«Apošnija Tancory» — першы беларускі кліп, зроблены па тэхналогіі «Unreal Engine 5»
На тэхналогіі «Unreal Engine 5.0» на сённяшні дзень створана вобмаль кліпаў у глабальным свеце. Цяпер і Беларусь не адстае.
Гурт «Sož» прадстаўляе кліп на загалоўную песню з дэбютнага міні-альбома «Apošnija Tancory». Гэта працяг хаўруса з лічбавым мастаком Al Medwedsky, які ў 2020 годзе ўвасобіў дэбют каманды, сінгл «Malako», у містычнай анімацыі. Гэтым разам «пятага ўдзельніка» калектыва можна пабачыць у відэа разам з постпанк музыкамі. Адметнасць новай графічнай працы — тэхналогія «Unreal Engine 5.0», на якой на сённяшні дзень створана вобмаль кліпаў у глабальным свеце. Цяпер і Беларусь не адстае.
Новы кліп гурт каментуе так: «Пусты танцпол на філасофскім параходзе. Пусты танцпол у рэстаране "Галактыка". Апошнія танцоры працягваюць. Беларускае чаканне Калядаў-2023. Пачаўшы вандроўку ў акваторыі Сожа, цяпер мы апынуліся ў адкрытым акіяне. "Мы так моцна змяніліся, мы не змяніліся ані кроплі", — менавіта так гучыць галоўная мантра гэтай песні. Гэтым кліпам мы запрашаем вас на наш асабісты "філасофскі параход", які ўжо колькі гадоў нясе нас праз штормы рэвалюцыі, вайны і эміграцыі».
«Sož» — электра-постпанк гурт родам з Гомеля, носіць назву ракі, на якой стаіць горад. Гурт выпусціў міні-альбом «Apošnija Tancory», а таксама кліпы «Malako», «Stotis» i «Apošnija Tancory». Цяпер працуе над альбомам, які плануе прэзентаваць на борце рэальнага карабля.