Асноўны зборнік Белстата за 11 гадоў «пахудзеў» удвая. Якую статыстыку хаваюць ад беларусаў

У зборніку Белстату «Статыстычны штогоднік Рэспублікі Беларусь» цяпер 322 старонкі. У 2012 годзе іх было 715. «Свабода» паглядзела, што за гэты час прыбралі з галоўнага статыстычнага выданьня краіны.

Фота virtualbrest.ru

Фота virtualbrest.ru

«Статыстычны штогоднік Рэспублікі Беларусь» — адзін з асноўных зборнікаў, які Белстат публікуе кожны год. У ім зьмяшчаюць даныя аб эканоміцы, жыцьці беларусаў, выдатках дзяржавы, а таксама зьвесткі пра культуру, адукацыю, інавацыі і шмат іншых зьвестак.

З 2012 году гэты зборнік пачаў актыўна «худзець». У той час у ім было 715 старонак, але пасьля з кожным годам іх станавілася ўсё менш. Тэндэнцыя выглядала так:

2012 год — 715 старонак

2013 год — 578

2014 год — 534

2015 год — 524

2016 год — 519

2017 год — 506

2018 год — 490

2019 год — 472

2020 год — 436

2021 год — 407

2022 год — 374

2023 год — 322

Што прыбралі?

Колькасьць чыноўнікаў

Журналісты параўналі зьмест двух зборнікаў — самага тоўстага, за 2012 год, дзе было 715 старонак, і самага новага, за 2023-ці, дзе 322 старонкі. Расказваем пра важныя даныя, якіх статыстыка больш не публікуе.

У зборніку за 2012 год быў разьдзел «Колькасьць работнікаў, занятых у органах дзяржаўнай улады і кіраваньня». Там былі зьвесткі пра колькасьць чыноўнікаў з разьбіўкай па месцах працы: колькі працуе ў міністэрствах, колькі ў камітэтах, органах нагляду ды іншых установах. Паводле выданьня, у 2012 годзе ў Беларусі было 70 612 чыноўнікаў. Але ўжо з наступнага 2013 году гэтая інфармацыя з выданьня зьнікла.

Таксама ў зборніку 2012 году былі зьвесткі аб каардынатах крайніх пунктаў беларускай мяжы. У наступных зборніках гэтай інфармацыі ўжо не было (апошні раз яе публікавалі ў 2018-м).

Нараджальнасьць, сьмяротнасьць і міграцыя

Разьдзел са зьвесткамі пра насельніцтва ў новых зборніках «схуднеў» на 21 пункт. У 2012 годзе там быў 31 падразьдзел, а ў 2023-м — толькі 10. Зьніклі такія паказчыкі, як «нараджальнасьць», «сьмяротнасьць», «натуральны прырост насельніцтва», «сьмяротнасьць сярод немаўлят», «міграцыя па краінах». Апошні раз гэтыя зьвесткі публікаваліся ў зборніку за 2020 год. Прапалі дадзеныя паводле гэтых паказчыкаў і зь іншай статыстыкі пасьля пандэміі 2020 году і пачатку палітычнага крызісу. Колькі людзей памерлі за гэты час і выехалі зь Беларусі, афіцыйная статыстыка таксама замоўчвае.

Зьняволеныя

У ранейшых гадавых зборніках Белстату, апроч інфармацыі аб колькасьці злачынстваў і асуджаных, публікавалася інфармацыя аб колькасьці зьняволеных, якія адбываюць пакараньне. У зборніку за 2023 год ёсьць толькі «склад асуджаных» у адсотках паводле ўзросту і полу. Апошнія дадзеныя аб зьняволеных публікаваліся ў зборніку за 2019 год. Паводле іх, на канец 2018 году ў Беларусі было 32 556 чалавек у месцах зьняволеньня.

Грузазварот і транспартаваньне грузаў

У новых статыстычных зборніках зьнікла таксама інфармацыя аб транспартаваньні грузаў па відах транспарту, а таксама зьвесткі аб транспартаваньні грузаў магістральнымі трубаправодамі. Апошні раз разьбіўку грузаперавозак па відах транспарту публікавалі ў зборніку за 2022 год.


Глядзіце таксама

Забруджаньне сьцёкавымі водамі

У новых зборніках «пахудзела» і экалягічная інфармацыя пра Беларусь. Пасьля 2012 году зьніклі зьвесткі аб «паступленьні забруджвальных рэчываў са сьцёкавымі водамі ў водныя аб’екты». Гэта бруд з прадпрыемстваў, які трапляе ў рэкі і азёры.

