Краіна ў пастцы «адмоўнага росту»

Так ужо атрымалася, што добрых навін за тыдзень практычна не было. Праўда, і асабліва дрэнных не было, але тэндэнцыя «адмоўнага росту» відавочна прасочваецца ва ўсім — ад эканомікі да палітыкі. Беларусь, нягледзячы на запэўніванні прапаганды, апускаецца ў стагнацыю.

Ілюстрацыйнае фота з amazon.com

Ілюстрацыйнае фота з amazon.com

Дзве эканамічныя справаздачы, якія з’явіліся на тыдні, выклікаюць лёгкі сум. Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця, напрыклад, заўважылі запаволенне росту ў беларускай прамысловасці, якая цяпер застаецца асноўным драйверам павелічэння ВУП. Нягледзячы на тое, што ў студзені-ліпені наш ВУП вырас на 2,9%, «памесячная дынаміка паказвае на некаторае запаволенне хуткасці росту: +13,7% г/г у ліпені пасля +15,5% г/г у чэрвені, пры гэтым на ліпень папярэдняга года прыходзілася максімальная глыбіня спаду прамысловай вытворчасці». У астатнія месяцы бягучага года па меры павышэння базы параўнання прамысловасць і ВУП замарудзяць тэмпы росту, гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе ЕАБР.

Прыкладна тое ж самае гаворыцца і ў экспрэс-аналізе даследчага цэнтра BEROC. Праўда, там лічаць, што ВУП у жніўні будзе падаць з-за сельскай гаспадаркі. Па-першае таму, што з-за надвор'я зрушыліся тэрміны ўборачнай кампаніі, і асноўны яе этап прыйшоўся на ліпень. Па-другое, вельмі нізкі ў нас ураджай зерневых. Ну і па-трэцяе, таму што ў нас аднавіўся імпарт, але не аднавіўся экспарт. «Да канца бягучага года верагодным уяўляецца сцэнар стагнацыі прамысловай вытворчасці», — кажуць эксперты BEROC, і прадракаюць узровень ВУП па выніках года ў раёне 3%.

Так, нават гэтыя 3% тыя ж эксперты ЕАБР лічаць высокім ВУП. Але ў мінулым годзе спад ВУП склаў 4,7%. Гэта значыць нашы сённяшнія 3% — гэта няпоўная кампенсацыя падзення мінулага года.

А каб падкрэсліць тое, што наша эканоміка аднаўляецца Белстат заявіў, што ўсё ж такі не будзе публікаваць дэталёвыя даныя аб знешнім гандлі. Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева так і заявіла ў Нацыянальным прэс-цэнтры: бізнес-супольнасць актыўна запытвае даныя аб знешнім гандлі. Але «тыя звесткі, якія сёння падае Белстат, яны паказваюць, што беларуская эканоміка аднаўляецца, яны нікому не падабаюцца за мяжой».

Гэта значыць, логіка простая: эканоміка аднаўляецца, але мы вам гэтага не пакажам. Проста паверце на слова.

Дарэчы, пра сельскую гаспадарку. Яна ў нас ужо набіла аскому сваёй праблемнасцю, але ўсё роўна хацелася б ведаць, якой цаной дасягнуты яго ўнёсак у ВУП. Таму што на тыдні старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні выканкама Віцебскай вобласці паведаміў, што ў той самай вобласці нармальна працуюць толькі два з сямі раней створаных аграпрамысловых аб'яднанняў. У гэтыя сем аб'яднанняў былі ўкладзеныя парадку мільярда (!) рублёў, а добра справіліся толькі два з сямі. Пры гэтым тры, па словах Андрэйчанкі, цалкам праваліліся.

Цікавую дынаміку «адмоўнага росту» ў нас паказвае не толькі эканоміка, але і саюзныя з Расіяй праграмы. Як заявіла ў эфіры Беларускага тэлебачання намеснік міністра эканомікі Алеся Абраменка, Беларусь і Расія цалкам выканалі 10 з 28 праграм па паглыбленні інтэграцыі. Яшчэ 9 — у «высокай ступені гатоўнасці». Але доля выкананых мерапрыемстваў дасягнула 80%. З 16 імпартазамяшчальных праектаў ужо фінансуюцца восем.

