Беларускай культуры ў эміграцыі патрэбны заходні спажывец

Культурныя дзеячы, вымушаныя ўцякаць ад рэпрэсій, арганізоўваюць сваю працу за мяжой і шукаюць падтрымкі. Пра тое, як адбываюцца гэтыя працэсы, расказвае «Deutsche Welle».

Кнігі беларускіх аўтараў шукаюць свайго чытача ў Еўропе. Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/januskievic.books

Кнігі беларускіх аўтараў шукаюць свайго чытача ў Еўропе. Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/januskievic.books

Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі прайшоў 16-17 верасня ў Цэнтры крэатыўнасці ў Варшаве. Пачаўся ён з выступу «Вольнага хору» — у памяць пра мастака і палітвязня Алеся Пушкіна, які загінуў у ліпені 2023 года ў турме.

«У Беларусі разгортваецца спіраль рэпрэсій», — нагадаў падчас адкрыцця Спецыяльны прадстаўнік МЗС Польшчы ў супрацоўніцтве з беларускімі дэмсіламі Артур Міхальскі. «Я веру, што беларусам наканавана мець свабодную, дэмакратычную, незалежную краіну. Я веру, што беларуская культура вам у гэтым вельмі дапаможа», — адзначыў ён.

Пра дзейнасць у выгнанні расказала старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, пісьменніца Таццяна Нядбай: «Мы працягваем працаваць па той жа павестцы, з той толькі розніцай, што ГУБАЗіК не ўрываецца ў нашы кватэры». Эміграцыя спрашчае працу, але, з іншага боку, ёсць рызыка страціць «пачуцці, якія людзі адчуваюць ўнутры краіны», раслумачыла яна. Таму ПЭН-цэнтр, хоць і не публічна, але падтрымлівае кантакты са сваімі сябрамі ў Беларусі.


Глядзіце таксама

Гатоўнасць да дыялогу — гэта ўжо вынік

«У Беларусі культурніцкія арганізацыі былі даволі цесна звязаныя, сёння яны, апынуўшыся ў вымушанай эміграцыі, раскіданыя па розных краінах. Плюс умовы прыватнасці — гэта прыводзіць да таго, што мы вельмі мала ведаем нават пра нашых найбліжэйшых партнёраў», — адзначыла Нядбай.

«Гатоўнасць да размовы, дыялогу — гэта ўжо вынік таго, што мы яшчэ не здаліся, што беларускія творцы хочуць нешта змяніць і палепшыць», — расказала стваральніца арганізацыі «Інбелкульт 2.0», кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская.

Неабходнасць правядзення кангрэса выклікана, перш за ўсё, маштабамі культурнай эміграцыі з Беларусі, лічыць яна. «Дзеячам мастацтва эміграваць даволі складана, таму што гэта самая непадыходная прафесія. Таму мы шукаем падтрымку з розных бакоў, каб больш людзей мастацтва засталося ў сваёй сферы», — адзначыла Казіміроўская.

Музей беларускага мастацтва ў выгнанні

На адной з панэлей кангрэса гаворка ішла пра ўзаемадзеянне прадстаўнікоў беларускай культуры з еўрапейскімі партнёрамі і спосабы атрымання падтрымкі. Сваім досведам падзялілася адна з арганізатараў фестывалю беларускай культуры «Minsk x Minga» ў Германіі Іна Валіцкая.

У гэтым годзе фестываль прайшоў у Мюнхене ў другі раз. Мерапрыемства фінансуецца Баварскай канцылярыяй і некалькімі фондамі.


Глядзіце таксама

«Мы хочам, каб наша праграма была арыентаваная на германскага гледача, на германскую аўдыторыю, каб пабудаваць мост паміж беларускай культурай і германскай аўдыторыяй», — патлумачыла Валіцкая.

Арт-менеджарка, сузаснавальніца і арт-дырэктарка «Ambasada Kultury» Ганна Чыстасердава таксама адзначыла, што аўдыторыя беларускіх праектаў пашырылася за кошт еўрапейскіх гледачоў. Прэзентацыі беларускай культуры за мяжой, на яе думку, магло б спрыяць стварэнне Музея сучаснага беларускага мастацтва і фарміраванне калекцыі, якая ў будучыні магла б пераехаць у Беларусь.

