БРІКС у ролі саюза асаблівых і незалежных дзяржаў

БРІКС, БРІКС, БРІКС. Нічога не нагадвае? Ну як жа! «На гэтым полі выкапай ямку, скажы тры разы: «Крэкс, фэкс, пэкс», пакладзі ў ямку залаты, засып зямлёй, зверху пасып соллю, добра палі вадой — і ідзі спаць. А заўтра на раніцу...»

Краіны БРІКС. 

Краіны БРІКС. 

Не памыляецца той, хто нічога не робіць. Гэты прынцып стаіць у шэрагу ўніверсальных, і таму няма нічога дзіўнага ў тым, што асобныя памылкі дапускаліся і архітэктарамі беларускай мадэлі развіцця.

Прыкладам самай істотнай памылкі можа служыць наступнае сцвярджэнне, запазычанае з даклада на II Усебеларускім народным сходзе: «Без Беларусі не можа быць квітнеючай і бяспечнай Еўропы. Наш беларускі народ быў, ёсць і застанецца неад’емнай часткай еўрапейскай цывілізацыі» (18.05.2001).

Памылка ў выбары спадарожніка жыцця здольная абярнуцца знявечаным лёсам асобнага чалавека. За неразуменне свайго месца на цывілізацыйным глобусе расплачвацца даводзіцца суверэнітэтам і дзяржаўнай незалежнасцю.

Але калі нехта здзяйсняе памылкі — гэта паўбяды. Бяда — у адмове іх своечасова прызнаць. Дзякуй еўрапейскай цывілізацыі, якая прадэманстравала пасля 24 лютага 2022 года свой сапраўдны твар. Калі б не гэта эпахальная падзея, Беларусь, нібы асёл Бурыдана, так і не рашылася б зрабіць канчатковы выбар паміж заходнехрысціянскімі і ўсходнехрысціянскімі цывілізацыйнымі купкамі сена.

Аднак жа добра тое, што добра заканчваецца: «Як бы нам ні хацелася, як бы мы шчокі ні надзімалі, што мы вось такія-сякія... Так, мы такія, мы асаблівыя, мы незалежныя, у нас ёсць свае планы, свае думкі і іншае. Але гэта агульная (з Расіяй. — Рэд.) наша цывілізацыя. Усходнеславянская цывілізацыя» (27.06.2023).

Навошта гарматы і танкі?

Зрэшты, выбар на карысць БРІКС не з’яўляецца выбарам на карысць усходнеславянскай цывілізацыі. БРІКС — цывілізацыйны вінегрэт. Пальцаў на руцэ з цяжкасцю хапае, каб пералічыць усе цывілізацыйныя дыялекты. Але не гэта галоўнае. Значна больш важнае тое, што ў кожнага яго інгрэдыенту маюцца свае прэтэнзіі да Захаду. А нішто так не гуртуе, як агульны крыўдзіцель.

Глядзіце таксама

Калі адсутнічае гербавая папера — пішуць на звычайнай, а калі няма ўласных думак — звяртаюцца да цытавання. Дам слова эксперту па нацыянальнай бяспецы Аляксандру Цішчанку: «БРІКС набірае абароты. Яго саміты ўплываюць на пульс планеты. Гэты саюз ужо зламаў заходнюю матрыцу і актыўна перапісвае гісторыю светабудовы».

Сярод практычных дасягненняў БРІКС эксперт па бяспецы вылучыў уменне «жыць без долара». Гэта ўменне, якім БРІКС гатовы падзяліцца, — нібыта магніт, што прыцягвае дзясяткі краін: «Па сутнасці, такая вялікая колькасць ахвочых далучыцца да БРІКС кажа ў першую чаргу пра пачатак доларавай дэкаланізацыі».

Для мноства краін свету ЗША — вораг Number Оne. Але ў адрозненне ад усім нам добра знаёмай дзяржавы, амерыканскія неакаланіялісты «не далучаюць новыя тэрыторыі, яны прысвойваюць кіраванне гэтымі дзяржавамі праз карупцыю... Краіны самі сябе рабуюць у інтарэсах ЗША за міфічнае прызнанне дэмакратычнага свету».

