Паказаць, што могуць могуць і далей пайсці па рэпрэсіях. Пра што сведчыць «справа Каардынацыйнай Рады»?

За адзін дзень сілавікі зладзілі дзясяткі ператрусаў па ўсім Мінску. Прыходзілі нават туды, дзе людзі ўжо даўно не жывуць. Чаго дабіваецца рэжым?

Сілавікі праводзяць ператрусы з мэтай запалохаць і адпомсціць. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Сілавікі праводзяць ператрусы з мэтай запалохаць і адпомсціць. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Раніцай 28 лістапада сілавікі прыйшлі з ператрусамі ў кватэры людзей, звязаных з Каардынацыйнай Радай і Народным антыкрызісным упраўленнем, у тым ліку — у дом Паўла Латушкі.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў таксама пра ператрусы ў кватэрах некалькіх іншых членаў каманды НАУ, старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, эканаміста і аналітыка Сяргея Чалага, дэлегата Каардынацыйнай рады Міхаіла Таўбе, былога лідара «Маладога Фронту» Артура Фінькевіча, прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай і іншых.

Губарэвіч напісаў у сябе ў Facebook з нагоды ператрусаў: «Дзіўныя людзі прыйшлі шукаць маю маёмасць па месцы жыхарства. Ведаючы бандыцкую прыроду гэтага рэжыму, я прадаў усё яшчэ да канца 2021 года».

Паводле звестак «Вясны», ператрусы арганізаваныя па «справе Каардынацыйнай Рады», у якой ёсць такія крымінальныя артыкулы, як «Здрада дзяржаве», «Змова з мэтай захопу ўлады», «Заклікі да санкцый», «Экстрэмісцкае фарміраванне» і «Экстрэмісцкая дзейнасць».

Следчы камітэт Беларусі апублікаваў падрабязнасці справы, распачатай уладамі супраць так званых «радыкальных ячэек», піша «Голас Амерыкі». Паводле заяў сілавікоў, колькасць падазраваных у «спробе захопу дзяржаўнай улады» ў краіне перавысіла 100 чалавек. Асноўная маса падазраваных, як сцвярджаецца, знаходзіцца за мяжой.

Спіс новых фігурантаў справы быў прадастаўлены следству адным з былых членаў Каардынацыйнай рады. Гэты чалавек, які вярнуўся ў Беларусь дзякуючы дзейнасці так званай «камісіі па вяртанні», нібыта «раскаяўся ва ўчыненых злачынствах» і раскрыў імёны тых, хто звязаны з Каардынацыйнай Радай.

У сувязі з гэтымі выкрыццямі 28 лістапада была праведзена серыя ператрусаў у Мінску і іншых рэгіёнах краіны. Следчы камітэт таксама паведаміў пра планы арышту маёмасці падазраваных, уключаючы нерухомасць, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.


Глядзіце таксама

«З улікам атрыманых доказаў будзе разгледжана пытанне аб запуску працэдуры спецыяльнай вытворчасці для забеспячэння прынцыпу няўхільнасці пакарання і кампенсацыі шкоды, нанесенай злачыннымі дзеяннямі», — заявіў Сяргей Кабаковіч, прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі.

У верасні праўрадавы канал паказаў сюжэт пра былога сябра Каардынацыйнай Рады Аляксандра Піпкіна, які вярнуўся ў Беларусь пасля звароту ў «камісію па памілаванні».

Павел Латушка расказаў «Голасу Амерыкі», што на момант размовы яму вядома як мінімум пра восем выпадкаў ператрусаў у кватэрах сябраў НАУ і іх сваякоў і пра як мінімум 15 ператрусаў у прадстаўнікоў дэмсіл:

«Прадстаўнікі спецслужбаў Лукашэнкі ўваходзілі ў памяшканне ў чорных масках са зброяй. Ажыццяўляўся вопіс маёмасці, якая знаходзіцца ў гэтых памяшканнях. У будучыні накладваецца арышт на дадзенае памяшканне. Таксама пазней нам стала вядома з заяваў Следчага камітэта рэжыму Лукашэнкі пра тое, што ўзбуджаная крымінальная справа, па якой праходзіць больш за 100 падазраваных асоб. Гэта члены Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб'яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай Рады і "Народнага антыкрызіснага ўпраўлення". Следчы камітэт Лукашэнкі сцвярджае, што мы ажыццяўляем дзеянні, накіраваныя нібыта на захоп улады, экстрэмісцкую дзейнасць. Важна адзначыць, што ўсё гэта намі ўспрымаецца як палітычна матываваная падстава для пераследу прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі. Гэтыя дзеянні накіраваныя на тое, каб дэматываваць нашу барацьбу за свабодную, дэмакратычную, незалежную, еўрапейскую Беларусь».

