«Мы ўжо згуртаваныя пад ідэяй дэмакратычнай Беларусі»

У гэты няпросты час беларусы раз'ехаліся па ўсім свеце і, нягледзячы на цяжкасці эміграцыі, імкнуцца захоўваць беларускую культуру там, дзе яны ёсць. Напрыклад, у Вільні.

Помнік князю Гедыміну ў Вільні. Фота «НЧ»

Помнік князю Гедыміну ў Вільні. Фота «НЧ»

4–10 верасня ў Вільні пройдзе Тыдзень беларускай культуры. «Радыё Свабода» пагаварыла пра гэта і не толькі з кіраўніцай Беларускага музея імя Івана Луцкевіча і актывісткай «Цэнтра беларускай культуры і супольнасці» Людвікай Кардзіс.

«Мне пашанцавала пазнаёміцца з тымі, хто заспелі міжваенную беларускую Вільню»

— Мой беларускі шлях пачаўся з першых дзён на свеце, бо я нарадзілася ў беларускамоўнай сям’і: беларуская — мая родная мова, — кажа Людвіка Кардзіс. — Але напрыканцы 80-х, пераехаўшы ў Вільню на вучобу, я пазнаёмілася з мясцовымі беларусамі, і ад гэтага пачаўся новы этап у жыцці — асэнсаванай, свядомай беларускасці. Мне пашанцавала пазнаёміцца з беларусамі, якія вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі, удзельнічалі ў «Беларускім студэнцкім саюзе» — тымі, якія заспелі міжваенную беларускую Вільню.

«Паводле архівістаў, якія цяпер працуюць з нашай калекцыяй, гэта вельмі вартыя рэчы, часам адзіныя ў свеце»

— Калі і чаму вы далучыліся да стваральнікаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча?

— Ідэя адраджэння належала Сержуку Вітушку, майму светлай памяці мужу. Ён гэтую ідэю доўга абдумваў, і я яго падтрымлівала, бо мы бачылі, што беларускія рэчы, якія захоўваліся ў старых віленчукоў, не заўжды былі патрэбнымі іх нашчадкам. Мы бачылі, як каштоўная беларуская спадчына гублялася на сметніках ці спальвалася, бо людзі не ведалі, як пра яе клапаціцца, ды не мелі каму гэта дэлегаваць.

Ідэя Сержука была менавіта адраджаць музей з нуля. Старое пакаленне віленскіх беларусаў думала пра рэпатрыяцыю экспанатаў, пра адраджэнне музея з яго першапачатковай калекцыяй, але Сяржук як гісторык ведаў, што такіх выпадкаў у свеце не бывае ці, прынамсі, у тыя часы не было, і лічыў, што трэба захоўваць тое з беларускай спадчыны, што даступна цяпер. Не заўсёды, на жаль, нам хапала смеласьці папрасіць нейкія экспанаты ці не было грошай выкупіць, але тое, што ўдалося зберагчы, паводле архівістаў, якія цяпер працуюць з нашай калекцыяй, гэта вельмі вартыя рэчы, часам адзіныя ў свеце.

«Мы пачалі працаваць не для супольнасці, а з супольнасцю»

— Як выглядаюць цяпер, праз два гады пасля адкрыцця, мэты, роля і праграмы дзейнасці Беларускага музея? Ці скарэктаваў іх масавы прыезд беларусаў у Вільню з радзімы пасля пратэставага 2020-га?

— Змена дэмаграфікі беларусаў у Вільні пасля 2020 года змяніла нашу працу радыкальна. Канешне, мы ўсё яшчэ прыярытызуем клопат над нашай калекцыяй, але за апошнія гады з'явіліся цалкам новыя задачы: падтрымліваць нашу новую дыяспару. Мы заснавалі праграму нефармальнай адукацыі — «Беларускую школку», — і цяпер гэта адна з самых вялікіх ініцыятыў нефармальнай адукацыі для беларусаў па-за межамі радзімы, і самая вялікая ў Літве.

Вельмі дапамагла эмпатыя літоўцаў: у 2021 годзе Віленскае самакіраванне дало памяшканне для беларусаў Вільні, і гэтая прастора стварае нам магчымасць кожны тыдзень мець адукацыйныя праграмы для дзяцей і дарослых, моўныя курсы, каворкінг, самую вялікую публічную беларускую бібліятэку ў Вільні ды агулам прастору для беларускіх ідэй, дзе кожны можа прыйсці і займацца тым, чым хоча. Мне здаецца, гэта была асноўная змена ў нашай працы — мы пачалі працаваць не для супольнасці, а з супольнасцю, і навучыліся значна лепш яе чуць, даваць значна больш прасторы для таго, каб чальцы гэтай супольнасці рабілі тое, што ім цікава, замест таго каб мець нейкія выключна ўласныя мэты і планы ды сачыць выключна за гэтымі мэтамі.

