Змаганне навукі і прапаганды за бітву пад Оршай
Прапагандысты спрабуюць усяляк нівеляваць значэнне бітвы пад Оршай 1514 года для беларусаў. Нават стварылі сваю «бітву пад Оршай».
Прапагандысцкая машына рэжыму Аляксандра Лукашэнкі імкнецца прыбраць з медыяпрасторы тэмы, якія супярэчаць міфам пра гістарычнае адзінства беларускага і рускага народаў. Сярод такіх тэм — значэнне бітвы пад Оршай 8 верасня 1514 года, якое святкуецца апанентамі рэжыму як Дзень беларускай вайсковай славы.
У апошняе дзесяцігоддзе ў медыяпрасторы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы значна ўзрасла цікавасць да тэмы войнаў Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй. У прыватнасці, прыцягвае ўвагу такая гістарычная падзея, як пераможная для Вялікага Княства Літоўскага Бітва пад Оршай на Крапівенскім полі 1514 года, піша «MediaIQ».
Падчас пошуку інфармацыі на гэты конт аўтара гэтых радкоў чакала пацешнае адкрыццё: у пошукавік трапіў фільм тэлекампаніі СТБ «Бітва пад Оршай. Нараджэнне легенды» аўтаркі Веранікі Грышковай (2020). Фільм пра« першае выкарыстанне сістэм залпавага агню "Кацюша"» ля чыгуначнага вузла Орша ў 1941-м аўтар назвала «Бітва пад Оршай. "Клін клінам — Оршу Оршай»…
Паказваецца, што гэта «праект да 75-годдзя Перамогі» (над Трэцім Рэйхам. — Заўв. аўт.)... Як бачым, дзяржСМІ вырашылі ўвесці святкаванні сваёй бітвы пад Оршай, каб адвесці ўвагу ад нязручнай для сябе і сваіх расійскіх калег тэмы. Як гэта назваць? Інфармацыйная падмена?
Гібрыдная вайна Вадзіма Гігіна і яе пастулаты
У выступах беларускіх дзяржаўных СМІ тэма перамогі ВКЛ пад Оршай у 1514 годзе практычна не прысутнічае. Выключэннем з'яўляецца хіба што леташні фільм-маналог прапагандыста Вадзіма Гігіна на Youtube-канале СБ ТБ «Историческая среда» пад назвай «Гибридная война Средневековья – Битва под Оршей 1514». Нічога асабліва важнага і новага там няма, толькі апяванне даследаванняў расійскага аўтара Аляксея Лобіна і яго манаграфіі «Битва пад Оршей 1514», якую «нацыяналістычным аўтарам няма чым крыць».
Паспрабуем разабрацца з меркаваннем Гігіна, наколькі яно дакладна.
Дамо слова вядомаму расійскаму даследніку маскоўска-літоўскіх войнаў XVI-XVII стст., кандыдату гістарычных навук Аляксею Лобіну. Звернемся да матэрыялаў артыкула пад назвай «Расійскі гісторык пра бітву пад Оршай: гэта была найбуйнейшая тактычная бітва» інтэрнет-медыя Delfi.lt. У ім на пытанне журналіста Аляксандра Палубякі «Ці было нешта ярка індывідуальнае, фенаменальнае ў бітве пад Оршай?» Лобін адказаў:
«Несумненна, бітва 8 верасня 1514 года з'яўлялася буйной бітвай. З усіх бітваў з Расіяй гэта была першая буйная палявая перамога ВКЛ у супрацьстаянні з усходнім суседам... <...> Шок рускага боку быў выкліканы нават не тым, што было разгромлена два палявыя корпусы арміі, а тым, што ў ходзе гэтай бітвы трапіў у палон практычна ўвесь камандны састаў...».
Страты маскавітаў Лобін ацаніў прыблізна ў 2 тысячы чалавек.
Вось такая ўзважаная ацэнка аўтара, які супрацьстаіць «нацыянальна арыентаваным гісторыкам» і нацыяналістычным міфам.
Важным аргументам аўтара з'яўляецца прадстаўленне прыблізнай колькасці войскаў абедзвюх армій: прыблізна па 12 тысяч з абодвух бакоў. Лічбы 35 тысяч у ВКЛ і 80 тысяч у Масковіі аўтар вызначае як прапаганду ваеннага часу для Еўропы. У сваім артыкуле «Бітва пад Оршай 1514 г. у сучаснай беларускай гістарыяграфіі і праблема крытыкі гістарычных крыніц» расійскі аўтар прайшоўся па працах аўтараў перыяду станаўлення беларускай незалежнасці 1990-х Уладзіміра Арлова, Анатоля Грыцкевіча і інш., папракаючы іх у залішніх эмоцыях і перабольшанні маштабу і значэння бітвы, хоць, бясспрэчна, указаў на важныя крыніцы па тэме, не даследаваныя раней беларускімі аўтарамі.