Такая інфармацыя апошні раз публікавалася ў зборніку за 2020 год. Пакуль засталіся зьвесткі пра выкіды брудных рэчываў у атмасфэру, але калі раней гэтаму прысьвячалася некалькі разьдзелаў, то цяпер толькі адзін. Гэта «асноўныя паказчыкі, якія характарызуюць выкіды ў атмасфэру».

Параўнаньне зь іншымі краінамі

У статыстычным зборніку за 2012 год існаваў цэлы параграф, дзе па шматлікіх характарыстыках параўноўвалася жыцьцё ў Беларусі і ў іншых краінах: сьмяротнасьць, колькасьць пабудаванага жыльля, колькасьць аўтамабіляў, дэфіцыт бюджэту ды іншае. Гэта быў вялікі разьдзел на 17 пунктаў.

Апошні раз такія зьвесткі ў зборніку публікаваліся ў 2017 годзе.

Продаж тытунёвых вырабаў

Да 2016 году ў зборніку ўсё яшчэ публікавалася інфармацыя аб продажы тытунёвых вырабаў у Беларусі. Апошні раз у адкрытым доступе яе можна было знайсьці ў зборніку за 2015 год. Пасьля сталі публікаваць толькі зьвесткі аб спажываньні алькаголю. Раней гэтыя зьвесткі былі ў адным разьдзеле.

Белстат: Шукайце ў базе статыстычных даных

Ананімная крыніца, знаёмая з сытуацыяй у Белстаце, паведаміла, што там «імкнуцца пераносіць частку даных у Базу статыстычных даных на сайце парталу». Маўляў, частку зьвестак перанесьлі ў электронную базу, чым і тлумачыцца «пахудзеньне» гадавых зборнікаў.

Выданне праверыла, ці сапраўды гэта так. Як аказалася, у базе на сайце Белстата зьмяшчаюцца толькі больш падрабязныя зьвесткі пра забруджаньне вады і атмасфэры. Няма колькасьці чыноўнікаў, а апошнія даныя сьмяротнасьці, нараджальнасьці і міграцыі датуюцца 2019 годам. Няма таксама зьвестак пра колькасьць зьняволеных і продаж тытунёвых вырабаў.


Глядзіце таксама

Якія яшчэ зьвесткі закрылі ўлады

З адкрытых крыніц Белстату дадзеныя пачалі зьнікаць таксама з 2021 году на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі. Тады прыбралі зьвесткі аб сьмяротнасьці, дадзеныя аб колькасьці пэнсіянэраў і пра экспарт нафтапрадуктаў ды ўгнаеньняў.

Зьніклі таксама апэратыўныя зьвесткі аб продажы плястмасаў, гумы і вырабаў зь іх. Дадзеныя аб экспарце машынаў, абсталяваньня і мэханізмах, а таксама аб гуказапісвальнай апаратуры. Таксама прапалі зьвесткі аб продажы за мяжу сродкаў наземнага транспарту, а гэта аўтобусы, трактары, грузавікі, то бок асноўныя вырабы беларускай прамысловасьці.

З 2022 году перасталі наагул публікаваць дадзеныя аб продажы тавараў за мяжу з разьбіваньнем па катэгорыях. Апошні раз яны публікаваліся ў 2021 годзе. Сёньня нельга ўбачыць, што і ў якой колькасьці Беларусь экспартавала за мяжу.

«Прасьцей не паказваць таго, што ня сьведчыць на карысьць»

Тыя кірункі, дзе дзяржава «прасядае», імкнуцца не паказваць. Такую думку выказвае старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.

«Ня хочуць паказваць тое, што ня можа сьведчыць на карысьць. Закрылі статыстыку ў замежным гандлі, інвэстыцыях, а таксама статыстыку нараджальнасьці, сьмяротнасьці, міграцыі. Паказчыкі, дзе дзяржава прасядае, утойваюць. Дзяржава выбірае шлях не паказваць інфармацыі. Рэйтынгавыя агенцыі ня хочуць публікаваць рэйтынгі аб Беларусі, бо ў іх няма дадзеных. Гэта выклікае падазрэньне ў інвэстараў; гэта фактар, які ўплывае на выбар інвэстара не на карысьць Беларусі», — кажа Анастасія Лузгіна.

І дадае, што фактар адсутнасьці падрабязнай статыстыкі ўплывае і на рэпутацыю Беларусі як ня вельмі надзейнай краіны.