«Калі раней беларускіх імпрэз трэба было чакаць па некалькі месяцаў, то цяпер яны ледзь не кожны дзень»

— Што ўвогуле змянілася ў жыцці беларускай супольнасці Літвы пасля 2020-га?

— Каб сур’ёзна адказаць на гэтае пытанне, трэба шмат сур’ёзных даследаванняў. Я раскажу пра адно назіранне, што не аднойчы чула ад беларусаў, якія жывуць тут даўно: калі раней беларускіх імпрэз трэба было чакаць па некалькі месяцаў, то цяпер яны ледзь не кожны дзень.

«Самае прыгожае для мяне ў сучаснай беларускай Вільні — гэта яе шматкаляровасць»

— Якія новыя беларускія арганізацыі паўсталі ў Вільні за апошнія тры гады? Колькі іх усяго цяпер? І як складаюцца дачыненьні паміж беларускай дыяспарай і эміграцыяй?

— Вельмі радасна назіраць за тым, як шмат паўстала беларускіх арганізацый у Вільні — усе такія розныя, творчыя, энергічныя. Усіх і не пералічыш! Мне здаецца, беларуская дыяспара даволі часта наведвае імпрэзы эміграцыі, але я не бачу нічога дрэннага, калі гэтыя дзве групы не ёсць цалкам аб’яднанымі. У кожнай групы свае звычкі, свае патрэбы. Не бывае такіх супольнасцей на свеце, дзе ўсе аднолькавыя, усе любяць тое самае, усім тое самае патрэбна. Самае прыгожае для мяне ў сучаснай беларускай Вільні — гэта яе шматкаляровасць, разнастайнасць.

«Канфлікты — гэта наша, віленскіх беларусаў, спадчына»

— Даводзілася чуць пра нейкія не зусім, ці дакладней, зусім непрыемныя выпадкі, калі на імпрэзу, арганізаваную адной суполкай, прынцыпова не прыходзяць сябры іншых. Нават калі прыязджаюць да іх нейкія вельмі паважаныя і таленавітыя аўтары ці творцы. Чым вы можаце патлумачыць такія непаразуменні?

— Мы ў музеі жартуем, што канфлікты — гэта наша, віленскіх беларусаў, спадчына. Так яно было і сто гадоў таму, у міжваеннай Вільні: сварыліся, байкатавалі. Пра дырэктара міжваеннага Віленскага беларускага музея Антона Луцкевіча нават газета ёсць, дзе ўсяляк з яго кпяць ды крытыкуюць. Таму мяне не дзівіць, што ў супольнасці ёсць канфлікты.

Мы ўсе розныя, і нават нягледзячы на тое, што мы ўсе марым пра вольную Беларусь, мы ўяўляем сабе розныя краіны. Я не бачу нічога пачварнага ў канфлікце як такім — зноў жа, у кожнай супольнасці яны ёсць. Аднаго толькі хацелася б, каб метады канфлікту былі больш этычнымі — каб не намагацца ўтапіць іншага ўсімі магчымымі спосабамі. Калі бачу такое, думаю: вы ж гэты час маглі аддаць на працу для Беларусі!

Нарэшце, мушу прызнацца, што не на кожную імпрэзу сама хаджу, нават калі вельмі цікава — проста не хапае часу ці стома перамагае. Думаю, не я адна такая, і часам канфлікты больш уяўныя, чым сапраўдныя.

«Шляхецкія звычкі, вайсковая слава, лес беларускіх нячысцікаў, касмічная акварэль, вершы, музыка, танцы ды багатая пачостка»

— 4–10 верасня ваш музей ладзіць Тыдзень беларускай культуры. Раскажыце, калі ласка, дзе і што там можна будзе пабачыць і пачуць.

— Мы вырашылі прысвяціць кожны дзень пэўнаму аспекту беларускай культуры. Вядома, ахапіць усё за адзін тыдзень немагчыма, але мы выбралі тое, што на сёння падаецца цікавым і актуальным у першую чаргу для нашых сталых наведнікаў (але спадзяёмся, што праграма будзе цікавая і для гасцей, якія неўзабаве могуць стаць нашымі новымі сябрамі).

