«Яны свабодныя, а не цэняць гэтай свабоды!» Як былыя палітвязні выходзілі на волю

Праз месяцы зняволення свабода ўспрымаецца зусім па-іншаму. І нават цяжкі досвед не адбірае ў людзей імпэту працаваць на беларускую справу.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_novy_czas___9__logo.jpg

Паводле праваабаронцаў «Вясны», цягам 2023 года штомесяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзілі на волю. «Радыё Свабода» расказвае, што пры гэтым адчувалі некаторыя з іх.

За кратамі ў Беларусі застаецца прыкладна паўтары тысячы прызнаных праваабаронцамі палітычных зняволеных. Неафіцыйна называюцца значна большыя лічбы. Далёка не ўсе арыштаваныя і асуджаныя з палітычных прычын хочуць, каб іх імёны траплялі ў спісы праваабаронцаў. У 2023 годзе штомесяц пасля адбыцця поўнага тэрміну на волю выходзілі некалькі дзясяткаў палітвязняў. Некаторыя з іх праз нейкі час зноў трапілі за краты, значная частка выехала з краіны. 

Леў Антанюк: «Сніцца, што ўцякаю ад міліцыянтаў — і заўсёды паспяхова»

Былы супрацоўнік Следчага камітэта па Брэсце Аляксандр Антанюк выйшаў на волю 28 студзеня, адбыўшы за кратамі год і два месяцы. У асабістых і судовых дакументах імя былога палітвязня Антанюка — Аляксандр, але сам ён просіць называць яго іншым імем: Леў. Тлумачыць, што прызвычаіўся да яго з 2020 года.

«Выйшаў з калоніі, еду ў маршрутцы і заўважаю, якія ў людзей незадаволеныя твары. Падумалася пра спадарожнікаў: вось, яны свабодныя, а не цэняць гэтай свабоды!» — кажа Антанюк.

Але ўжо праз месяц, сутыкнуўшыся з новымі рэаліямі жыцьця ў Беларусі, Леў па-іншаму ўбачыў тую ж сітуацыю. На працу яго нікуды не бралі, праверкі і абмежаванні працягваліся, агульны настрой у грамадстве быў змрочны. Тады былы зняволены вырашыў, што трэба як мага хутчэй выязджаць за мяжу.

«Дагэтуль амаль кожны дзень мне сніцца, што я зноў у турме. Прычым ува сне я чамусьці застаўся ў Беларусі і мне "шыюць" новую справу. А яшчэ адзін мой папулярны сон — гэта што я бараню свой дом і ўцякаю ад міліцыянтаў. І заўсёды паспяхова. А ўвогуле мае сны пра турму даволі пазытыўныя. Можа, таму што сваю турму я дагэтуль не ўспрымаю негатыўна», — прызнаецца Леў.

Былы зняволены калоніі «Віцьба-3» называе шэраг імёнаў вядомых апазіцыянераў, з якімі пазнаёміўся ў калоніі. Бачыўся там з блогерам Сяргеем Пятрухіным, які ўжо выйшаў на волю, кантактаваў з адвакатам Максімам Знакам, якога змясцілі ў ПКТ. Іншыя імёны новых сяброў па няволі Леў просіць не агучваць, бо «хлопцам яшчэ сядзець».


Глядзіце таксама

«Адзін перад маім вызваленнем трапіў у ШІЗА, таму не давялося развітацца нармальна. Але наша сустрэча наперадзе. Веру, яна адбудзецца раней, чым прызначыў суд», — кажа Леў Антанюк.

Пра само вызваленне былы палітвязень згадвае няшмат. «Выхад адчуў спакойна, бо разумеў, што рана ці позна гэта настане. Да апошняга моманту заставаліся падазрэнні, што могуць прыдумаць якую правакацыю, каб сапсаваць вызваленне. Выпускалі доўга, мо цягам 4 гадзін. Але ў выніку ўсё скончылася нармальна. Каля калоніі мяне сустрэлі сваякі».

У Польшчы, паводле былога вязня, ён займаецца дапамогай беларусам, якія мусілі ўцячы з радзімы. Дэталяў не паведамляе з меркаванняў бяспекі. Суразмоўца кажа, што пытанне бяспекі і за мяжой вельмі важнае, да яго трэба ставіцца звышсур’ёзна ўсім уцекачам, а не толькі былым сілавікам, якіх на тым баку мяжы абвясцілі «здраднікамі».

«Да выкрадання і вывазу на радзіму ў багажніку аўтамабіля справа наўрад ці дойдзе, не тыя часы. Але пільнасць страчваць нікому не раю», — кажа Леў і пералічвае простыя правілы, якіх трэба прытрымлівацца.

