Ці ёсць у Беларусі шанец трапіць у БРІКС?
Беларусь цікавіць буйных гульцоў як транзітная краіна, але цяперашні ўзровень стасункаў з Еўразвязам фактычна зводзіць гэты інтарэс да нуля. Так мяркуе гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
Шэсць новых краінаў — Аргенціна, ААЭ, Егіпет, Іран, Саудаўская Аравія, Эфіопія — з 1 студзеня 2024 года папоўняць шэрагі БРІКС. Пра гэта гаворыцца ў Ёханэсбургскай дэкларацыі, прынятай па выніках 15-га саміту.
Заяўкі на ўступленне ў арганізацыю перад самітам у ПАР падалі 23 краіны, сярод іх і Беларусь. Напярэдадні сустрэчы ў Ёханэсбургу міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік казаў, што «краіны, якія падалі заяўкі, уключаючы Беларусь, разлічваюць атрымаць пацвярджэнне на найхутчэйшы прыём у сяброўства ў арганізацыі».
Чаму Беларусь пішчом лезе ў арганізацыю? Чаму яе не прынялі ў БРІКС і якія перспектывы свецяць у бліжэйшай будучыні?
— У БРІКС жадаюць уступіць вельмі сур’ёзныя краіны, у тым ліку краіны, якія на апошнім саміце прынятыя ў склад арганізацыі (Аргенціна, Іран, Саўдаўская Аравія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Егіпет ды Эфіопія). Тая ж Нігерыя, якая экспартуе шмат нафты, Інданезія з магутнай эканомікай, Венесуэла з сур’ёзнымі нафтавымі запасамі. Гэты блок, які Кітай разглядае ў якасці альтэрнатывы «Вялікай сямёрцы», з эканамічнага пункту гледжання сапраўды цікавы эканамічны праект. І тое, што беларускія ўлады робяць на яго стаўку, — цалкам лагічна. Тым больш, што адносіны з Захадам вельмі дрэнныя, тэндэнцый да паляпшэння няма. Лукашэнка дэклараваў адыход ад Захаду ў кірунку поўдня і ўсходу, — мяркуе Аляксандр Фрыдман.
— Вось толькі шанцаў на дадзены момант яўна не было. Унутры самой арганізацыі вяліся відавочныя спрэчкі адносна таго, каго прымаць, а каго — не. З той пяцёркі, якая арганізавала БРІКС, Расія, Кітай і Паўднёвая Афрыка падтрымлівалі пашырэнне арганізацыі, а Індыя і Бразілія ставіліся да гэтай перспектывы хутчэй скептычна. У выніку яны прыйшлі да рашэння павялічыць склад, але глядзіце, якія дзяржавы яны ўзялі? Яны прынялі Аргенціну — гэта сур’ёзная дзяржава сусветнага маштабу, узялі Іран, які ўжо фактычна ядзерная дзяржава. Прынялі Саўдаўскую Аравію і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія і ў фінансавай, і нафтавай галіне адыгрываюць важную ролю, Егіпет таксама важная краіна і ў арабскім свеце, і ў Афрыцы.
Трохі дзіўна выглядае прыняцце Эфіопіі, таму што яна адрозніваецца ад астатніх дзяржаў, акрамя таго, там ідзе вельмі крывавая вайна. Мабыць, гэта звязана з кітайскім уплывам на Эфіопію. Як бы там ні было, Эфіопію прынялі ў БРІКС. А што да астатніх дзяржаў, якія відавочна з’яўляюцца сатэлітамі краін-удзельніц БРІКС, то Венесуэла і Беларусь, напрыклад, выразна арыентуюцца на Расію, менавіта яна жадае засунуць іх у БРІКС. Да таго ж Беларусь на фоне новых сябраў БРІКС зусім маленькая краіна, якая да таго ж залежыць ад Расіі. Таму ніякіх шанцаў на прыняцце Беларусі ў БРІКС гэтым разам не было. Я думаю, беларускія ўлады гэта добра ведалі, таму і накіравалі на саміт менавіта міністра замежных спраў Алейніка. Калі б заставаліся хоць тэарэтычныя шансы пераламаць сітуацыю, дык напэўна, туды паехаў бы Галоўчанка ці сам Лукашэнка.
Але тэарэтычныя шанцы трапіць у БРІКС застаюцца. Зараз старшынёўства ў БРІКСе пераходзіць да Расіі, а наступны саміт адбудзецца ў Казані — у пэўным сэнсе гэта падвышае шансы Лукашэнкі. Але зноў жа, каб атрымаць месца ў БРІКС, трэба будзе пераканаць іншых. А сярод кандыдатаў на членства ў арганізацыі краіны, якія і ў эканамічным, і ў палітычным сэнсе Беларусь значна пераўзыходзяць. Магчыма, у будучыні членства ў БРІКС і атрымаецца, але яўна не ў кароткатэрміновай перспектыве.
— Наколькі ўдалым аказаўся разварот афіцыйнага Мінска з Захаду на Усход?
— Гэта вымушаная палітыка Лукашэнкі: ён і эканамічна, і палітычна імкнецца пераарыентавацца, але гэта будзе цяжка зрабіць. Цікавасць да Беларусі з боку краінаў БРІКС ці Кітая непасрэдна звязана з геаграфічным становішчам краіны, якая мяжуе з Еўразвязам, — як транзітная краіна, якая можа быць выкарыстаная для ўмацавання сувязяў з Еўропай. З сённяшнімі стасункамі з Еўразвязам, з ЗША, з санкцыямі, уведзенымі супраць лукашэнкаўцаў, трактыўнасць Беларусі не павялічваецца, а толькі памяншаецца.
Так што разварот вымушаны, але вельмі эфектыўным я б яго не назваў.