Хронікі рэпрэсій за 15 снежня

Працягваюцца затрыманні ў Наваполацку, у Гомелі прайшоў ператрус у Леаніда Судаленкі, а ў Мінску затрымалі дацэнта БДУ.

hroniki_represij2_logo.png_logo_2_logo_1_logo_1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1128 дзён, Дзяніс — 1008 дзён.

***

У Наваполацку працягваюцца затрыманні праз дыверсію на БАМе.  

Агульная колькасць тых, хто прайшоў праз затрыманні, невядомая. Кагосьці адпускаюць пасля шматгадзіннай гутаркі аб знаёмстве з Сяргеем Ерамеевым, затрыманым ФСБ нібыта за дыверсію на БАМе, кагосьці вязуць адразу ў суд і судзяць паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 КаАП — калі ў тэлефоне знаходзяць «экстрэмісцкія» падпіскі, паведамляе «Салідарнасць» са спасылкай на «Вясну».

Пра крымінальныя справы, распачатыя супраць кагосьці з затрыманых у апошнія дні, пакуль інфармацыі няма. Затрыманні і допыты працягваюцца з 8 снежня.

Пад затрыманні перш за ўсё трапляюць тыя, хто, як і Сяргей, меў дачыненне да агульнабеларускага страйку ў 2020 годзе.

Затрыманых распытваюць, ці былі яны знаёмыя з былым «нафтанаўцам», якога абвінавацілі ў падрыве цягнікоў у Паўночна-Муйскім тунэлі БАМа 29 і 30 лістапада, ці гаварыў ён раней пра такія намеры.

***

На тэлеканале «Беларусь-4» у перадачы «Усё па справе» расказалі пра нядаўнія затрыманні магілёўскіх журналістаў і выкладчыкаў, піша «Медыязона».

У сюжэце паказалі затрыманне былога дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова. Таксама сярод затрыманых аказаліся журналіст Барыс Вырвіч, экс-выкладчык МДУ Аляксандр Агееў і кандыдат педагагічных навук Ігар Шаруха.

Вядучая перадачы звязала затрыманне магілёўцаў з дзейнасцю рэсурсаў 6ТV.bу і «Магілёў медыя», прызнаных «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Аляксея Бацюкова прапагандыстка назвала «змоўшчыкам» Дзмітрыя Салаўёва, кіраўніка магілёўскіх выданняў, прызнаных «экстрэмісцкімі».

Выкладчыкі Ігар Шаруха і Аляксандр Агееў расказалі, што супрацоўнічалі з «Магілёў медыя», але іх тэксты змянялі да непазнавальнасці. Паказалі ў сюжэце і затрыманага журналіста Барыса Вырвіча.

Па якім артыкуле абвінавачваюць затрыманых і ў якім статусе яны знаходзяцца — невядома.

6 снежня рэсурсы «6TV Bielarus», «Магілёў медыя» і «Навіны Магілёўскага рэгіёна» прызналі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Пасля гэтага ператрусы прайшлі ў журналіста Барыса Вырвіча, выкладчыка Аляксандра Агеева, экс-дырэктара музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, кандыдата педагагічных навук Ігара Шарухі, Пятра Мігурскага і журналіста Сяргея Антонава.

Барыса Вырвіча адпусцілі пасля допыту. Сяргей Антонаў з'ехаў з Беларусі праз два дні пасля знаходжання ў ІЧУ.

***

Суд Жыткавіцкага раёна 10 лістапада асудзіў мясцовага жыхара, які працаваў у леспрамгасе вальшчыкам лесу, абвінаваціўшы яго ў «абразе прадстаўнікоў улады» паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддзя Андрэй Багданік, паведамляе «Вясна»

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Бажкевіч, «маючы намер публічна абразіць прадстаўнікоў улады — старшага ўчастковага інспектара аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі маёра міліцыі М. і міліцыянта-кіроўцу сяржанта міліцыі Ж., выкарыстоўваючы ў якасці прылады здзяйснення злачынства мабільны тэлефон .. наўмысна, з мэтай публічнага прыніжэння гонару і годнасці асобы ў непрыстойнай форме, шляхам відэаздымкі з уласным гукавым суправаджэннем, якія змяшчаюць негатыўную ацэнку супрацоўнікаў, вырабіў і захаваў у памяці тэлефона відэазапіс з удзелам супрацоўнікаў АУС».

Суд пастанавіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, са штрафам у памеры 50 базавых велічынь, што складае 1 850 рублёў.

Таксама пастаноўлена спагнаць з яго на карысць пацярпелых маральную кампенсацыю ў памеры па 1 000 рублёў кожнаму, а ў даход дзяржавы — яшчэ судовыя выдаткі ў памеры 222 рублёў.

***

У кватэры праваабаронцы Леаніда Судаленкі ў Гомелі прайшоў ператрус. Пра гэта праваабаронца напісаў у сваім фэйсбуку.

«У гэтыя хвіліны ў Гомелі скончыўся ператрус кватэры, дзе жыве мая сям'я. Што шукаюць — не кажуць, нічога не забралі. Стала вядома пра аб'яўленне мяне ў Беларусі ў вышук», — напісаў Судаленка.

