«Партрэт Тамаша Зана»: рыцар сваёй зямлі

Мы вяртаемся да экспазіцыі выставы «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», каб аддаць належнае найбольш значным экспанатам. Першае месца сярод іх займае «Партрэт Тамаша Зана» пэндзля Валенція Ваньковіча.



2_portriet_tomasha_zana_1837_.jpg

Валенці Ваньковіч. Партрэт Тамаша Зана. 1837 год

Партрэт набыты ў карпаратыўную калекцыю банка ў прыватнага расійскага калекцыянера ў 2013 годзе. Твор выключны па некалькіх прычынах.

Карціна — адзінае арыгінальнае палатно лепшага беларускага мастака-рамантыка ў нашай краіне. З другога боку, яна — найбольш удалы партрэт Зана, літаратара і даследчыка, лідара студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў у Віленскім універсітэце 1810–1820-х гадоў, сябра Адама Міцкевіча і Яна Чачота, і пачынальніка нацыянальнай хвалі ў літаратурным рамантызме на беларускіх землях. Цікавае супадзенне — партрэт Зана з’явіўся на публіцы роўна напярэдадні 80-годдзя Кастуся Цвіркі — заснавальніка серыі «Беларускі кнігазбор», у якой у 1998 годзе выйшаў зборнік «Філаматы і філарэты», дзе ў перакладах самога Цвіркі і ягоным жа артыкуле грунтоўна прадстаўленая творчасць Тамаша Зана.

Філаматы і філарэты

І Тамаш Зан (1796–1855), і Валенці Ваньковіч (1800–1842) адносіліся да пакалення, якое нарадзілася пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай (1795), калі беларускія землі канчаткова і цалкам трапілі пад расійскую ўладу. Абодва падзялялі мары пра вызваленне радзімы, і, хаця рэвалюцыянерамі-практыкамі не былі, грамадзянскую пазіцыю яскрава выявілі ў сваёй творчасці.

Тамаш Зан, найбліжэйшы паплечнік Адама Міцкевіча ў віленскім студэнцкім руху 1810-х гадоў, разам з вялікім паэтам зрабіўся ў кастрычніку 1817 года заснавальнікам (з пасадай сакратара) таварыства філаматаў («тых, хто імкнецца да ведаў»).

vilienski_univiersitet.jpg

Вялікі Двор Віленскага ўніверсітэта з касцёлам св. Яна. Альбом Вільчынскага, 1850

Канспіратыўнае згуртаванне студэнтаў прызначалася для «паглыблення адукацыі, творчага ўдасканалення і грамадскай працы для дабра заняволенай Айчыны» (К. Цвірка). Планы ў філаматаў былі глабальныя: ад статыстычнага вывучэння краіны (меркаваную дзеля гэтага калектыўную працу «Геаграфічнае апісанне…» яны выканалі толькі фрагментарна), да нацыянальнай адукацыі праз стварэнне школьных падручнікаў і галіновых энцыклапедый. Рыхтавалася выданне ўласнага літаратурна-асветніцкага штогадовіка «Геба», але ў выніку ўжо вядомыя паэты-філаматы Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ануфры Петрашкевіч змяшчалі творы ў іншых віленскіх перыёдыках.

Імкнучыся пашырыць дзейнасць, філаматы паступова стварылі больш адкрытыя таварыствы — Саюз сяброў (1819), Таварыства прамяністых (1820, паводле жартаўлівай тэорыі кожны добразычлівы маральны чалавек выпраменьваў дабратворнае для іншых святло), ачоленае «архіпрамяністым» Занам, і галіновыя саюзы. Тамаш Зан, навучэнец фізіка-матэматычнага факультэта (1815–1820), стаў на чале Саюза айчынных натуралістаў.

Пасля роспуску па загадзе рэктара ўніверсітэта Сымона Малеўскага «прамяністых» (універсітэцкае кіраўніцтва асцерагалася нефармальнай вучнёўскай актыўнасці), якіх налічвалася каля 200 чалавек, Зан узначаліў створанае замест яго таемнае Таварыства філарэтаў («аматараў дабрачыннасці», 1820–1823). Зразумела, што патрыятычныя згуртаванні моладзі ліквідоўваліся расійскімі ўладамі адразу, як факт іх існавання рабіўся вядомым.

