Супраць лідара АГП Мікалая Казлова зладзілі кампанію ціску і новых рэпрэсій
Лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі, цяпер ужо ліквідаванай беларускімі ўладамі, у канцы лістапада адправілі ў ПКТ на два месяцы.
Былыя палітвязні, калегі Мікалая, не выключаюць, што наступным крокам можа стаць перавод на строгі рэжым у турму, паведамляе Парламенцкі канал.
Такое рашэнне павінен прыняць «суд», але мала хто сумняваецца, што пры наяўнасці запыту з Мінска справа ў судзе будзе будзе вырашаная не на карысць палітвязня.
У Мікалая Казлова гэта другое зняволенне (з невялікім перапынкам). Палітык адмовіўся пакідаць краіну, хоць атрымліваў трывожныя сігналы з розных крыніц, якія раілі пакінуць Беларусь.
Мікалай Казлоў — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяцы арышту за разгалошванне даных следства па справе Каардынацыйнай рады. За час першага зняволення яго паставілі на прафулік як «схільнага да экстрэмізму». Мікалай цалкам адбыў тэрмін і 26 сакавіка 2022 года выйшаў на волю.
Мікалая Казлова другі раз затрымалі разам з іншымі лідарамі АГП — старшынёй Мінскай гарадской арганізацыі АГП Аксанай Аляксеевай і юрысткай Антанінай Кавалёвай — 27 ліпеня. Ім прад’явілі абвінавачанні паводле арт. 342 КК («Актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Увесь час іх утрымлівалі ў СІЗА на Валадарскага. Палітвязням ставіўся ў віну актыўны ўдзел у нядзельным Маршы ў Мінску 23 жніўня 2020 года — «Маршы новай Беларусі».
4 траўня 2021 года Мікалай Казлоў быў пазбаўлены спецыяльнага звання падпалкоўніка міліцыі запасу.
3 лістапада 2022 года палітык быў асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі за ўдзел у масавых беспарадках 2020 года. У ліпені 2024 года Мікалай Казлоў павінен выйсці на «волю».
6 снежня Святлана Ціханоўская, Аб'яднаная грамадзянская партыя, БНФ і іх лідары Мікалай Казлоў і Рыгор Кастусёў сталі ўладальнікамі прэміі Тэтчэр-Буша.