Так, панядзелак прысвечаны беларускай шляхецкай культуры і замкам, аўторак — славутым дзеячам (у тым ліку віленчукам), серада — выяўленчаму мастацтву, чацвер — літаратуры і кнігам (у прыватнасці, сучаснай паэзіі), пятніца — музыцы (але мы не абмінём увагай такую важную дату, як 8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы), субота — кірмаш, нядзеля — сялянская традыцыйная культура (у прыватнасці, абрад «Багач»).

Робім праграму з разлікам і на дарослых, і на дзяцей, бо да нас у Цэнтр прыходзіць вялізная колькасць менавіта сем’яў, працуюць розныя гурткі, а па выхадных ладзіцца «Беларуская школка».

Будуць самыя розныя майстар-класы і майстэрні. Напрыклад, майстэрня, падчас якой дзеці і бацькі змогуць сабраць папяровыя мадэлі беларускіх замкаў. Будзе майстар-клас па такім цікавым феномене, як беларускі традыцыйны роспіс па шкле — «Відзікі». Разам з тым майстар-клас па сучаснай акварэлі — будзем маляваць «Зорку Венеру» ў стылі касмічнай акварэлі.

Прыедзе шмат цікавых запрошаных гасцей: Наста Кудасава, Віталь Рыжкоў, Аляксандар Памідораў і іншыя творцы.

У панядзелак усіх ахвочых чакае цікавы аповед пра гісторыю кавы на Беларусі, а таксама дэгустацыя трох старадаўніх рэцэптаў кавы.

У аўторак запрашаем паблукаць на квэсце па Вільні (хто быў на «Нашаніўскіх легендах», ведаюць, што будзе вельмі цікава).

У сераду запрашаем на творчыя майстар-класы (дарэчы, яшчэ ёсць літаральна некалькі вольных месцаў).

У чацвер, акрамя паэтычнай сустрэчы з Настай Кудасавай і Віталём Рыжковым, у нас будзе вольны мікрафон — кожны і кожная змогуць пачытаць свае паэтычныя і празаічныя творы ці выказацца пра тое, што турбуе.

У пятніцу чакаем гасцей Цэнтра на караоке (мы ўжо ладзілі яго на Дзень Волі і атрымалі шмат станоўчых водгукаў).

У суботу будзе кірмаш, у якім удзельнічаюць майстры-беларусы, а таксама нашы сябры іншых нацыянальнасцей. Будзе шмат handmade-вырабаў, кніжны кірмаш, вулічная ежа. Для дзяцей будзе працаваць аквагрым, зладзім таксама гульні. Увечары пачнецца музычная праграма. Будзе хораша!

А ў нядзелю ладзім «Багач». Правядзём адпаведны абрад, зладзім супольны абед (гэта ўжо наша добрая традыцыя), будуць майстар-класы па беларускіх танцах пад дуду, гульні для дзяцей і вясёла-сур’ёзная латарэя «Багач».

І агулам, цягам усяго Тыдня ў нашым Цэнтры будуць дзейнічаць тэматычныя прасторы. Напрыклад, можна сфатаграфавацца на сялянскай фотазоне, схадзіць у Лес беларускіх нячысцікаў, згадаць знакавыя беларускія вершы, даведацца пэўныя цікавосткі пра беларускія замкі і шляхецкія гербы.

— Ці заявілі неяк пра сваё жаданне далучыцца да наладжвання імпрэз тыдня іншыя беларускія арганізацыі і суполкі?

— А гэта мы далучаемся да іншых — Тыдзень беларускай культуры адбываецца па ўсім свеце ў ліпені. Але ў гэтым годзе менавіта ў той час у Вільні праходзіў саміт NATO, быў абмежаваны доступ да цэнтра горада, дзе мы знаходзімся, нерэгулярна хадзіў гарадскі транспарт — карацей, наладзіць Тыдзень беларускай культуры ў адзін час з усім светам не атрымалася. Таму перанеслі на восень. Арганізуем супольна з самымі рознымі ініцыятывамі. Напрыклад, квэст арганізаваны сумесна з праектам гарадскіх экскурсій «ULegend», а кірмаш ладзім разам з «Art-fusion project».

— Што, па-вашаму, можа яшчэ больш згуртаваць віленскіх беларусаў? І якой вы бачыце будучыню сваіх суайчыннікаў у старажытнай беларускай сталіцы?

— Я прапаную мець рэалістычнае ўяўленне пра згуртаванне беларусаў. Мы ўжо згуртаваныя пад ідэяй дэмакратычнай Беларусі, пад нашым бел-чырвона-белым сцягам. А далей трэба размаўляць паміж сабою пра тое, якую Беларусь мы ствараем, але мець інтэнцыю пры тым пачуць і зразумець іншага, нават калі не цалкам з ім згодныя.