«Наш любімы лідар памрэ. І што пасля гэтага ў нас застаецца?»

Паліталагіня Кацярына Шульман з дапамогай алегорый тлумачыць, навошта Пуціну спатрэбілася вайна з Украінай. Але яе высновы справядлівыя і для рэвалюцыі 2020-га ў Беларусі, і для далейшай контррэвалюцыі, якую мы перажываем цяпер.

c95d514fe571dd4f75e22490fbca8c02_1.jpg

— Я думаю, і чым больш часу праходзіць з пачатку вайны, тым больш умацоўваюся ў гэтым сваім меркаванні, што вайна была пачатая і задумана не як вайна, а роўна так, як яны яе назвалі — «спецыяльная ваенная аперацыя» — не для таго, каб радыкальна змяніць стан рэчаў, гэта значыць не з рэвалюцыйнай мэтай, а з мэтай кансерватыўнай.

З тым, каб прадухіліць тыя палітычныя змены, якія натуральным чынам адбыліся б са зменай пакаленняў, — робіць выснову Кацярына Шульман на канале Іллі Яшына. — Зразумела, што нават тая недасканалая дыфузія багацця, якая адбывалася ў Расіі ў 2000-2010 гады, прадугледжвала за сабой пэўныя палітычныя наступствы.

Прасцей кажучы, гарадскія работнікі постіндустрыяльнай эканомікі патрабавалі для сябе іншых палітычных умоў. Пераход ад індустрыяльнай цэнтралізаванай эканомікі да рынкавай дэцэнтралізаванай і постіндустрыяльнай, то-бок эканомікі паслуг, камунікацый, сэрвіснай эканомікі патрабаваў іншых палітычных рамак. Інакш вы не можаце расці далей.

Гэта і ёсць тая славутая «пастка сярэдняга даходу». Гэта такая сітуацыя, у якой краіны другога свету растуць-растуць-растуць, а потым упіраюцца ў нейкую нябачную столь.

Ёсць нейкая сума Х, сума даходаў, пасля які вы павінны перайсці альбо да больш дэмакратычных формаў, для таго каб развівацца далей, альбо вы павінны адкаціцца назад, каб захаваць уладу.

Гэта значыць альбо вы ідзяце па дарозе прагрэсу, але тады ўладай трэба дзяліцца. Альбо вы павінны сваіх людзей зрабіць зноў беднымі і гэтую постіндустрыяльную эканоміку неяк прыдушыць з тым, каб у вас па-ранейшаму большасць працавала ў прамысловай вытворчасці.

А прамысловая вытворчасць у вас будзе альбо дзяржаўная, альбо калядзяржаўная. Гэта калі прамысловыя актывы належаць вашым сябрам. Вось што такое «пастка сярэдняга даходу».

Расія класічным чынам уперлася галавой у дно, як князь Гвідон. Далей у вас два варыянты — альбо вы выбівае дно, альбо ідзяце да дна.

Паліталагіня тлумачыць, чаму расійская ўлада памылілася, выбраўшы ў якасці варыянту для падаўжэння сваіх паўнамоцтваў вайну.

— Я думаю, што пачатак вайны быў такой кансервавальнай, вельмі спецыфічнай, але кансервавальнай мерай. Каб не было далейшага росту, каб гэта гарадское насельніцтва запалохаць, выціснуць з краіны і неяк рэпрэсаваць. Каб ізаляваць краіну ад знешняга свету. А ўсё, што вядзе да ізаляцыі, вядзе да захавання ўлады.

Але вайна аказалася не «спецаперацыяй». Яна апынулася чымсьці іншым.

Сістэма для вайны не прыстасаваная, мы гэта бачым. Ваюе яна дрэнна, разведвае таксама дрэнна, службы ў яе працуюць дрэнна, мяжу ахоўваюць дрэнна.

Дзіўным чынам мы назіраем усе апошнія месяцы, як тыя часткі сістэмы, на якіх яна засноўвала сваю ідэнтычнасць, яе раз за разам падводзяць: і армія, і спецслужба, і разведка, і нават прапаганда.

З вайной атрымліваецца не вельмі, больш за тое, працягваючыся, вайна пастаянна прадукуе такія сітуацыі, якія для сістэмы небяспечныя. Прыгожынскі мяцеж — добры прыклад.