Паводле слоў Латушкі, яго каманда працягне сістэматычна і мэтанакіравана дамагацца прыцягнення Лукашэнкі і яго паплечнікаў да адказу за ўчыненыя супраць беларусаў і ўкраінцаў злачынствы: «Мы працягнём сваю барацьбу. Да многіх з нас прадстаўнікі сілавога апарата Лукашэнкі прыйшлі без ордэраў на ператрус. Мы абяцаем, што зробім усё, каб вярнуцца ў Беларусь з ордэрам на арышт у дачыненні да падазраванага ў здзяйсненні масавых злачынстваў і нападаў на грамадзянскае насельніцтва ў Беларусі, асабіста грамадзяніна Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў».

Латушка таксама канстатуе: тое, што рэжым Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіі, дэманструе моц і ўплыў беларускіх дэмакратычных сіл.

Як паведаміла «Радыё Ўнэт» прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна, ператрус стаў для яе нечаканасцю. Пра ўварванне сілавікоў у яе кватэру яна не ведала, пакуль ёй не пачалі прыходзіць спачуванні і запыты на каментары.

«Я пра гэта даведалася толькі тады, калі мне адзін з журналістаў нашых, з рэдактараў, напісаў словы падтрымкі і спачування. І я спытала яго: "Гэта Вы мне?" Ён кажа: "Так". І тут пасыпаліся вось гэтыя запыты на каментар. То-бок я не ведала, што адбылося, і мне даслалі фота з гэтага канала прапагандысцкага. Там ніхто ў кватэры цяпер не жыве, два гады як з’ехаў мой муж. Ён апошні ўцякаў з кватэры два гады таму».


Глядзіце таксама

На ператрусы адрэагавала і Святлана Ціханоўская допісам у сваім тэлеграм-канале. Яна назвала тое, што адбываецца, адным з самых маштабных і варварскіх нападаў рэжыму з 2021 года.

Паводле яе слоў, рэжым вядзе сапраўднае паляванне за беларусамі, якія кожны дзень працуюць дзеля перамен у краіне, і запалохвае іх сваякоў. Ціханоўская заклікала ўсіх, хто знаходзіцца пад пагрозай ціску з боку рэжыму, паклапаціцца пра ўласную бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх.

Таксама прыйшлі і да родных сябра Каардынацыйнай Рады Артура Фінькевіча. Як ён сам кажа, з Беларусі ён даўно з’ехаў. Там у яго не засталося маёмасці ці рэчаў, але гэта не спыніла карнікаў рэжыму.

Прадстаўнік народных амбасад Міхаіл Таўбэ: «Па месцы маёй прапіскі прыйшлі, хоць там я ўжо не жыву даволі даўно. Тым не менш, гэта адзіны мой адрас, які ў іх ёсць. Я ўжо больш за 10 гадоў як з’ехаў, і там на мне ўжо няма ніякай ні нерухомасці, ні маёмасці якой-небудзь іншай… Як мы разумеем, гэта звязана з Каардынацыйнай Радай. А далей, на мой погляд, гэта дзве галоўныя мэты, якія маюць такія мерапрыемствы. Першая мэта — гэта, вядома, тэрор. Запалохаць актыўную частку грамадзянскай супольнасці. Запалохаць іх родных. Запалохаць у прынцыпе ўсіх беларусаў хоць неяк удзельнічаць увогуле ў барацьбе і адстойванні сваіх правоў і свабод. Гэта нішто іншае, як тэрарызм. Другая мэта, на мой погляд, якую яны пераследуюць, — гэта банальна адпомсціць і нашкодзіць. Гэта такія паводзіны пакрыўджанага дзіцяці, якое яшчэ не ўмее ўзважана рэагаваць у складаных і незразумелых для яго сітуацыях».


Глядзіце таксама

Наведаліся па месцы маёй рэгістрацыі ў Мінску. Яны дапыталі сваякоў. Пра падрабязнасці яны не могуць распаўсюджваць інфармацыю, бо падпісалі адпаведныя паперы. Там некалькі крымінальных артыкулаў з таго, што я разумею, па мне. Таксама яны хацелі апісаць маёмасць, але ў мяне ніякай маёмасці, ні рэчаў, ні маёмасці ў Беларусі ўвогуле няма. Гэта пэўны акт запалохвання прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія знаходзяцца як у Беларусі, так і па-за межамі, для таго, каб яшчэ раз паказаць, што яны кантралююць сітуацыю, што яны могуць і далей пайсці па рэпрэсіях».