай і Кіраваградскай абласцях. Ракетная небяспека аб'яўлена таксама ў Мікалаеўскай і Адэскай абласцях.

***

Сілы супрацьпаветранай абароны 22 снежня падчас паветранай трывогі збілі ўсе 9 запушчаных расійскімі захопнікамі беспілотнікаў над Адэскай і Хмяльніцкай абласцямі:

«З 18.00 вечара 22 снежня да паўночы 23 снежня 2023 года расійскія акупанты атакавалі ўдарнымі БПЛА тыпу "Shahed" з раёнаў Балаклава — Крым, Прыморска-Ахтарск — РФ».

***

За мінулыя суткі расійскія захопнікі ішлі ў атаку на шасці напрамках, ля Аўдзееўкі, якую вораг спрабуе беспаспяхова акружыць, усяго за суткі адбылося 75 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ.

Авіяцыя Сіл абароны нанесла ўдары па 12 раёнах засяроджання асабістага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка. Таксама супрацьпаветранай абаронай знішчана 3 знішчальнікі-бамбавікі Су-34.

Падраздзяленні ракетных войскаў разбілі 5 раёнаў засяроджання асабістага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі, 2 склады боепрыпасаў і 2 пункты кіравання праціўніка.

***

За мінулыя суткі сілы абароны знішчылі 1040 акупантаў, усяго з пачатку расійскай агрэсіі было ліквідавана 352 390 вайскоўцаў РФ.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 23.12.23 арыенціровачна:

  • асабістага саставу — каля 352 390 (+1040) чалавек;
  • танкаў — 5 854 (+17) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 10 871 (+28) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 8286 (+36) адз.;
  • РСЗА / MLRS — 932 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 611 (+0) адз.;
  • самалётаў — 327 (+3) адз.;
  • верталётаў — 324 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 6384 (+19);
  • крылатых ракет — 1613 (+0);
  • караблёў / катэраў — 22 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 10 995 (+51) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1223 (+6).