Вось заблытала, дык заблытала. Бо 19 з 28 — відавочна не 80%. І 8 з 16 — таксама не. І ўрэшце, дзе скасаванне роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй, абяцаная нам ужо вельмі даўно? І як быць з заявамі Лукашэнкі ўвесну гэтага года, калі ён кляўся і бажыўся, што на 80% выкананыя аж 28 саюзных праграм? Дзіўны «адмоўны рост», праўда?

Зрэшты, і Міністэрства замежных спраў таксама не бліскае перамогамі на дыпламатычным фронце. Мы так імкнуліся ў БРІКС, так разлічвалі на тое, што гэтае стварэнне ўсё ж такі з'яўляецца процівагай ці то НАТА, ці то ЕС, — увогуле, «калектыўнаму Захаду». Але аказваецца, што там з Захадам сварыцца ніхто не хоча. У выніку саміту БРІКС у арганізацыю запрошаныя пяць новых краін: Аргенціна, Егіпет, Эфіопія, Іран, Саўдаўская Аравія, ААЭ. Яны стануць паўнафарматнымі сябрамі арганізацыі з 1 чэрвеня 2024 года. Беларусі, як мы бачым, сярод іх няма, хоць мы раней за іншых падавалі заяўку на сяброўства. А міністр замежных спраў Сяргей Алейнік, які прадстаўляў Беларусь на саміце, казаў, што Мінск разлічвае атрымаць пацвярджэнне на хутчэйшы прыём у арганізацыю.

Не склалася, не зраслося. Затое спадар Алейнік сабраў магутную калекцыю сэлфі з калегамі па БРІКС, чым і пахваліўся ў афіцыйным твітар-акаўнце МЗС. Ці гэта была такая своеасаблівая справаздача, што ён у ПАР не штаны праседжваў, а ўсё ж працаваў, сустракаўся, хай і без адпаведнага выніку.

Але ж не можа ж быць так, каб у нас не было ніякага развіцця, праўда? І так, развіццё ёсць. У асобна ўзятым сегменце, у якім развіццё ідзе вось ужо тры гады.

Урад пастанавіў, што да 1 студзеня 2025 года ў кожным раёне і горадзе абласнога падпарадкавання павінен з'явіцца хаця б адзін дружалюбны дзецям пакой для допыту. Дружалюбны дзецям пакой для допыту — гэта спецыяльна абсталяванае памяшканне, у якім органам, вядучым крымінальны працэс, ажыццяўляецца допыт непаўналетняга пацярпелага або сведкі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту. Па меркаванні ўрадоўцаў, у гэтым пакоі павінна быць канапа, крэсла-мяшок і дзіцячыя цацкі. А апроч гэтага — мінімум дзве відэакамеры, сістэма гука- і відэафіксацыі, і сумежнае ізаляванае памяшканне, абсталяванае гука- і відэазапісвальнай апаратурай, сродкамі радыёкамунікацыі, прызначанае для дыстанцыйнага назірання.

А тое ГУБАЗіК стаміўся «з рук» запісваць «пакаяльныя відэа».

Але самае цікавае: грошы на стварэнне такіх пакояў возьмуць са сродкаў не МУС або Следчага камітэта, а з тых, што прадугледжваюцца ў мясцовых бюджэтах на функцыянаванне сацыяльна-педагагічных цэнтраў.

І гэтая ідэя мне падабаецца. Не ідэя пакоя для допытаў, а яе фінансаванне. Урад у чарговы раз падкрэслівае старую ісціну: чым менш грошай выдаткоўваецца на педагогаў і настаўнікаў, тым больш іх прыйдзецца марнаваць на міліцыю.

Застаецца толькі высветліць, каму гэты тонкі намёк адрасаваны. Каб зразумець, ці зразумее яго адрасат.