Выставу «вольнай Беларусі» рыхтавалі да Венецыянскай біенале 2022 года

У другі дзень кангрэса прайшлі секцыі, прысвечаныя беларускаму тэатру, выдавецкай справе, традыцыйнаму і выяўленчаму мастацтву ў эміграцыі. На апошняй сустрэчы абмяркоўваўся магчымы ўдзел беларускіх мастакоў у маштабных міжнародных мерапрыемствах — такіх, як Венецыянская біенале ў 2024 годзе. Экспазіцыя мастакоў «вольнай Беларусі» рыхтавалася да выставы 2022 года, але праз саўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны прадставіць яе не ўдалося.


Глядзіце таксама

«Думаю, цяпер добрыя часы для беларускага мастацтва», — падкрэсліла ў размове з DW мастацтвазнаўца і дырэктарка Берлінскай галерэі «Prater Galerie» Лена Прэнц. «З 2020 года колькасць беларускіх мастакоў за мяжой значна павялічылася. Наша задача — улавіць тэмы, тэндэнцыі, сейсмаграфічную здольнасць мастакоў рэагаваць на сітуацыю і паказваць нашы праекты», — дадала суразмоўца.

Беларускім пісьменнікам, якія з'ехалі, важна, каб іх чыталі на Захадзе

Кангрэс завяршыўся літаратурнымі чытаннямі з удзелам Альгерда Бахарэвіча і Юліі Цімафеевай. Кнігі гэтых і іншых аўтараў можна было набыць на кірмашы, арганізаванай беларускімі выдавецтвамі за мяжой. Юлія Цімафеева прадставіла дзве новыя кнігі — «Мінскі дзень: 2020-2021» і пераклад зборніка вершаў «Рэспубліка глухіх» амерыканскага паэта і крытыка Іллі Камінскага, які Цімафеева зрабіла разам з Вальжынай Морт.

«Мінскі дзень: 2020-2021», расказала яна, быў напісаны на англійскай мове, а адпраўным пунктам стала эсэ пра беларускія пратэсты, якое Юлі замовіла газета «Financial Times». «Беларускі пераклад для мяне быў цяжкім: складана знайсці голас, тон, з якім можна казаць пра гэтыя падзеі. У пэўнай ступені прапрацоўвала траўму», — прызналася аўтарка.

«Я хацеў, каб пераезд і маё жыццё на Захадзе не паставілі на паўзу творчасць, Я хацеў скончыць тое, што пачаў яшчэ ў Мінску, і перайсці да новых кніг», — падзяліўся з DW Альгерд Бахарэвіч. У эміграцыі ён выдаў тры кнігі: «Ператрус у музеі», «Хлопчык і снег», «Плошча Перамогі».


Глядзіце таксама

Пісьменнік адзначае, што ў яго тэкстах стала менш іроніі: «Раней я пісаў іранічныя тэксты, магчыма, гуляў ролю нейкага трыкстэра ў гэтай літаратуры. Але пасля 2020 года іронія змянілася. Складана ўсміхацца, калі такое адбываецца з тваёй краінай, з беларусамі».

Гэта ставіць перад пісьменнікамі новыя задачы: як не скаціцца да пафасу, клішэ і лозунгаў, не звесці ўсё да простых фраз і адказаў. «Для пісьменнікаў, якія з'ехалі, вельмі важна, каб іх пазнавалі і чыталі і на Захадзе. Мне менш за ўсё хацелася, каб гэта было прачытана як скарга, як плач па беларускім лёсе», — кажа Бахарэвіч.

Ён занепакоены тым, што англійскі пераклад апавядання «Карнікі» са зборніка «Ператрус у музэі» будзе ўспрыняты як «нейкі палітычны маніфест»: «Мне хочацца спадзявацца, што я раблю нешта большае, чым быць амбасадарам беларускага болю. Мы ўсе хочам быць мастакамі. На Захадзе нас называюць пісьменнікамі ў выгнанні, і тут упор робіцца на выгнанне, вельмі мала ўвагі надаецца таму, што мы таксама пісьменнікі».