За вас прыняць пакуты

Нарэшце, чарга дайшла да філаматаў і філарэтаў. 3 мая 1823 года вучань пятага класа Віленскай гімназіі Міхал Плятэр напісаў на дошцы «Няхай жыве Канстытуцыя 3 мая!», прыгадваючы гадавіну апошняй Канстытуцыі незалежнай Рэчы Паспалітай 1793 года. І вось ужо распачалося следства, і сябраў арганізацый выдаў, спалоханы затрыманнем, філарэт Ян Янкоўскі. У агульны спіс падазроных трапіла 166 чалавек, 135 было дапытана, значная частка арыштавана, у тым ліку Міцкевіч, Зан, Чачот, Ігнат Дамейка, Міхал Рукевіч, Антоні Адынец, Аляксандр Ходзька…

Тамаш Зан узяў асноўную віну на сябе, гэта многім зменшыла цяжкасць прыгавору. Але ў выніку, па выраку камісіі ў складзе міністра асветы Шышкова, генерала Аракчэева і сенатара Навасільцыва (зацверджанага асабіста імператарам 14 жніўня 1824 года), «назаўсёды» з Літвы ў аддаленыя губерні Расіі выслалі 20 чалавек. Пакаранне зрабілася для Зана момантам славы. Адам Міцкевіч у ІІІ частцы знакамітай паэмы «Дзяды» абяссмерціў Тамаша пад яго ўласным імем, уклаўшы ў вусны літаратурнага героя словы:

Я вамі кіраваў, каб збыць няволі путы,

І абавязак мой — за вас прыняць пакуты.

У спіс пацярпелых Валенці Ваньковіч, студэнт аддзялення літаратуры і прыгожых мастацтваў (у 1818–1824) і навучэнец жывапісца Ян Рустэм не трапілі. Сябруючы з многімі філаматамі і філарэтамі — ужо ва ўніверсітэце ён партрэтаваў Адама Міцкевіча і Тамаша Зана, Францішка Малеўскага і Антона Адынца, Эдварда Ромера і Караля Ліпіньскага, Юліяна Корсака і Анджэя Тавяньскага — ён, відаць, фармальна не ўваходзіў у таемныя таварыствы.

Шляхі ссыльнага літаратара і мастака разышліся: у 1824 годзе Зана этапавалі ў Арэнбург, а Ваньковіч па накіраванні ўніверсітэта ў лютым 1825 года прыбыў у Пецярбург, каб прадоўжыць адукацыю ў Акадэміі мастацтваў.

У палітычнай ссылцы

Лепшыя гады жыцця Тамаш Зан ахвяраваў чужой старонцы: у геалагічных экспедыцыях па Прыураллі ён адкрываў радовішчы нафты, меднай руды і золата, наведваў Кіргізію і Башкірыю, цікавіўся нацыянальным фальклорам іх жыхароў. У 1830 годзе па просьбе арэнбургскага губернатара Сухцелена запраектаваў і ўзначаліў мінералагічны музей, напісаўшы адпаведнае навуковае абгрунтаванне — «Аб мэтах і спосабах утрымання прапанаванага Музэюма ў Арэнбургу».

Толькі рэалізавацца ў нацыянальнай культуры лёс не дазволіў — у мінулым засталіся напісаныя па матывах беларускага фальклору паэмы, балады і камедыі, стварэнне музыкі (у тым ліку на беларускамоўныя вершы Яна Чачота), не здзейснілася выказаная ў арэнбургскім дзённіку, тытулаваным «З выгнання», жаданне пісаць літаратурныя творы па-беларуску. Затое даследчыцкія заслугі Зана, асабліва знаходжанне золата, улады адзначылі наданнем яму тытула калежскага сакратара, вялізнай грашовай прэміяй у 1500 рублёў, і, нарэшце, царскім дазволам ад 3 мая 1837 года (магічная дата!) пакінуць ссылку, і нават у перспектыве вярнуцца на радзіму.

