«Палохаюць яны нас, а палохаюцца ў выніку самі»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» ўжо неяк казаў, і не адзін раз, што беларускім уладам ад беларускай прапаганды шкоды значна больш, чым нам. Таму што нікога ў іх так не атрымліваецца распрапагандаваць, як саміх сябе. Вось хлусяць яны нам, а вераць у сваю хлусню самі.

fota_aryny_sjankevicz_novae14.06_logo.jpg

Ужо каторы дзень беларускі тэлевізар распавядае пра гераічнае выкрыццё спробы ўзброенага звяржэння стабільнасці шляхам правядзення канферэнцыі ў Кіеве. Ну, для чаго выкрываць канферэнцыю ў Кіеве, якую ніхто ні ад каго і не хаваў, мне якраз нават зразумела.

Па-першае, зорачкі на пагонах лішнімі нікому не бываюць. А якія табе зорачкі, калі ты пачытаеш пра канферэнцыю ў інтэрнэце? Гэта маглы, накшталт нас з табой, чытаюць у інтэрнэце. А героі нябачнага фронту здабываюць інфармацыю (якую мы чытаем у інтэрнэце) абавязкова з рызыкай для жыцця. Каб была бачная агентурная праца і кулі ў тэлевізары свісталі над галавой.

А па-другое, беларуская стабільнасць так уладкаваная, што без рэгулярных спробаў узброенага звяржэння ў тэлевізары яна адразу пачынае хварэць. Ну прывыкла яна, каб яе ў тэлевізары зрыналі ўзброеным шляхам. То на яе 150 джыпаў з кулямётамі прарвуцца, то арда беспілотнікаў наляціць. Тым і жыве.

Але ж якая з гэтым беларускім тэлевізарам тонкасць? Палохаюць яны нас, а палохаюцца ў выніку самі. Таму што хто ж паверыць беларускаму тэлевізару акрамя сведак стабільнасці і самога беларускага тэлевізара?

І вось яны ўжо так доўга палохалі, як іх збіраюцца зрынаць узброеным шляхам на канферэнцыі ў Кіеве, што нарэшце напалохаліся. Ну, а што ты сабе думала? Тыдзень пра такія жахі распавядаць? Гэта ж ніякіх нерваў не хопіць. Сёй-той вунь турнэ па Афрыцы сабе зладзіў, каб быць ад кіеўскай канферэнцыі падалей.

Карацей, дапвялося клікаць генерала Карпянкова з мэтай правядзення сеансу псіхалагічнай рэабілітацыі. А генерал Карпянкоў — ён жа генерал. У генерала Карпянкова столькі спецназаў, што ён не баіцца амаль ніякіх канферэнцый. Прынамсі, калі яны праходзяць у Кіеве.

Глядзіце таксама

Таму што ён баявы генерал і кавалер ордэна шкляных дзвярэй. Сто чалавек сабраліся ў Кіеве, каб пагаварыць, а генерал Карпянкоў у Мінску нават не прыводзіў сябе ў баявую гатоўнасць. Нават у частковую баявую гатоўнасць, і тое не прыводзіў. Так літаральна і сказаў, што мінулы з'езд ніяк не паўплываў на яго баявую гатоўнасць. Сказаў, што нават калі б там сабралася не 100 чалавек, а ўсе 200, то ён бы ўсё роўна не баяўся.

Не. Мне здаецца, ты ўсё ж такі не ўяўляеш сабе гэты маштаб асобы і нервы літаральна як сталёвыя ліны. Усё, што ў чалавека ёсць, гэта армія, унутраныя войскі, АМАП, тэрытарыяльная абарона, народнае апалчэнне, снайперская паляўнічая-рыбалоўная брыгада і восем вельмі спецыяльных спецназаў. А! Яшчэ ядзерныя боегалоўкі. Але яны, магчыма, віртуальныя.

А там 100 чалавек сабралася на канферэнцыю ў Кіеве, і яму не спатрэбілася нават прыводзіць усё гэта ў баявую гатоўнасць. І калі б 200 сабралася, ён бы таксама абышоўся без баявой гатоўнасці. Ён сам так сказаў. Таму што сапраўдны герой і абаронца стабільнасці. Пра 300 чалавек генерал Карпянкоў, праўда, нічога не сказаў. Мабыць, калі б на канферэнцыю ў Кіеве сабралася 300 чалавек, то без поўнай баявой гатоўнасці было б не абысціся.

Што табе сказаць? З такімі баявымі генераламі стабільнасць, вядома, можа нічога не баяцца. Хіба што сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.