Падсумоўвае значэнне Аршанскай бітвы 1514 года Аляксей Лобін прыблізна так: «Перамога польска-літоўскіх войскаў пад Оршай не змяніла ход вайны, не пераламала ход кампаніі...». Навошта ж тады расейскія аўтары пішуць пра перамогу ў Кулікоўскай бітве 1380 года і святкуюць гэтую падзею, хоць хан Тахтамыш пасля яе спаліў Маскву?
Чаму рэвізія значэння 8 верасня не абгрунтаваная
Дамо слова беларускаму аўтару, даследчыку Аршанскай бітвы 1514 года кандыдату гістарычных навук Аляксандру Казакову. Аўтар прысвяціў свае шматлікія даследаванні розным аспектам бітвы, яе крыніцам і гістарыяграфіі. Напрыклад, скрупулёзнае даследаванне аўтара «Гістарыяграфія Аршанскай бітвы 1514 г.: дасягненні і праблемы», дзе паказаў поўны агляд гістарыяграфіі ад XIX стагоддзя да сучаснасці, адлюстраваў спецыфіку расійскай, польскай і беларускай гістарыяграфій у ХХ стагоддзі і на цяперашнім этапе. Паказаў, чаму тэма гэтай бітвы «стрэліла» ў 1990-я, як складвалася вывучэнне бітвы ў Польшчы ў савецкі перыяд. Аўтар дае для беларускага чытача падрабязную панараму гістарыяграфіі бітвы.
На ўкраінскім вебінары беларускі аўтар прадставіў свае тэзісы аб важных этапах і аспектах бітвы. Казакоў згаджаецца з тым, што на Крапівенскім полі 8 верасня было значна менш воінаў з абодвух бакоў, чым было прадстаўлена раней. Ён прыводзіць лічбу ў 14-16 тысяч у польска-літоўскай арміі.
Разам з тым Казакоў абвяргае заявы Любіна пра 2 тысячы польскіх наймітаў у войску ВКЛ і не згодны з прымяншэннем значэння Аршанскай бітвы. Па прыблізных стратах маскоўскай арміі палоннымі і забітымі Казакоў лічыць ацэнкі Лобіна прыніжанымі. Беларускі аўтар кажа пра страшны разгром маскоўскага войска ў выніку баталіі 1514 года. Праблемнымі момантамі ў вывучэнні Аршанскай бітвы, паводле беларускага аўтара застаюцца: колькасць маскоўскай арміі, лакалізацыя бітвы (не было праведзена палявое даследаванне месца бітвы), страты абодвух бакоў і інш.
Даволі важнай, ці не адзінай нагляднай крыніцай па гісторыі Аршанскай бітвы з'яўляецца аднайменная карціна XVI стагоддзя невядомага аўтара, якая знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Аўтар гэтых радкоў быў перад гэтай карцінай на лекцыі вядомага польскага прафесара, даследчыка культуры сярэднявечнай Польшчы і Літвы Марэка Яніцкага. Паводле яго высноў, прадстаўленых у артыкуле «Obraz Bitwa pod Orszą – geneza, datowanie, wzory graficzne a obraz bitwy "na Kropiwnej" i inne przedstawienia batalistyczne w wileńskim pałacu Radziwiłłów», карціна належыць аўтарству мастака школы Лукаса Кранаха Старэйшага і, хутчэй за ўсё, напісана пасля 1540 года. Манера напісання зброі, збруі, асоб маскоўскіх ваеначальнікаў прывялі Яніцкага да высноў, што карціна магла быць напісана ў Вільні, дзе знаходзіліся маскоўскія палонныя, дзе іх мог бачыць мастак. Заказчыкам мастацкага вобраза, магчыма, быў сам манарх ВКЛ і Польшчы Жыгімонт II Аўгуст, які ўладкоўваў сваю каралеўскую рэзідэнцыю ў Вільні.
Кароткі пералік дасягненняў вышэйзгаданых даследчыкаў бітвы пад Оршай 1514 года гаворыць пра тое, што рабіць заўчасную рэвізію, як ужо пастараўся Аляксей Лобін і паслядоўнікі яго інтэрпрэтацыі ў асобе прапагандыстаў з дзяржСМІ, такіх як Вадзім Гігін, заўчасна. Прыцягненне новых методык з сумежных навуковых дысцыплін дасць магчымасць дапоўніць вывучанае. У любым выпадку, перамогу ВКЛ над Масковіяй гэта не ставіць пад сумнеў, выражэннем чаго і з'яўляецца значнасць даты 8 верасня для многіх беларусаў.