 Мастак і яго герой

Тым часам кар’ера Валенція Ваньковіча развівалася ў Пецярбурзе. Мінуліся прызначаныя на навучанне два гады, мастак атрымаў вялікі і малы сярэбраныя медалі за малюнкі з натуры, і, імкнучыся ўдасканаліцца ў алейным жывапісе, папрасіў у кіраўніцтва з Вільні падвоіць тэрмін навучання, на што атрымаў дазвол.

У верасні 1827 года ён узнагароджаны Малым залатым медалём за кампазіцыю «Подзвіг маладога кіяўляніна пры асадзе печанегамі горада Кіева», а ў снежні прыступае да стварэння свайго шэдэўра — партрэта «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг». І адначасова — як прыгадвае ў мемуарах лекар і пісьменнік Станіслаў Мараўскі, колішні сябра таварыстваў філаматаў і філарэтаў, што з 1827 года знаходзіўся ў Пецярбурзе і наведваў Міцкевіча і Ваньковіча, — стварае аднолькавы па памерах партрэт Аляксандра Пушкіна. Абодва творы маляваліся для выставы ў Варшаве.

Знаёмствам з расійскім паэтам, што адбылося ў 1827-м, Ваньковіч абавязаны Міцкевічу. Увогуле, у піцерскіх колах Ваньковіча, і яшчэ двух беларускіх мастакоў, што знаходзіліся тады ў паўночнай сталіцы імперыі, жывапісца Іосіфа Аляшкевіча і графіка Аляксандра Арлоўскага, — сустракаюцца выдатныя прадстаўнікі расійскай культурнай эліты. Акрамя Пушкіна, гэта В. Жукоўскі, П. Вяземскі, А. Дэльвіг, І. Крылоў, браты К. і М. Палявыя, І. Кірэеўскі, Д. Венявіцінаў, Я. Баратынскі, кампазітар М. Глінка. Жукоўскі і Вяземскі таксама пазіравалі Ваньковічу.

У лютым 1829 года Ваньковіч ад’ехаў з Пецярбургу ў Мінск, дзе пасяліўся і працаваў у Малой Сляпянцы, часта наведваў свайго віленскага выкладчыка Яна Дамеля і мастака-аматара Чэслава Манюшку, бацьку славутага кампазітара Станіслава, непасрэдна ў Мінску. А сувязяў з Пецярбургам не губляў: 21 верасня 1832-га Савет Акадэміі мастацтваў прысудзіў мастаку за партрэты, «пісаныя з натуры», званне «прызначанага».

Вось і сустрэча Ваньковіча з яго даўнім сябрам па Віленскім універсітэце Тамашом Занам мусіла адбыцца ў Піцеры, дзе апошні ўладкаваўся на пасадзе бібліятэкара Горнай тэхнічнай школы па вяртанні з арэнбургскай ссылкі ў кастрычніку 1837 года. Так мяркуе пецярбургскі літаратуразнавец і мастацтвазнавец, доктар філалогіі Вадзім Старк. Тым больш да 1841 года Тамаша Зана «ў Літву» не пускалі: хаця антырасійскае паўстанне 1830–1831 гадоў было даўно задушана, настроі ў краі заставаліся неспакойнымі. Даніну павагі валадару думак патрыятычнай моладзі 1810–1820-х гадоў Тамашу Зану Ваньковіч паспеў аддаць да свайго канчатковага ад’езду на эміграцыю ў 1839-м.

Ваньковіча чакаў Дрэздэн, Берлін, а ў апошнія месяцы жыцця — Парыж, дзе мастак асталяваўся ў доме Адама Міцкевіча на вуліцы Д’Амстэрдам, каб памерці ад невылечнай хваробы на руках вялікага сябра-паэта ва ўласны 42-і дзень нараджэння — 12 мая 1842 года.

У 1830-я гады ў душы мастака панаваў неспакой і расчараванне, справакаваныя палітычнай рэакцыяй і задушэннем свабоды ў краі рэжымам Мікалая І (1 мая 1832 года скасоўваецца родны Віленскі ўніверсітэт, ідзе наступ на рэлігійныя свабоды). Характар яго, па сведчаннях сучаснікаў, псаваўся, ён рабіўся раздражняльным — але заставаўся выдатным партрэтыстам. І маляваў найперш блізкіх сабе асоб — можна прыгадаць вобраз філосафа Андрэя Тавяньскага. У гэтым шэрагу і адлюстраванне Тамаша Зана, якога Ваньковіч убачыў асобай моцнай, энергічнай, валявой — чалавекам, які вярнуўся з палітычнай ссылкі пераможцам.