Некалькі дзён таму ператрус прайшоў у прыватным доме Судаленкі. Таксама на зямельны ўчастак праваабаронцы наклалі арышт.

На пачатку лістапада Судаленка паведаміў, што стаў падазраваным па крымінальнай справе аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 КК).

У 2021 годзе праваабаронцу асудзілі на тры гады калоніі па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК). Ён выйшаў на волю ў ліпені 2023 года і неўзабаве з'ехаў з Беларусі.

***

Палітзняволенага Мікалая Казлова змясцілі ў ПКТ, піша «Вясна». Мікалай — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяцы арышту за «разгалошванне даных следства» па «справе Каардынацыйнай рады». 

27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт.342 КК). 3 лістапада Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам.

Як паведаміла 14 снежня «Рэальная Беларусь», палітыка ў лістападзе змясцілі ў ПКТ на 2 месяцы. Меркавана, яго плануюць перавесці на турэмны рэжым.

***

Сілавікі прыйшлі да дацэнта кафедры камунікатыўнага дызайну факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ. У відэа, выкладзеным сілавікамі, Аляксей Семянцоў кажа, што ў 2020 годзе 3 ці 4 разы браў удзел у акцыях, падпісаны на «экстрэмісцкі канал», піша «Наша Ніва».

Яго таксама абвінавачваюць у тым, што сябрам з Расіі «распаўсюджваў фэйкі» пра сітуацыю ў Беларусі, зніклых і забітых на пратэстах.

— Важна адзначыць, што інфармацыя пра парушальніка прадастаўлена адказнымі асобамі з БДУ, — дадае ГУБАЗіК.

Семянцову 54 гады. У 1993-м скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Дызайнер». Член «Саюза дызайнераў Беларусі». Ездзіў на стажыроўку ў Барселону. Ва ўніверсітэце працаваў больш за 15 гадоў.

У 2011-м атрымліваў падзяку ад Міністэрства культуры, адзначаў яго неаднаразова і БДУ.

***

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым супрацоўнікам «Беларусбанка».

На відэа затрыманы кажа, што прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога» і з 2015 года ўдзельнічаў у пратэстах. Таксама беларус расказаў, што быў падпісаны на «дэструктыўныя каналы» і скідваў інфармацыю ў чат-боты «Nexta», «Голас», «Беларусь галаўнога мозгу». 

Затрыманы паведаміў, што нібыта быў падпісаны на канал «Атрад грамадзянскай самаабароны» і вывучаў інфармацыю пра іх. «Медыязона» знайшла ў «Вконтакте» падобнага чалавека. Яго завуць Артур Філіпаў, яму 35 гадоў.

Па якім артыкуле затрымалі беларуса і ў якім статусе ён знаходзіцца — невядома.  

***

Паводле інфармацыі «Брэсцкай вясны», Гомельскі абласны суд 15 снежня пакінуў прысуд Паліне Шарэнда-Панасюк без змены, а скаргу — без задавальнення. Неўзабаве палітзняволеную зноў перавядуць у калонію.

Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста, была затрымана 3 студзеня 2021 года. Маці дваіх непаўналетніх сыноў асуджана па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Напрыканцы лютага 2022 года супраць яе была распачата першая крымінальная справа паводле ч.2 арт.411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»), а затым палітзняволеную асудзілі на яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

9 кастрычніка суддзя Станіслаў Іванчанка прызнаў Шарэнда-Панасюк вінаватай паводле ч.2 арт.411 КК і прысудзіў яе да яшчэ аднаго года пазбаўлення волі ў дадатак да трох гадоў. На першым пасяджэнні суда яна заявіла, што ў Зарэчынскай калоніі яе збівалі — моцна пацярпелі твар і ўнутраныя органы.

***

Telegram-чат «Белорусско-грузинско-украинский чат «Россия это зло» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем», паведамляюць праваабаронцы.

Адпаведнае рашэнне прынята КДБ 12 снежня. У ім таксама пазначаны людзі, якія нібыта маюць дачыненне да чата: Павел Турчанінаў, Станіслаў Лупаносаў, Ева Рамазанава, Міхаіл Майсак, Дзмітрый Няўгеня, Вольга Сінялёва, Руслан Зубкоў.

У чаце ўсяго 119 чалавек, а ў яго апісанні пазначана, што «дадзены чат быў створаны ў сувязі з засіллем маскалёў сярод адміністратараў рускамоўных чатаў у Грузіі. Тут жа адміністратар — беларус».

***

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі імёны яшчэ 33 чалавек — цяпер у ім 3628 прозвішчаў.

15 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзянку Украіны Кацярыну Бруханаву, асуджанага за данат беларускім добраахвотнікам праграміста Леаніда Райчонка, прадпрымальніка Валянціна Штэрмера.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 305 дзён, Максіма Знака — 309 дзён, Мікалая Статкевіча — 308 дзён, Ігара Лосіка — 299 дзён, Віктара Бабарыкі — 235 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 164 дні, Уладзіміра Гундара — 133 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1470 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1661 чалавек. Сярод іх — 184 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.