«Сэрца ў Літве засталося». Тамаш Зан — паэт, асветнік, выгнанец

227 гадоў таму нарадзіўся адзін з пачынальнікаў беларускай культуры, рамантык і рэвалюцыянер Тамаш Зан. Як і многія іншыя дзеячы, якія дбалі пра лёс Беларусі, Зан меў няпросты шлях, пра які ўжо сказана нямала. А вось вершаў ягоных амаль не ведаюць — і гэта трэба выпраўляць.

Партрэт Тамаша Зана. Выява: wikipedia.org

Партрэт Тамаша Зана. Выява: wikipedia.org

Кожная рэч, як і кожная з'ява, падзея, ідэя, мае свае вытокі. Збан да таго, як прыняць сваю форму і захоўваць у сабе ваду, ляжыць глінай недзе пад глебай; кніга збіраецца з асобных думак і сказаў, а краіна — са шматлікіх спроб самастойнасці, незалежнасці.

Беларуская культура, якой мы яе ведаем сёння, літаратура і агулам беларуская ідэя выспявалі не адно стагоддзе і былі б немагчымымі без філаматаў і філарэтаў — таемных суполак студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, якія першымі высловілі любоў да роднай мовы і прагу незалежнасці ад каланізатараў.

Людзей ідэі звычайна лічаць дзівакамі. Для прагматычнага свету чужыя інтэнцыі «жыццё за радзіму» і г. д. А менавіта з гэтага пачыналі паўстанні Касцюшка і Каліноўскі. Менавіта так урэшце і атрымалася ў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ігната Дамейкі і іншых віленскіх студэнтаў, якія за свае ідэі, за любоў да радзімы заплацілі свабодай і... самой радзімай. Сасланыя царскім урадам у самыя далёкія куты імперыі, яны вымушаныя былі свае таленты аддаваць там, у той час як сэрца балела аб Беларусі.


Глядзіце таксама

Сёння аднаму з тых герояў, Тамашу Зану, самаму «прамяністаму» з «Прамяністых», споўнілася б 227 гадоў. У свой час ён, сам на тое не спадзеючыся, паспеў стаць адным з самых уплывовых віленчукоў: створанае ім «Таварыства прамяністых», што мела на мэце  далучэнне маладых людзей да навукі, роднай мовы, літаратуры, гісторыі, стала настолькі папулярным, што ў свой час кожны трэці студэнт Віленскага ўніверсітэта быў яго чальцом.


Прамова на першай маёўцы «Прамяністых» 6.V.1820


Брацця, сыны, аднаверцы! Якая ж вас сіла

З цёплай пасцелі ўзняла, уначы пабудзіла?

Што за прамень залаты вас паклікаў у поле?

Што вы шукаеце тут, як сляпыя без долі?

Што, адкажыце? Але — хто шукае, той знойдзе,

Стукай — адчыняць, а той, хто ідзе, той і дойдзе!

Той, хто працуе, мець будзе і хлеб, і да хлеба.

Працу аплоцяць яго — хай не людзі, дык

Неба. Хто да навукі прыхільны, хто шчыры, цярплівы,

Хто спагадае людзям, хто сумленны, цнатлівы,

Хто чарнаты з сваім сэрцы не мае ні звання,

Хай той прыступіць цяперака да цалавання (1).

Брацця, сыны, вы, сябры прамяністае славы,

Што вам тут трэба, скажыце? Забавы? — «Забавы!!!»

Добра, ды дзе лоб трохкутны (2) ўсім вам на пацеху

Жартаў такіх набярэ ды вясёлага смеху?

Як жа ён твары ўсім вам распагодзіць, дасць рады

Тым, хто не рады сабе і нікому не рады?

Хто весялосці ні зерня ў душы не пасее,

Хто ані ў кога з нас светлага ўбачыць не ўмее...

Не разумее, як быць у наш час неласкавы,

Што ж за карысць нам усім во ад гэтай забавы?

...

Дайце спачыць языку, думцы ж — вольную волю.

Лоб і рука — для айчыны: хай вернуць ёй долю.

Потым прыязна далоні падасць хай брат брату...

Мець балдахін яшчэ трэба — для цела, для спрату...

Менш балбатаць, больш рабіць — вам парада такая.

Вагу, Нямцэвіча, Бандтке хай кожны чытае.

Хай прамяністыя лезуць вам веды ў галовы,

Эля хай чуе ад вас толькі гожыя словы...

Бліжнім усім памагаць хай нам будзе прыемна.

Маладзіка зменіць поўнік. Так, як і ўзаемна...

Сэрца праўдзівыя словы ва ўсіх нараджае...

Любую ў доле сырым хай душа не кідае.

Пробуй пяра свайго згук, не лічы за змест шаты,

Вольнасць дай хлопам — сам будзеш шчаслівы, багаты.

Працу шануйце ўсе, музыкі сілу пазнайце,

Ніткі пачатак-канец — у клубку пашукайце...

Трэба ўсё зведаць нам — кола, пас, эліпс, каменьчык,

Вочы, каханне, адчай, смеласць, вершы, праменьчык...

Правіла знайце: зялёныя ягады ў садзе

З часам паспеюць — па мудрай прыроды раскладзе.

З статкаў малых вырастаюць чароды, прымецім...

Два мінаваўшы крыгі, я прысяду на трэцім

І прамяністасць усю нанясу на паперу.