Вяртанне выгнанніка

Але прыезд Тамаша Зана на радзіму ў 1841 годзе, дзе ён уладкаваўся працаваць у Віленскім корпусе горных інжынераў, а пазней інспектарам дзяржаўных маёнткаў на Аршаншчыне, выдаўся сумным. Вера продкаў па маці, грэка-каталіцтва, апынулася пад забаронай, большасць сяброў, такіх, як і ён, сын паўстанца часоў Касцюшкі, перакананых патрыётаў свабоднай радзімы — у эміграцыі.

З блізкіх сяброў маладосці давялося спаткацца толькі з Янам Чачотам ды Марыляй Верашчакай-Путкамер, колішняй музай Адама Міцкевіча. Пэўны час, вандруючы па сядзібах сяброў і не маючы дазволу на сталае жыхарства ў Беларусі аж да 1846 года, ён скардзіўся ў лісце да Марылі: «Вязень над Віліяй, хворы над Нёманам, чыноўнік над Дзвіной… Няўжо ж, пакуль жыву, буду вечным выгнаннікам і пілігрымам?»

Толькі выйшаўшы ў адстаўку у 1845 годзе, у маёнтку Аборак на Маладзечаншчыне, у сям’і добрых знаёмых Дэдэркаў, Зан спаткаў асабістае шчасце. Абранніцай легендарнага філамата зрабілася малодшая ад яго на 23 гады Брыгіда Свентажэцкая, якая захаплялася рамантычнай літаратурай, творчасцю свайго сучасніка Адама Міцкевіча, і, натуральна, ведала і абагаўляла колішніх лідараў патрыятычнага студэнцкага руху. Шлюбам Тамаш і Брыгіда пабраліся ў 1846 годзе і пасяліліся ў спецыяльна набытым бацькамі Брыгіды маёнтку Кахачын у Аршанскім павеце.

5_brygida_wi_torzecka_z_synami.jpg

  Брыгіда Зан (народжаная Свентажэцкая) з сынамі. Сядзіць — Абдон, стаяць (злева направа) — гувернёр, Віктарын і Клемент.

Той самай Марылі Верашчацы-Путкамер Зан прызнаваўся: «Я ўбачыў у ёй самую Літву, якая вітае свайго сына з выгнання, убачыў у ёй анёла, які нагадвае мне маю маладосць…» Лёс падараваў Тамашу Зану позняе «восеньскае» шчасце, а Брыгіда — чатырох сыноў, расціць якіх давялося ўжо маладой жонцы. Тамаш Зан спачыў у Кахачыне 7 ліпеня 1855 года і пахаваны на каталіцкіх могілках у Смалянах.

Вяртанне партрэта

 «Партрэт Тамаша Зана» вярнулі ў Беларусь апантаныя адраджэннем беларускай культуры і музейнай справы калекцыянеры з «Белгазпрамбанку». Да першапачатковага выгляду аднавілі перад выставай рэстаўратары Нацыянальнага мастацкага музея на чале з Аркадзем Шпунтом.

Давялося прыбраць слой таніраванага лаку, каб адкрыць аўтарскі жывапіс, наўмысна не кранаючы, як бы закансерваваўшы, месца з подпісам Ваньковіча. І цяпер перад гледачамі Тамаш Зан такі, якім быў 175 год таму. Прадстаўнік аднаго з першых пакаленняў, што ахвяравала сабой у паняволенай Беларусі за тое, каб наша краіна засталася сабою.

Прыгадаем радкі Зана з суцяшальнага ліста, напісанага да сяброў з турмы ў Вільні перад ссылкай на мяжы 1823–1824 гадоў. «Мы ўсе імкнемся служыць сваёй зямлі, але калі ў нас не будзе магчымасці прыносіць ёй карысць, мы не перастанем дабівацца гэтага праз усё сваё жыццё». Да адраджэння незалежнасці было яшчэ больш за паўтара стагоддзі.