Карпянкоў супраць КДБ: «Мы нават сабак не прыводзілі ў баявую гатоўнасць»

Тыдзень КДБ Беларусі праз розныя дзяржаўныя медыя выхваляўся «інсайдамі», якія яны нібыта атрымалі з канферэнцыі «Шлях да Волі», арганізаванай Фондам Кастуся Каліноўскага ў Кіеве. Мерапрыемства прапаганда назвала «падрыхтоўкай да вайны супраць Беларусі». А Карпянкоў да пафасу КДБ паставіўся грэбліва.

Будынак КДБ у Мінску

Будынак КДБ у Мінску

Карпянкоў пракаментаваў правядзенне канферэнцыі Рыгору Азаронку для праекта «МЫ!» на тэлеканале СТВ. Ён заявіў, што такія канферэнцыі ніяк не адбіваюцца на баявой гатоўнасці яго падраздзяленняў.

«Там кажуць, што нейкі з'езд прайшоў, што дзесьці там, атрымліваецца, рыхтуюцца да нейкага ўварвання, што там аб'ядноўваюцца вакол гэтых вось, атрымліваецца, 15 або 20 “каліноўцаў”, нейкія там апазіцыйныя сілы. І гэта вельмі важна. Вы ведаеце, што гэта настолькі не адбіваецца нават на нашай баявой гатоўнасці. Мы нават сабак не прыводзілі ў баявую гатоўнасць з нагоды таго, што там дзесьці там сабраліся... Сунуцца — яны атрымаюць!» — у характэрнай манеры заявіў Карпянкоў.

Ён лічыць, што за «каліноўцамі» ніхто не стаіць, а за ім, Карпянковым, стаяць «дзеці». Свае заявы камандуючы ўнутраных войск рабіў на фоне наведвальнікаў так званага дзіцячага ваенна-патрыятычнага клуба.

«Вяртаючыся да таго мерапрыемства, якое там вось было за мяжой, і дзе яны збіраліся, ды іх 15 ці нават 200, але яны вельмі хутка скончацца. Гэта адзін-два баі. Нават не кажу, атрымліваецца, пра бітву. Бо самае галоўнае, у людзей, якія ў пагонах, падрыхтаваць, вы ведаеце, навучаны баявы рэзерв. І вось гэты вось наш навучаны баявы рэзерв — гэта наша эліта, гэта наша абараназдольнасць. Таму што няпроста вось у адным баі перамагчы. Такога не бывае. І вось за намі армія, за намі, атрымліваецца, спецпадраздзяленні, за намі нашы дзеці, мы гатовыя, за імі нікога няма, яны вельмі-вельмі хутка скончацца. І яны гэта разумеюць», — заявіў намеснік міністра.

Праўда, за словамі Карпянкова пра тое, што «мы нават сабак не прыводзілі ў баявую гатоўнасць», могуць стаяць зусім іншыя рэчы. Напрыклад, што ў баявую гатоўнасць проста няма каго прыводзіць, і няма нават сабак. Багата экспертаў скептычна ставяцца да баяздольнасці беларускага войска і яго маральнага стану. І шмат хто кажа, што ўнутраныя сілы Карпянкова здольныя ваяваць толькі з бяззбройнымі людзьмі.

Паводле Reform.by

Глядзіце таксама