Зараз пачнём «Ойча наш», «Прывітана будзь», «Веру».


(1) — Цалаванне — адзін з рытуалаў «Прамяністых»: сябры таварыства па чарзе падыходзілі да старшыні (Тамаша Зана) перад пачаткам маёўкі і цалавалі яго, засведчваючы тым самым адданасць «Таварыству прамяністых».

(2) — Лоб трохкутны — так услед за сябрамі жартам называе сябе Тамаш Зан, які меў своесаблівую форму галавы.


Глядзіце таксама


З такім заклікам у вершаванай форме звярнуўся Тамаш Зан да сваіх паплечнікаў на іх першай сустрэчы. І заклік гэты быў падтрыманы! Здавалася б, мусіць пачацца цудоўная гісторыя адраджэння нацыі, выспявання яе ў новым зерні, але не: аніякая іншая нацыя, акрамя рускіх, імперыі была непатрэбная, як і адукаваныя, выхаваныя грамадзяне, таму і філаматаў, і філарэтаў, і «прамяністых» задушылі тут жа, як толькі выкрылі. Тамаш Зан узяў на сябе ўсю адказнасць за дзейнасць арганізацый, і яму прызначылі самае суровае пакаранне: выслалі ў самую далеч — у Арэнбург, дзе малады паэт не згубіўся, не зламаўся, а стаў незамяняльным інжынерам, які адкрыў нямала радовішчаў карысных выкапняў.


Песня з турмы ў Вільні


Каб арліныя мне крылы,

Тут жа б я — хай згуба —

Паляцеў праз небасхілы

Да цябе, да любай.


Сэрца ў жалю, ў смутку вочы.

Без цябе, дзяўчына,

Дні мае — нібыта ночы,

Нібы год — хвіліна.


Покуль жыць мне Бог дазволіць,

Буду, закаханы,

У няволі, у нядолі

Я табе адданы.


Нас разлучаць назаўсёды,

З іншым шлюб твой будзе,

Ды цябе праз дзён чароды

Сэрца не забудзе.


І калі ў знямозе крылы

Я складу пад жвірам,

Мо ўздыхнеш хоць ля магілы:

«Так кахаў ён шчыра».


У сваім дзённіку ў выгнанні Тамаш Зан пісаў, што не пакідаюць яго ўлады, працягваюць пераслед — хаця і так ужо выслалі і забаранілі вяртацца на радзіму:

«Са смуткам, з прыкрасцю і страхам чытаў я ў газетах данясенне камісіі пра польскія патрыятычныя таварыствы — там згадваецца ў прыпісцы і маё імя.

У імгле свяціў месяц. Назаўтра, нягледзячы на дождж, мы варочаліся... дамоў. Ехалі аж да поўначы. У месячным святле, а потым у начной цемнаце тыя самыя горы і даліны глядзеліся зусім па-новаму.

У сябе ў кватэры я знайшоў пісьмы Сузіна і Чачота. Апошні ізноў узлаваў мяне сваімі капрызамі.

Сёння чытаў у асобным выданні данясенне той камісіі.

Не ведаю, што са мною будзе...»


Глядзіце таксама

Зан адбываў пакаранне ў Арэнбургскай крэпасці, потым жыў там на пасяленні. Праз 13 гадоў пасля высылкі яму дазволілі пераехаць у Санкт-Пецярбург, а яшчэ праз 4 гады, у 1841-м, былы грамадскі дзеяч вярнуўся на радзіму, дзе набыў маёнтак Кахачын каля Оршы і пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю.


Трыялет


Зося, ты не плач па птаху:

Міг — жыццё яго на свеце.

Прымем долю й мы без страху.

Зося, ты не плач па птаху.

Згіне птах, спаткаўшы плаху,

Трапіць іншы ў сонца сеці.

Зося, ты не плач па птаху:

Міг — жыццё яго на свеце.


Няшмат часу было адведзена творцу на Беларусі: пасля вяртання ён пражыў тут усяго 14 гадоў, але паспеў ажаніцца з Брыгідай Свентажыцкай, пра якую сказаў так:

«Я ўбачыў у ёй самую Літву, якая вітае свайго сына з выгнання, убачыў у ёй анёла, які нагадвае мне маю маладосць, боства, якое прадракае мне шчаслівую будучыню».

Брыгіда падарыла Тамашу Зану чатырох сыноў, была з ім да самага канца, памерла праз 5 гадоў пасля смерці мужа і пахаваная разам з ім у Смалянах.

Што пакінуў па сабе Тамаш Зан? Гісторыю. Ён — адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага рамантызму на Беларусі, увасобленага не толькі ў дзейнасці філаматаў і філарэтаў, а і ў творчасці — у прыватнасці, у баладах і ў песнях, заснаваных на беларускім фальклоры. Не так шмат дайшло да нас яго твораў, якія ён пісаў па-польску. Некаторыя з іх я цытую тут у беларускіх перакладах, але арыгінальных беларускіх вершаў, нягледзячы на дэкларацыі і намеры Зана, не знайшлося.


У альбом Стафана Дамброўскага


На камені выбітае імя

Чытае ў задуме прахожы.

Вось так прачытае сяброў сям'я

І верш мой некалі, можа.


І ты з імі ўспомніш паўночны віхор,

Што нас разлучыў, гэту восень.

Знай: хоць я на свету краі, каля гор,

Ды сэрца ў Літве засталося.