«Рэпарцёры без межаў»: Беларусь — трэцяя ў свеце па колькасці журналістаў за кратамі

З пачатку года ў свеце былі забітыя 45 журналістаў. У Беларусі 39 журналістаў сядзяць у СІЗА і калоніях, у аграмаднай Расіі — пакуль толькі 28. 

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

У 2023 годзе (за 11 месяцаў да 1 снежня) пры выкананні прафесійных абавязкаў былі забітыя 45 журналістаў. Пра гэта гаворыцца ў штогадовай справаздачы арганізацыі «Рэпарцёры без межаў». 

Больш за ўсё журналістаў (23 чалавекі) загінулі ў зонах ваенных канфліктаў. З іх 17 чалавек былі забітыя ў сектары Газа, Ізраілі і Ліване.

Ва Украіне з пачатку 2023 года, паводле звестак «Рэпарцёраў без межаў», загінулі два журналісты.

Як адзначаюць аўтары даследавання, у 2023 годзе загінулі менш журналістаў, чым гінулі кожны год з 2002-га.

У турме за сваю дзейнасць цяпер знаходзіцца 521 журналіст, падлічылі аўтары дакладу. Аднак гэта на 48 чалавек менш, чым у мінулым годзе.

Больш за ўсё зняволеных — у Кітаі (121), М'янме (68) і Беларусі (39), прычым у Беларусі за мінулы год затрыманых журналістаў стала на 7 чалавек больш. А вось па колькасці зняволеных журналістак Беларусь знаходзіцца на другім месцы (10  чалавек) — і саступае тут толькі Кітаю, дзе за кратамі 14 жанчын.

У Расіі, з яе цяперашнімі не самымі спрыяльнымі для іншадумцаў законамі і амаль 150 мільёнамі жыхароў — паводле падлікаў «Рэпарцёраў без межаў», у СІЗА і калоніях знаходзяцца 28 журналістаў.

Такім чынам, калі параўнаць колькасць насельніцтва і колькасць зняволеных журналістаў, Беларусь з яе 9 мільёнамі жыхароў — у безумоўных лідарах. Нас апераджае толькі Кітай (1,411 мільярда жыхароў) ды М’янма (55,5 мільёна жыхароў).

У 2023 годзе падчас выканання сваёй працы ў свеце забілі 45 журналістаў, у тым ліку 13 — на Блізкім Усходзе.

84 журналісты лічацца зніклымі без вестак, крыху больш за палову з іх (43) прыпадае на краіны Лацінскай Амерыкі, 31 з іх — у Мексіцы, у якой амаль усе знікненні, за выключэннем аднаго, адбыліся да 2023 года.

За апошнія 20 гадоў больш за ўсё журналістаў былі забітыя ў 2012 і 2013 гадах — 144 і 143 чалавекі адпаведна. У гэты час адбываліся найбольш жорсткія баявыя дзеянні ў Сірыі і Іраку.

У 2022 годзе быў забіты 61 журналіст.

ПаводлеMeduza, Позірк