«Навошта гарматы і танкі, — пытаецца эксперт, — калі дастаткова інструментаў SWIFT? Калі ўсе войны дзеля капіталаў, то ў сучасным свеце страляць не абавязкова. ЗША паводзяць сябе як зязюля — падкідаюць яйкі ў чужыя гнёзды, а выседжваюць і робяць іх залатымі ўжо марыянеткі. Долар паводзіць сябе як зязюляня — ён выкідае нацыянальную валюту з гнязда і забірае ўвесь клопат эканомікі на сябе».

Чаму такое становіцца магчымым? Адказ просты: моцная валюта выцясняе слабыя з міжнароднага абарачэння. Сіла валюты — у параўнальных перавагах выканання класічных функцый грошай, а такіх пяць: мера кошту, сродак абарачэння, сродак плацяжу, сродак назапашвання і сусветныя грошы.

Дзесяцігоддзямі калегі спадара Цішчанкі распавядалі наіўным беларусам пра заканчэнне эпохі долара. Кароль, маўляў, голы. За ім — акрамя друкарскага варштата — нічога не стаіць. Ну, хіба што абрэвіятура SWIFT (супольнасць сусветных міжбанкаўскіх фінансавых каналаў сувязі).

Самая надзейная перашкода вываду капіталаў

Працягну цытаванне: «Дэдаларызацыя і пераход на разлікі паміж краінамі ў нацыянальных валютах сёння бачыцца як самая надзейная перашкода вываду капіталаў з краін і ўмова незалежнасці і эканамічнага ўздыму. Толькі пры гэтых умовах усе багацці і здабыткі краін застаюцца па месцы прапіскі».

Свежы таму прыклад — разлік Індыі ў рупіях за расійскую нафту. Заканадаўства забараняе выводзіць рупіі за межы краіны, і таму не варта здзіўляцца, што каля 39 мільярдаў долараў, якія належаць расійскім нафтавым кампаніям, завіслі ў індыйскіх банках.

Пры такой сістэме гандлю колькі нафты ні пастаўляй, пагроз дзяржаўнаму ўладкаванню, а заадно з ім гістарычным і нацыянальным традыцыям, не ўзнікне. Таму і з’яўляецца чарга з ахвочых уступіць у міжнародную арганізацыю, якая прэтэндуе на ролю альтэрнатывы амерыканскаму неакаланіялізму.

Глядзіце таксама

Пераход на нацыянальныя валюты, якія не здольныя выконваць усе пяць функцый грошай, — самая надзейная перашкода вываду капіталаў. Адначасова ён (пераход) прэтэндуе на найлепшую камбінацыю з пяці пальцаў, якія краіны трэцяга свету здольныя паказаць ненавіснай Амерыцы. І не бяда, што аўтарства абрэвіятуры БРІКС належыць брытанскаму эканамісту Джыму О’Нілу.

У 2021 годзе дасягненні свайго хросніка эканаміст ахарактарызаваў наступным чынам: «Акрамя стварэння Банка БРІКС... цяжка ўбачыць, што група зрабіла, акрамя штогадовых сустрэч».

БРІКС, па сутнасці, не з’яўляецца міжнародным эканамічным ці палітычным аб’яднаннем. Імкненне яго заснавальнікаў «стварыць альтэрнатыву кантраляваным Захадам міжнародным фінансавым і эканамічным саюзам» застаецца дэкларацыяй.

Не апраўдаў надзей альтэрнатыўшчыкаў і Банк БРІКС. Створаны 10 гадоў таму са статутным капіталам у $50 мільярдаў (прычым — звярну асаблівую ўвагу! — долараў, а не юаняў), ён выдаў крэдытаў на 30 мільярдаў долараў (у той час як Сусветны Банк выдае штогод каля 100 мільярдаў долараў), пры гэтым траціна праектаў банка рэалізуецца ў Кітаі.

P. S.

Тым, хто выступае супраць аднапалярнага свету, нагадваю: БРІКС — гэта не аб’яднанне раўнапраўных партнёраў, а хутчэй клуб суіскальнікаў прыхільнасці Кітая.