Калі да вас прыйшлі з ператрусам. Парады праваабаронцаў
«Вясна» сабрала асноўную інфармацыю наконт таго, што трэба рабіць, калі да вас заявіліся нечаканыя «госці».
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_belarus_zyccjo_milicyja_fota_novy_czas_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Калі праваахоўныя органы збіраюцца правесці ў вашым жытле ператрус, яны павінны пагрукаць або пазваніць у дзверы і папрасіць іх адчыніць. Выломліваць дзверы маюць права, калі ўладальнік памяшкання адмаўляецца яго адкрыць (ч.7 арт.210 КПК).
Да таго, як адчыняць дзверы, высветліце, супрацоўнікі якога органа і з якой мэтай да вас прыйшлі.
Паведаміце пра гэта блізкім. Да пачатку ператрусу вас не могуць у гэтым абмяжоўваць, а падчас ператрусу — могуць (ч.12 арт.210 КПК).
Вы можаце запатрабаваць праводзіць ператрус з удзелам свайго адваката (арт.45 КПК). Калі адвакат можа прыбыць у бліжэйшы час, то следчы абавязаны яго дачакацца.
Што, калі нікога няма дома
Калі чалавек, у якога праводзіцца ператрус, адсутнічае, то дастаткова прысутнасці іншага паўналетняга, які пражывае ў жытле, альбо супрацоўнікаў ЖЭС ( ч.9 арт.210 КПК).
Калі ў памяшканні, дзе павінен праводзіцца ператрус, на момант прыбыцця следчага нікога няма, то дзверы ў кватэру могуць быць ускрыты (ч.7 арт.210 КПК).
Якія дакументы павінны прад'явіць да пачатку ператрусу
Пастанова аб правядзенні ператрусу
Для правядзення ператрусу следчы павінен вынесці пастанову аб яго правядзенні, дзе напісана, па якім адрасе ён будзе праводзіцца, у дачыненні да якой асобы ён праводзіцца, па якой крымінальнай справе.
Глядзіце таксама
![Сацыёлаг: У працы рэпрэсіўнай машыны галоўным становіцца запалохванне «Галоўным становіцца не “пакаранне”, а “запалохванне”, такі своеасаблівы контррэвалюцыйны тэрор»](/img/v1/images/img_2998_2_logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Санкцыя пракурора
На пастанове абавязкова павінна быць санкцыя пракурора — дазвол на правядзенне ператрусу. У правым верхнім куце пастановы павінна быць напісана «САНКЦЫЯНУЮ» і стаяць гербавая пячатка.
Ёсць толькі два выключэнні, калі ператрус можа быць праведзены без санкцыі пракурора: калі аб'ект, што шукаецца пры ператрусе, можа быць згублены або выкарыстаны для злачынных мэт або калі асоба, якую шукаюць, можа схавацца.
Як павінен праходзіць ператрус
Пратакол ператрусу
З самага пачатку ператрусу павінен весціся пратакол. Службовыя асобы, якія прысутнічаюць пры правядзенні ператрусу разам са следчым, павінны быць указаны ў пратаколе.
Пратакол ператрусу павінен быць прад'яўлены для азнаямлення і подпісу ўсім, хто ўдзельнічае ў ім (ч.5 і 6 арт.193 КПК). Падчас азнаямлення з пратаколам можна ўнесці заўвагі і засведчыць іх сваім подпісам (ч.5 арт.193 КПК).
Глядзіце таксама
![Ператрусы ў назіральнікаў за выбарамі-2020 Па ўсёй краіне — ператрусы ў назіральнікаў за выбарамі-2020](/img/v1/images/_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg_logo.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Вопіс канфіскаваных падчас ператрусу рэчаў
Усе прадметы, што адбіраюцца падчас ператрусу, павінны быць пералічаны альбо ў пратаколе ператрусу, альбо ў асобным пратаколе (ч.2 арт.212 КПК).
Кожны прадмет павінен быць падрабязна апісаны. Калі забіраецца аргтэхніка, то павінна быць указана яе марка, нумар, колер, знешні выгляд.
Гэты дакумент павінен быць падпісаны асобай, якая праводзіла ператрус, і панятымі. На падставе гэтага дакумента потым можна будзе патрабаваць вяртання канфіскаваных рэчаў.
Панятыя
Ператрус павінен праводзіцца ў прысутнасці панятых (ч.4 арт.210 КПК). Панятых павінна быць мінімум два чалавекі, і гэта мусяць быць незацікаўленыя асобы (ч.1 арт.202 КПК). Іх задача — назіраць, як праводзіцца ператрус.
Глядзіце таксама
![Ператрусы ў сябраў Каардынацыйнай Рады -- пра што гэта? Паказаць, што могуць могуць і далей пайсці па рэпрэсіях. Пра што сведчыць «справа Каардынацыйнай Рады»?](/img/v1/images/marsz_adzinstva_6__9__log__logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Калі вы дакладна ведаеце, што панятыя — гэта супрацоўнікі міліцыі ці іншыя зацікаўленыя асобы, то можаце заявіць адвод панятым (арт.76 КПК). Самы просты спосаб — адразу заявіць пра гэта і пазначыць гэта ў пратаколе ператрусу перад сваім подпісам.
Ключы і паролі
Вы можаце не даваць следчаму ключы ад зачыненых памяшканняў, сховішчаў і сейфаў, але ў такім выпадку іх могуць ускрыць (ч.7 арт.210 КПК).
Вы маеце права не адказваць на пытанні следчага падчас ператрусу, паколькі гэта не допыт. У цэлым, прэзумпцыя невінаватасці (арт.27 Канстытуцыі) дае вам права не паведамляць падчас следчых дзеянняў інфармацыю, якая, на вашу думку, можа нашкодзіць вам ці вашым блізкім. Да такой інфармацыі могуць адносіцца і паролі ад вашых гаджэтаў.
Якія дакументы вы павінны мець пасля ператрусу
У вас мусіць застацца копія пратакола ператрусу і копія дакумента, дзе падрабязна распісана канфіскаваная маёмасць.