«Выбіраю еўрапейскія каштоўнасці». Былы следчы з Брэста і гісторыя яго зняволення

«Вясна» зрабіла вялікую размову з былым супрацоўнікам міліцыі, які звольніўся ў 2020 годзе і неаднаразова быў затрыманы. Публікуем частку гэтай размовы.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Фота мае ілюстрацыйны характар

З Аляксандрам Антанюком з Брэста, былым следчым і былым палітзняволеным, праваабаронцы сустрэліся 28 лістапада — у дзень, калі споўнілася роўна 10 месяцаў, як ён на волі. Брэстаўчанін адбыў увесь тэрмін у паўтары гады па «справе карагодаў» і пакінуў Беларусь праз рызыку новага пераследу. Каля дзевяці месяцаў ён знаходзіцца ў эміграцыі. «Вясна» паразмаўляла з былым палітвязнем пра працу следчым, папярэджанне за канцэрт «Dzieciuki», затрыманне на праўладным мітынгу, успрыняцце кратаў з двух бакоў, пра тое, з якімі выклікамі прыходзілася сутыкацца ў зняволенні, каштоўнасць свабоды, «брэсцкі працэс» і многае іншае.

«Начальнік напісаў, што я "выбіраю еўрапейскія каштоўнасці"»

З 2020 года Аляксандр называе сябе іншым імем — Леў. Менавіта так яго ведае ўжо блізкае атачэнне, таму ён ужо звык да яго. Таму Аляксандр папрасіў і праваабаронцаў так яго называць.

Да ліпеня 2020 года Леў працаваў следчым, але сышоў з органаў па заканчэнні кантракта. Пры гэтым у вольны час ён наведваў шмат мерапрыемстваў, якія ў Беларусі лічыліся «апазіцыйнымі», напрыклад, святкаванні Дня Волі ці канцэрты адпаведных музычных гуртоў. У апошні год Льва падвысілі на працы — перавялі ў вобласць — яму падабалася там працаваць, ён нават задумаўся аб працягненні кантракта, але вясна 2020 года дала яму надзею на перамены ў краіне — і ён звольніўся.

«Увесь час працы следчым я думаў, што ўсё-ткі гэта не маё. На пачатку 2020 года я зразумеў, што ніякіх змен не будзе. Але ў траўні нечакана пачаліся палітычныя і сацыяльны змены ў грамадстве. Вось тады я і зразумеў, што кантракт у следчых органах я працягваць не буду. Хаця ў маім атачэнні сярод калег не было заўзятых "лукашыстаў" — гэта былі дасведчаныя юрысты, годныя і адукаваныя людзі. Хаця час паказаў, што напэўна, маё стаўленне да іх было занадта пазітыўным. Але такое маё ўспрыняцце было тады».

Былы следчы расказвае, калі дазволілі «Brutto» ў Беларусі, то ён наведаў усе іх канцэрты па ўсёй краіне.

«На ўсе канцэрты я хадзіў з бел-чырвона-белым сцягам. Гэта было цікава: праца — у дзяржаўных органах, жыццё — на такіх мерапрыемствах. Заўсёды баяўся, што мяне могуць затрымаць праз гэта. Але такое жыццё мяне зрабіла больш аб'ектыўным у сваіх поглядах, я разумеў розныя працэсы ў грамадстве».


Глядзіце таксама

Але праз удзел у такіх мерапрыемствах у следчага ўсё-ткі былі праблемы на працы:

«Падаецца, у 2018 годзе я пісаў тлумачальную праз удзел у канцэрце "Dzieciuki" — праз тое, што патрапіў на фота "Бінокля". Маё фота змясцілі на галоўную матэрыяла — гэта заўважыў пракурор раёна.

Таксама на адным з фотаздымкаў быў побач з нацыянальнымі сцягамі — "займаў актыўную пазіцыю", так бы мовіць. Як мне тады расказаў кіраўнік, пракурор даслаў гэтае фота старшыні Следчага камітэта, а той распачаў праверку па мне. Ён прапанаваў мне "пакаяцца" і выбачыцца, а таксама напісаць рапарт на звальненне. Я адмовіўся гэта рабіць тады, бо я сваімі дзеяннямі не здзейсніў ні адміністрацыйнае, ні крымінальнае правапарушэнне. Праверка сапраўды адбывалася. Мяне выклікалі ва УСБ на размову. Вынікам праверкі стала вынясенне "папярэджання". У сваіх тлумачэннях па праверцы мой начальнік напісаў, што я "западнік", "выбіраю еўрапейскія каштоўнасці", "з'яўляюся прадстаўніком апазіцыйнага ўплыву" і г. д. Але мне насамрэч вельмі падабаецца гэтая характарыстыка, бо яна сапраўды пра мяне, толькі пад савецкім лоскам».