Гэта значыць хацелі ўмацаваць сваю ўладу і стварыць такую прастору, у якой мы, умоўныя эліты, беззваротна перададзім усё дзецям, і ніхто нам не перашкодзіць, а атрымалі пастаянную нестабільнасць, пастаянныя рызыкі і пагрозы нашым авуарам, нашай уласнасці, нашым перспектывам, нашым дзецям.

Пакуль сістэма, будучы вельмі інерцыйнай, лічыць, што найлепшы магчымы паводніцкі патэрн — гэта нічога не рабіць. Дзесьці там эскаляваць у вонкавым свеце, як у 2015 годзе, калі ўдалося адцягнуць увагу ад таго, што адбывалася ў Данецку і Луганску, пачаўшы новы этап вайны ў Сірыі. Калі б Расія туды не ўлезла, то Асада дадушылі б.

Але цяпер сістэма ўлезла ў вайну, якую яна не ў стане толкам весці. Да Кіева не дайшлі.

Усе сілы расійскай палітычнай машыны сыходзяць, каб рабіць выгляд, што нічога не адбываецца.

Або падтрымліваць вось гэты самы гамеастаз, літаральна як у Люіса Кэрала: бегчы ўдвая хутчэй, каб заставацца на месцы. І не проста бегчы ўдвая хутчэй, а бегчы ўдвая хутчэй, яшчэ і ўхіляючыся ад пастаянна лятучых дронаў.

Вайна для гэтай сістэмы аказалася ненатуральнай, супрацьпрыроднай. Яна — прынтар, яна не танк. А яе ададралі ад разеткі, вынеслі ў чыстае поле і сказалі, а цяпер, прынтар, стань танкам. Ён робіць, небарака, што можа, там, неяк вечкам махае, агеньчыкамі лыпае, кажа, давайце, я вам надрукую што-небудзь каляровае, прыгожае, але ў якасці танка ён не вельмі.

Патрыятычная грамадскасць лічыць, што масавыя расстрэлы дапамогуць павысіць прадукцыйнасць працы і свядомасць грамадзян. Іншымі словамі, калі падняць вышэй гэты прынтар і грымнуць яго аб зямлю, то ён у танк усё ж такі ператворыцца.

Меркаванне палітычнага блока Адміністрацыі прэзідэнта Расіі складаецца ў тым, што калі да гэтага прынтару прыляпіць колы на двухбаковы скотч, то хто-небудзь здалёк падумае, што гэта сапраўды танк, — прыводзіць метафару Шульман.

Яна лічыць, што цяпер найбольш верагодны сцэнар для Расіі — сцэнар дэградацыі і вельмі дакладна апісвае становішча, у якім аказваюцца ўлады, што ўтрымліваюцца ва ўмовах аўтакратыі.

— Цёмны бок персаналісцкай аўтакратыі — молімся мы на лідара, ён нам забяспечвае стабільнасць. Але паколькі ён таксама такая ж фізічная асоба, як і мы ўсе, у яго ў галаве бываюць свае завіхрэнні, а ніякіх інстытутаў, якія б яго стрымлівалі ў гэтых завіхрэннях, няма.

Таму замест таго, каб забяспечваць нам стабільнасць, ён нам забяспечвае «выдатныя нечаканасці». А мы далей глядзім на яго і нічога не можам зрабіць, таму што ўсе процівагі мы старанна знішчалі на працягу папярэдніх гадоў.

Горш за тое, гэты наш любімы лідар таксама памрэ, як і мы. І што пасля гэтага ў нас застаецца? Дэінстытуцыялізаваная прастора.

Пасля гэтага, дарэчы, пачынаюць успамінаць «залатыя часы вялікага лідара» і казаць: што ж вам з Хусейнам не жылося, што ж вы Кадафі не любілі — глядзіце, наколькі горш стала пасля іх.

Зразумела, пасля іх стала горш, бо гэта тое, да чаго яны вялі справу. Таму што пасля іх застаецца брызентавае поле і на ім алюмініевыя агуркі, — робіць яшчэ адну алегарычную выснову Шульман.