«Рэзалюцыя Мікалая Статкевіча»: Еўрапарламент патрабуе вызваліць палітзняволеных

У рэзалюцыі Еўрапарламента тэма палітычных зняволеных вынесеная ў асобны фокус увагі. Ціск на рэжым Лукашэнкі і санкцыі ў дачыненні да яго не будуць аслабленыя, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя.

img_3052_logo_2.jpg

Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю, прысвечаную палітычным зняволеным Беларусі і нядаўнім рэпрэсіям у дачыненні да чальцоў сем'яў беларускіх палітыкаў і актывістаў: «Патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення Міколы Статкевіча і ўсіх 1 500 палітвязняў. Заклікаем да зняцця з іх усіх абвінавачанняў, іх поўнай рэабілітацыі і фінансавай кампенсацыі шкоды, нанесенай у выніку пазбаўлення волі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Што неабходна сказаць пра змест рэзалюцыі і чым важны сам факт яе прыняцця?

Нефармальна гэту рэзалюцыю можна назваць «Рэзалюцыяй Мікалая Статкевіча», а ў цэлым яе можна ахарактарызаваць як спецыяльную рэзалюцыю па сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў нашай краіне – менавіта на гэтым рэзалюцыя робіць асаблівы акцэнт.

Гэта вельмі важна таму, што тэма палітычных зняволеных вынесена ў асобны фокус увагі, у адрозненне ад большасці рэзалюцый, якія прысвечаны сітуацыі ў Беларусі ў больш шырокім кантэксце.

Такі фокус кажа пра тое, што сітуацыя з палітычнымі вязнямі працягвае пагаршацца, градус рэпрэсій не падае, усё больш палітвязняў аказваюцца ў статусе інкамунікада і ізаляцыі, падвяргаюцца здзекам, паразе ў правах — такіх, як права на перапіску, доступ да адвакатаў, медыцынскую дапамогу і гэтак далей. А таксама падвяргаюцца катаванням.

Еўрапарламент спасылаецца на даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, дзе выразна пазначана, што ўмовы ўтрымання пад вартай у Беларусі раўнасільныя жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму годнасць абыходжанню і катаванням, што, згодна, напрыклад, артыкулу 7 Рымскага статута можа быць вызначана як злачынства супраць чалавечнасці.

Таксама вельмі важна, што акрамя канстатацыі абуральнай сітуацыі з палітычнымі зняволенымі Беларусі, Еўрапарламент заклікае дзяржавы ЕС да прыняцця канкрэтных захадаў ціску на рэжым Лукашэнкі:

- узмацнення санкцыйнага ціску;

- выкліку пакінутых дыпламатычных прадстаўнікоў рэжыму для атрымання доказаў стану і месцазнаходжання палітвязняў, пазбаўленых камунікацыі са знешнім светам;

- дакументаванню міжнародных злачынстваў і прыцягненню вінаватых да адказнасці;

- крымінальнаму пераследу і прымяненню санкцый у дачыненні да ўсіх, хто нясе адказнасць за парушэнні правоў чалавека і ваенныя злачынствы пры рэжыме Лукашэнкі.

У рэзалюцыі Еўрапарламент звяртаецца да ЕС і дзяржаў, якія ўваходзяць у яго, заклікам падтрымаць палітычных зняволеных і іх сем'і, і выкарыстоўваць любую магчымасць, каб запатрабаваць іх неадкладнага вызвалення. 

Прапануецца звяртацца да «дыпламатычных прадстаўнікоў рэжыму», каб тыя пацвердзілі стан палітвязняў і месцазнаходжанне. 

Рэзалюцыя заклікае таксама выдаваць гуманітарныя візы для беларусаў, дапамагчы ў забеспячэнні рэабілітацыі былых палітзняволеных і спрыяць іх практычнай і фінансавай падтрымцы, а таксама ўзмацніць ціск на беларускі рэжым праз новыя санкцыі.

Еўрапарламент просіць дзяржавы забяспечыць «бесперапыннае дакументаванне міжнародных злачынстваў і патрабаваць адказнасці на ўзроўні ААН праз вывучэнне УВКПЧ сітуацыі з правамі чалавека і захаванне мандата Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі». А таксама прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека і ваенных злачынствах рэжыму Лукашэнкі.

Уключэнне ў тэкст рэзалюцыі гэтых мер было ініцыявана пры актыўным удзеле каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка адзначыў:

«У сваёй рэзалюцыі Еўрапарламент выразна пазначае патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, іх поўнай рэабілітацыі і кампенсацыі за прычыненую ім шкоду. Гэтая пазіцыя сугучная пазіцыям, нядаўна агучаным Вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах Жазэпам Барэлем і прэс-сакратаром Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілерам – ціск на рэжым Лукашэнкі і санкцыі ў дачыненні да яго не будуць аслабленыя, пакуль на ўсе палітвязні не будуць вызваленыя.

У кантэксце прыняцця гэтай рэзалюцыі таксама варта адзначыць, што 1 лістапада 2023 года падчас мітынгу ў Варшаве, наша каманда выступіла з ініцыятывай прыняцця рэзалюцыі, якая была шмат у чым сугучнай з сённяшняй рэзалюцыяй Еўрапарламента. Рэзалюцыя на мітынгу была прынятая аднагалосна і пасля была накіраваная ўрадам краін-чальцоў ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і ў Еўракамісію.

Сёння мы бачым, што голас беларусаў чуюць. І актыўнасць дыяспары ў справе барацьбы за вызваленне палітвязняў вельмі важная. Нашы сумесныя намаганні даюць вынікі.

Мы павінны іх нарошчваць і працягваць барацьбу за вызваленне нашых людзей і прыцягненне да адказнасці тых, хто ўзяў наш народ у закладнікі. Мы не маем права здавацца. Толькі праз адказнасць, толькі праз магутны ціск мы зможам вызваліць усіх».