На што беларусы выдаткоўвалі больш грошай і дзе здолелі зэканоміць?
Белстат апублікаваў даныя аб структуры спажывецкіх расходаў беларусаў за III квартал 2023 года. І там нямала цікавага. Цікава прасачыць, як беларусы размяркоўвалі свой бюджэт апошнім часам.

Напрыклад, доля выдаткаў на прадукты харчавання знізілася да рэкордна нізкіх значэнняў, але затое больш сталі выдаткоўваць на грамадскае харчаванне і нехарчовыя тавары.
Падрабязней разабрацца з гэтай інфармацыяй вырашыў праект «Вашы грошы».

Грашовыя выдаткі ў разліку на хатнюю гаспадарку (складаецца ў сярэднім з 2,2 чалавек) склалі 2092,4 рубля ў месяц, з якіх 1475,9 рубля (70,5%) прыпадае на спажывецкія выдаткі.
- З іх на прадукты харчавання дома і на грамадскае харчаванне сярэдняя беларуская сям'я выдаткавала 37,2%, або 549 рублёў. Годам раней аналагічная доля складала 38,7%.
- Яшчэ 518 рублёў сышло на нехарчовыя тавары. Гэта 35,1% у III квартале 2023 года (годам раней было 34,9%).
- За розныя паслугі ў ліпені-верасні гэтага года беларускія хатнія гаспадаркі ў сярэднім плацілі 371,9 рублёў у месяц.
- Нарэшце, 2,5%, ці 36,9 рублёў у месяц, у сярэднім у беларускіх сем'яў сыходзіць на алкагольныя напоі і цыгарэты. Трэба ўлічыць, што разлік ідзе на кожнага чальца сям'і, у тым ліку нават на дзяцей.
Цікава прасачыць, як беларусы размяркоўвалі свой бюджэт апошнім часам.
З усіх грашовых даходаў больш за ўсё сыходзіць на прадукты харчавання. Пры гэтым у трэцім квартале 2023 года выдаткі на іх склалі 33,9%, што стала мінімальным значэннем за апошнія гады. Выходзіць, сярэдняя сям'я ў Беларусі ў ліпені-верасні гэтага года на прадукты выдаткоўвала 500,3 рублёў на месяц.

Тое, што адбываецца, можа быць звязана з цэнавым рэгуляваннем. Аднак за год беларусы ўсё роўна сталі расходаваць на ежу ў намінальным выражэнні на 7% больш пры тым, што афіцыйная гадавая інфляцыя за гэты ж час была ніжэйшая за 3%, а прадуктовая інфляцыя ніжэйшая за 4%.
За год доля спажывецкіх выдаткаў, якую беларускія хатнія гаспадаркі выдаткоўваюць на алкагольныя напоі і тытунёвыя вырабы, вырасла з 2,5% да 2,6%, або з 31 да 37 рублёў. Пры гэтым рост у намінальным выражэнні склаў 19%, што ў разы вышэй за афіцыйную інфляцыю.

Гэты год у прынцыпе адчувальна ўдарыў па кашальку курцоў і аматараў алкаголю. Чатыры разы павышаліся акцызы на тытунь, а кошты на алкаголь апярэджвалі сярэдні ўзровень інфляцыі. Аднак у параўнанні з большасцю еўрапейскіх краін доля выдаткаў на алкаголь і тытунь у Беларусі нізкая. У сярэднім па ЕС гэта 4 працэнты: ад 3% у Нідэрландах да 10% у Люксембургу. У нашых суседзяў такія выдаткі таксама істотныя для сямейнага бюджэту: у Польшчы на алкаголь і тытунь прыпадае 7% спажывецкіх выдаткаў, у Літве — 6%, у Латвіі — 8%. Такое адрозненне звязана галоўным чынам з тым, што цыгарэты абыходзяцца еўрапейцам у разы даражэй, чым жыхарам Беларусі.
Паводле звестак Белстата, 5,8% спажывецкіх выдаткаў у трэцім квартале сыходзіла ў беларускіх хатніх гаспадарак на ахову здароўя. Гэта каля 85 рублёў у месяц. Годам раней на аналагічныя мэты трацілі 73 рублі, што складала 5,6%.
Доля расходаў на медыцыну ў беларусаў, верагодна, будзе расці і далей з-за росту цэн замежных медпрэпаратаў. Для параўнання, выдаткі на ахову здароўя займаюць 4,7% выдаткаў сем'яў у ЕС, а ў Расіі — 3,8%.

Раней, у перыяд пандэміі, узровень выдаткаў на ахову здароўя вырас на траціну — з 4-5% спажывецкіх выдаткаў да 6-7%. Аднак, нягледзячы на паляпшэнне эпідэміялагічнай сітуацыі, выдаткі не вярнуліся на ранейшы ўзровень, а замацаваліся на новым, павышаным.
З 2020 года ў Беларусі назіралася тэндэнцыя да скарачэння выдаткаў на культуру, адпачынак і спорт. Спачатку прычынай была пандэмія, затым палітычны і эканамічны крызіс. Але ў 2023 годзе мы назіраем рост гэтай групы выдаткаў.

У трэцім квартале 2023 года на культуру, адпачынак і спорт у сярэднім трацілі 4,8% ад спажывецкіх выдаткаў хатніх гаспадарак, або 71 рубель у месяц. І гэта не з чалавека, а на цэлую хатнюю гаспадарку (у сярэднім – 2,2 чалавека). Годам раней аналагічныя выдаткі складалі 52 рублі ў месяц. Гэта значыць, выдаткі намінальна выраслі на 37%. Для параўнання, у сярэднім па ЕС выдаткі на спорт і адпачынак складаюць каля 8% агульнага аб'ёму спажывецкіх выдаткаў хатніх гаспадарак.
У трэцім квартале 2023 года беларуская хатняя гаспадарка ў сярэднім траціла каля 55 рублёў у месяц на паслугі кафэ, рэстаранаў і гасцініц. Годам раней гэтыя выдаткі складалі 40 рублёў у месяц. Такім чынам, за год выдаткі па гэтай групе намінальна выраслі на 36%.

На ўстойлівае павелічэнне выдаткаў на кафэ, рэстараны і гатэлі маглі паўплываць рост даходаў, адкладзены попыт і павелічэнне магчымасцяў для мясцовага і замежнага турызму. У ЕС выдаткі на кафэ, гатэлі і рэстараны таксама аднаўляюцца і ў 2022 годзе ўжо дасягнулі дапандэмійнага ўзроўню.
На долю выдаткаў на ЖКГ традыцыйна ўплывае сезоннасць — і ў трэцім квартале яна самая нізкая. У бягучым годзе гэта 5,5%, або 81 рубель у месяц у сярэднім. Годам раней на аналагічныя мэты беларусы выдаткоўвалі ў сярэднім 75 рублёў на месяц, што складала 5,8% спажывецкіх выдаткаў. У намінальным выражэнні рост выдаткаў на ЖКГ за год склаў 8%.

Мы бачым значныя змены ў тым, як беларусы
выдаткоўваюць свае сродкі. На гэта ўплывалі адкладзены попыт, рост даходаў і
дзяржрэгуляванне коштаў, інфляцыйныя чаканні. Але паколькі цяпер інфляцыя
набірае абароты, у канцы года можна чакаць зменаў у выдаткоўванні беларусамі
сваіх сродкаў.