«Як куды ідзяце, азірайцеся, глядзіце ўважліва па баках, кантралюйце сітуацыю вакол сябе. Папярэджвайце сяброў, куды вы збіраецеся, колькі там прабудзеце. Пры любым падазрэнні звяртайцеся да паліцыі, якая тут працуе значна больш прафесійна».

Пра сябе Леў кажа, што ад думкі, што хутка зможа вярнуцца ў Беларусь, ён паступова адмаўляецца. Сітуацыя ў свеце змянілася, і на рэзкае паляпшэнне разлічваць не даводзіцца. Мяркуе, што яшчэ 2-3, а то і 5 гадоў прабудзе за мяжой.

«Але варта не апускаць рукі, трэба рабіць беларускую справу там, дзе ты апынуўся», — настойвае Антанюк.

У грамадскай актыўнасці ён бачыць фундамэнт ментальнага здароўя уцекачоў-суайчыннікаў. Да станоўчых вынікаў года малады чалавек залічвае салідарнасць.

«Нашы людзі захавалі салідарнасць і прыналежнасць да народа, яго культуры. Шмат разоў было, што незнаёмцы з Беларусі, убачыўшы ў мяне бел-чырвона-белую стужку ці пачуўшы беларускія словы, падыходзілі, віталіся, завязвалася размова, знаёмства. Гэта абнадзейвае», — кажа былы зняволены.

Валерыя Чарнаморцава: «Быў год канчатковага крушэння шмат якіх нашых спадзеваў»

Экскурсаводку па Курапатах, даследчыцу рэпрэсій сталінскіх часоў Валерыю Чарнаморцаву пасьля трох месяцаў, праведзеных на «Валадарцы», вызвалілі ў залі Савецкага раённага суда Мінска ў студзені. Кайданкі з жанчыны знялі адразу пасля абвяшчэння выраку: 2,5 гады «хатняй хіміі». Былая палітзняволеная згадвае той момант без асаблівых эмоцый.

«Па-першае, як везлі ў суд, так зацягнулі кайданкі на руках, што дагэтуль боль памятаю. Што да прысуду, дык "хатнюю хімію" запрасіў пракурор, таму ўжо было зразумела, што выйду на волю. Але цяжкі момант усё ж быў, пакуль чакала ў "стакане" выраку. Чамусьці абвяшчэнне зацягнулі, у мяне ўнутры ўсё дрыжала — баялася: а раптам... Бо майго адваката на працэсе не было, а маладая памочніца абаронцы, не разабраўшыся, пачала прасіць суд, каб агучылі ўсе эпізоды, на якія нават пракурор не спаслаўся. Карацей, я забаялася, што раптам пачнуць наноў "капаць", завядуць новае следства... Сядзела ў "стакане" і гадала: павядуць у аўтазак — значыць, новае следства. У судовую залю — значыць, прысуд і "хімія". І толькі калі павялі ў залю, на сэрцы адлягло. Ну і быў момант шчасця, калі выйшла з будынка», — згадвае Валерыя.

Пасля суду Чарнаморцава падала апеляцыю, гэта выратавала ад праверак пільных міліцыянтаў і дапамагло падправіць здароўе — амаль месяц хадзіла па дактарах. А яшчэ за гэты час зразумела, што па яе зноў прыйдуць, толькі наступным разам можа быць не «хімія».


Глядзіце таксама

«Я ж такая вандроўніца, мне немагчыма сядзець дома, асабліва ў выхадныя. Разумела, што я альбо сама нешта парушу, альбо яны захочуць мяне "закрыць". Бо першы раз, як арыштоўвалі, так і сказалі, што "за Курапаты пасядзіш". Таму была ўпэўненая, што наступным разам "хіміяй" не абмяжуюцца», — прыгадвае былая палітзьняволеная.

У выніку Валерыя звярнулася да людзей, якія займаюцца эвакуацыяй з Беларусі былых палітвязняў ды апанентаў рэжыму, і праз некалькі дзён апынулася ў Вільні.

Цяпер у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце Валерыя вучыцца ў магістратуры і вывучае літоўскую мову. Хоча не толькі інтэгравацца ў жыццё літоўскай сталіцы, дзе праходзіць шмат цікавых культурных падзей, але і атрымаць ліцэнзію на правядзенне турыстычных экскурсій, каб займацца сваёй любімай справай і зарабляць грошы.

«Трэба ставіць сабе пэўныя мэты ды іх дамагацца. У мяне была мэта ў 2024 годзе аднавіць экскурсіі ў Курапатах і пачаць экскурсіі па "Валадарцы", але ўжо відавочна, што гэтага не атрымаецца. Аднак я паставіла новы рубеж — 2025 год. Чаму не? Трэба ў гэта верыць».

Гісторыі іншых былых палітвязняў чытайце тут.