Устойлівае развіццё і хлусня Белстата
Рэжым выкарыстоўвае любыя магчымасці атрымаць грошы ад Захаду, а для гэтага малюе сабе імідж змагара за лепшую будучыню.
Прапаганда паўтарае, што Беларусь можа стаць можа стаць прыкладам для іншых краін ААН у дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця. У якасці пацвярджэння Белстат апублікаваў звесткі, паводле якіх сацыяльна-эканамічныя паказчыкі выраслі. Аднак апытаныя «Deutsche Welle» эксперткі лічаць, што ўлады маніпулююць лічбамі, каб палепшыць імідж краіны і атрымаць фінансаванне ад ААН.
Чым ганарацца ўлады
Мэты ўстойлівага развіцця (МУР) — гэта праграма ААН, якая ўключае 17 мэтаў, дасягненне якіх да 2030 года павінна дазволіць планеце жыць у міры і дабрабыце. Дзяржавы, уключаючы і Беларусь, абавязаліся змагацца з галечай і дэградацыяй навакольнага асяроддзя, забяспечыць роўнасць, спрыяць стварэнню адкрытага грамадства, свабоднага ад страху і гвалту.
Паводле звестак Белстата, за апошнія пяць гадоў доля насельніцтва, якое жыве за рысай беднасці, знізілася з 5,9 да 3,9%. Забяспечанасць пітной вадой вырасла з 99,4 да 100%. Мабільнай сувяззю ахоплена 98% насельніцтва, да 100% палепшылася даступнасць дарог для жыхароў вёсак. Вырасла колькасць медработнікаў: са 191,7 да 195,2 на 10 тысяч насельніцтва. І паслугамі аховы здароўя цяпер задаволеныя 88,9% жыхароў краіны, у 2017-м гэты паказчык складаў 62,9%. Пры гэтым знізіўся тэмп росту ВУП на душу насельніцтва — са 102,6% у 2017 годзе да 96,1% у 2022-м.
Калі меркаваць па добраахвотным нацыянальным аглядзе МУР, які ўлады далі ў ААН, Беларусь упэўнена рухаецца да дасягнення Мэт устойлівага развіцця. І ў 2022 годзе ў рэйтынгу свету заняла 34-е месца са 166 краін.
Аднак Белстат апублікаваў паказчыкі толькі па 8 з 17 мэтаў. Што засталося па-за кадрам? Інфармацыя пра якасную адукацыю, экалогію і энергетыку, устойлівасць і бяспека гарадоў, гендарная роўнасць, доступ да правасуддзя, грамадзянская супольнасць, змяншэнне няроўнасці.
Як Беларусь змагла падняцца ў міжнародным рэйтынгу
Юрыст па міжнародным праве Кацярына Дэйкала кажа, што ўлады падаюць зручную для сябе інфармацыю і хаваюць сапраўднае становішча спраў у краіне, каб выглядаць у выгодным святле на міжнароднай арэне.
Сістэма МУР, тлумачыць экспертка, заснаваная на Павестцы 2030, у прэамбуле якой падкрэсліваецца рэалізацыя правоў чалавека, комплексны і непадзельны характар МУР. «Гэта значыць, што поспехамі па адсутнасці голаду немагчыма прыкрыць катаванні і 1500 палітвязняў у краіне», — адзначае суразмоўца.
Беларускі Хельсінкскі камітэт падрыхтаваў альтэрнатыўную справаздачу аб дасягненнях МУР — і высновы праваабаронцаў адрозніваюцца ад заяў уладаў: «Стаўленне дзяржавы да дасягнення МУР мае ўмоўны і павярхоўны характар». Эксперты адзначаюць, што ў краіне не засталося аніводнай праваабарончай арганізацыі. Пасля 2020 года ўлады адмовіліся ад супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю, ліквідавана больш за 800 некамерцыйных арганізацый, многія з якіх працавалі на дасягненне МУР.
Як жа Беларусь змагла падняцца так высока ў міжнародным рэйтынгу? Кацярына Дэйкала тлумачыць гэта недасканаласцю сістэмы. «Індыкатары, распрацаваныя ААН, не дазваляюць комплексна зразумець праблему, ахопліваюць яе толькі ў агульных рысах. Распрацаваныя індыкатары — гэта кампраміс усіх дзяржаў. Гэта значыць, трэба было знайсці нешта сярэдняе паміж дасягненнямі, напрыклад, у Нарвегіі і афрыканскіх краінах, дзе да гэтага часу існуе жаночае абразанне», — кажа юрыстка.
Акрамя таго, нават калі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці рыхтуюць альтэрнатыўныя даклады, чыноўнікі не абавязаныя рэагаваць на іх крытычныя каментары ў абгрунтаванні сваёй пазіцыі ў ААН.
«Яшчэ адна праблема — у бюракратыі, — працягвае Дэйкала. — ААН — гэта буйная арганізацыя, дзе працуюць розныя органы, часцяком высновы адной структуры не суадносяцца з высновамі іншай. Гэта мы і бачым у рэйтынгу па МУР, дзе ў Беларусі досыць высокае месца. У той жа час, Рада па правах чалавека і спецдакладчык ААН па Беларусі пастаянна сігналізуюць пра пагаршэнне сітуацыі ў краіне».
Так улады, на думку эксперткі, карыстаюцца недасканаласцю сістэмы, каб выставіць сябе ў добрым святле на міжнароднай арэне. «Праца па МУР — адзінае, што засталося ў рэжыму», — тлумачыць юрыстка.
А ці можна давяраць афіцыйным даным?
Палітолаг Леся Руднік лічыць, што ўлады спрабуюць выкарыстоўваць вынікі па МУР, каб палепшыць і свой унутраны рэйтынг: паказаць прыхільнікам і тым, хто сумняваецца, што жыццё ў Беларусі адпавядае міжнародным стандартам.
Акрамя таго, заўважае экспертка, беларускія ўлады могуць выкарыстоўваць гэты аргумент у знешняй камунікацыі, дамагаючыся змякчэння санкцый і павелічэння міжнароднай дапамогі па лініі ААН.
«Не думаю, што ў рэжыму атрымаецца абвесці ўсіх вакол пальца. Колькі б улады ні ганарыліся поспехамі па даступнасці адукацыі, гэта не перакрые вядомыя факты пра беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць сваіх грамадзян і саўдзел у вайне супраць Украіны», — лічыць Леся Руднік.
Да таго ж, афіцыйныя звесткі выклікаюць недавер не толькі ўнутры краіны, але і па-за яе межамі, удакладняе палітолаг: незалежныя сацапытанні пад забаронай, а Белстат наўмысна хавае ад грамадзян інфармацыю пра сацыяльна-эканамічныя паказчыкі.