Хронікі рэпрэсій. Журналісткам светлагорскага тэлеканала «Ранак» «шыюць» «экстрэмізм»

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 14 снежня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1.webp

МУС пацвердзіла затрыманне дзвюх супрацоўніц светлагорскага тэлеканала «Ранак» — супраць іх распачалі крымінальную справу. Сцвярджаецца, што затрыманым 39 і 41 год. Яшчэ адзін фігурант справы — 53-гадовы мужчына — паспеў з'ехаць за мяжу.

Паведамляецца, што «саўдзельнікі ў 2020 годзе стварылі і адміністравалі групу ў Telegram. У ёй публікавалася інфармацыя, накіраваная на арганізацыю, падрыхтоўку і ўчыненне масавых беспарадкаў, супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў з мэтай замахаў на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, асновы канстытуцыйнага ладу нашай краіны. Свае дэструктыўныя погляды яны прасоўвалі і праз інфармацыйныя рэсурсы тэлерадыёкампаніі».

Следчымі распачата крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання.

7 снежня стала вядома пра ператрусы ў Людмілы Андэнка (карэспандэнтка) і Юліі Даўлетавай (былая галоўная рэдактарка «Ранку»). Былы рэдактар «Ранку» Андрэй Ліпскі з'ехаў з краіны.

У Мінскім абласным судзе 14 снежня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 31-гадовага Чэслава Канановіча. Мужчыну абвінавачваюць у вярбоўцы, навучанні ці іншай падрыхтоўцы для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні, альбо ва ўзброеных канфліктах, ці ў фінансаванні такой дзейнасці паводле ч.2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса. Справу прызначаны разглядаць суддзя Вячаслаў Тулейка.

Канановічу, паводле прад'яўленага абвінавачання, можа пагражаць пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.

Зноў затрыманы бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў. Раней мужчына правёў за кратамі 102 дні — яго 7 разоў запар арыштоўвалі паводле арт.19.11 КаАП («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). У гэты раз, хутчэй за ўсё, мужчыну зноў арыштавалі.

Сын Лапунова — Мікіта Залатароў — адзін з наймалодшых затрыманых палітвязняў у выніку пратэстаў 2020 года. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў чатыры з паловай гады выхаваўчай калоніі.

У лістападзе тэлеграм-канал «Гомель за Никиту Золоторева» быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». У рашэнні КДБ было пазначана, што дачыненне да яго нібыта мае бацька Мікіты — Міхаіл Лапуноў.


Глядзіце таксама

У Старых Дарогах заўтра працягнецца чарговы суд над пенсіянерам Васілём Дземідовічам. Яго абвінавачваюць паводле арт.369 КК (А«браза прадстаўніка ўлады») і арт.368 КК («Абраза Лукашэнкі»). Справу разглядае суддзя Наталля Зык. Разгляд справы пачаўся яшчэ ў кастрычніку, але ў судзе, верагодна, зрабілі перапынак. Таму заўтра працэс адновіцца.

Гэта ўжо сёмы суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх двух судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць ужо амаль год і чатыры месяцы.

У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Апроч гэтага, у Васіля няма сваякоў, якія маглі б яго падтрымаць. Адзначым, што за апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах — таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.

У Брэсцкім абласным судзе 11 снежня асудзілі былога палітвязня Аляксандра Плескацэвіча паводле ч.1 арт. 130-1 («Рэабілітацыя нацызму»), ч.2 арт. 39 («Хуліганства») КК. Суддзя Андрэй Сіз прызначыў Аляксандру тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Першы раз мужчыну затрымалі восенню 2021 года за надпіс на слупе чырвона-белымі літарамі «Света, я вас кахаю», адрасаваны Святлане Ціханоўскай. Тады мужчыну асудзілі паводле ч.1 і ч.2 арт. 339 («Хуліганства») на два гады «хіміі», а пазней перавялі адбываць тэрмін у калонію.


Глядзіце таксама

Затрыманы 36-гадовы мінчук Сяргей Кудзін. Мужчына нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» і нацысцкую сімволіку, падтрымліваў «неанацызм ва Украіне» і чакаў, «калі каліноўцы прыйдуць вызваляць Беларусь».

У Гродне затрымалі супрацоўніка дзяржпрадпрыемства за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што прычынай затрымання стаў фотаздымак з дазволенага мінскага мітынгу і канцэрта, прысвечанага 100-годдзю БНР.

Напрыканцы лістапада Глыбоцкі суд у асобе суддзі Алены Кот па ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў») асудзіў шматдзетную маці Іну Юргель. Жанчыне прызначылі 20 базавых велічынь штрафу, што складае 740 беларускіх рублёў.

Вядома, што Іна паходзіць з Украіны, нарадзілася ў Валнавасе, зараз жыве ў Глыбоцкім раёне і гадуе траіх дзяцей.

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» размясціла інфармацыйную прадукцыю, якую раней уключылі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Таксама міліцыянты на яе старонцы заўважылі лагатып Nexta.

Былога магілёўскага блогера Алеся Сабалеўскага арыштавалі на 10 сутак. Яго затрымалі раніцай 12 снежня наўпрост на працы.

Пачаліся затрыманні за каментары ў сувязі са смерцю намесніка кіраўніка Шчучынскага РАУС падпалкоўніка Сяргея Асавіка. Той памёр на працоўным месцы.

Пакуль праўладныя каналы паведамляюць як мінімум пра аднаго затрыманага. Супрацоўнікі ўпраўлення па Гродзенскай вобласці ГУУБ МУС затрымалі за абразлівыя каментары 42-гадовага мужчыну. У яго нібыта шэсць судзімасцей, у тым ліку — за забойства. Сілавікі адзначылі, што гэта не адзіны падобны каментар.


Глядзіце таксама

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фарміраванне» — «Беларускі Добраахвотніцкі Корпус». Адпаведнае рашэнне прынята МУС 14 снежня. У рашэнні ведамства пазначаны прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненні да арганізацыі — Батулін Радыён, Янкоў Ігар (пазыўны «Янкі»), Трацэўскі Андрэй.

Палітвязень Вячаслаў Смірноў — на волі. Нагадаем, у судзе Ляхавіцкага раёна 27 кастрычніка 2021 года вынеслі прысуд бацьку і сыну Генадзю і Вячаславу Смірновым, якіх абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт.368 КК), а Генадзя — яшчэ і ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў (ч.2 арт.363 КК). У выніку Генадзя асудзілі на 2,5 гады калоніі, а Вячаслава — да 2 гадоў «хіміі».

Тэрмін Вячаслаў з 8 студзеня 2022 года адбываў у папраўчай установе №55 у Мінску. Днямі ён выйшаў на волю.