«Атрымлівалася рабіць ідэалагічную працу ў органах»

Напрыканцы ліпеня 2020 года з'явілася інфармацыя пра тое, што ў краму «Князь Вітаўт» у Брэсце прыйшлі супрацоўнікі АБЭЗ (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі). Гэта абурыла Льва:

«Памятаю, я прачытаў гэтую навіну на абедзе ў Следчым камітэце. Галоўная прэтэнзія была да цішотак з аўтазакам і подпісам "Welcome to Belarus". Супрацоўнікі абгрунтоўвалі гэта тым, што нібыта такая выява псуе імідж краіны. Тады я, спасылаючыся на заканадаўства, напісаў шэраг контраргументаў на гэта, і прынёс гэтую паперу ў краму. Я перадаў гэта дырэктару як ад ананіма, каб ён змог абараніць сябе. Бо гэтая крама — вельмі важны досвед для брэстаўчан. Бо памятаю, як у 2013 годзе даводзілася амаль таемна набываць у Мінску вокладку для пашпарта з "Пагоняй". А тут ужо адкрыта прадавалі прадукцыю з нацыянальнай сімволікай. І я тады вырашыў, дапрацоўваючы апошнія дні следчым, што мой абавязак — іх хоць неяк падтрымаць»

Хаця, як адзначае былы следчы, сярод яго калег было шмат людзей, якія ўсё разумелі:

«Памятаю, як падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе мой калега сказаў, што "баба ніколі не можа быць прэзідэнтам". Гэта было пра Таццяну Караткевіч. Але замест крытыкі яго слоў я тады параіў яму паглядзець дэбаты, пасля якіх ён змяніў сваё меркаванне. Ён сказаў, што яна яму спадабалася, і нават паказаў дэбаты сваім родным. Вынікам стала тое, што ён і ўся яго сям'я прагаласавалі за Таццяну Караткевіч. Тады я зразумеў, што людзям трэба паказваць альтэрнатыву без крытыкі і гвалту. Вось такую ідэалагічную працу ў мяне атрымлівалася рабіць у праваахоўных органах»

Леў яшчэ заспеў пачатак выбарчай кампаніі падчас працы ў дзяржаўнай структуры. Ён згадвае, што на той час постаць блогера Сяргея Ціханоўскага не была такой цікавай і папулярнай сярод яго калег, як банкіра Віктара Бабарыкі.

«На яго ўсе ставілі стаўкі. Кампанія Ціханоўскага была пабудавана на крытыцы, а ў Віктара Бабарыкі ўсё-ткі былі канструктыўныя прапановы, ён быў больш зразумелы для маіх калег».

«Прадпрымаў столькі мер бяспекі, а ў выніку затрымалі на праўладным мітынгу»

Пасля звальнення Леў ужо актыўна далучыўся да пратэснага руху Беларусі, за што неаднаразова трапляў пад пераслед. Упершыню яго затрымалі восенню 2020 года ў Мінску на праўладным мітынгу:

«Мы з сябрам вярталіся з музея, як убачылі на вуліцы Валадарскай, як з некалькіх аўтобусаў высаджваюцца людзі з чырвона-зялёнымі сцягамі. Мы пачулі, як адзін з іх сказаў: "Ну, Фёдаравіч, затое бясплатна ў Мінск з'ездзілі". Нам стала цікава, і мы пайшлі з гэтай калонай. Гэта быў панядзелак. Мы прайшлі праз "Марш пенсіянераў" — я ім падзякаваў і пайшоў далей з праўладнай калонай.


Глядзіце таксама

Я думаў, што мітынг "ябацек" — самае бяспечнае для мяне месца, і я нават не дапускаў думкі, што там мяне могуць затрымаць. Памятаю, прыехала шмат аўтобусаў з нумарамі з усіх абласцей, але людзей на Плошчы Незалежнасці усё роўна няшмат назбіралася. Я адкрыта ўсё фатаграфаваў і здымаў на тэлефон. Да нас падышлі па каментар журналісты "Onliner", але мы адказалі, што мы не тыя, хто ім патрэбны. Праз нейкі час за спінай я пачуў ад кагосьці: "Не нашы". Калі мы вярталіся з мітынга, то ў пераходзе нас ужо чакалі міліцыянты. Нас акружылі некалькі чалавек і сказалі, што мы вельмі падобныя да людзей, якія знаходзяцца ў вышуку. Я зразумеў, што гэта проста нагода, каб нас затрымаць. У РУУСе ўчастковы не ведаў, што пісаць у пратакол, бо сітуацыя дзіўная — затрыманне на праўладным мітынгу. Акрамя гэтага, я яму паказваў фота з чырвона-зялёным сцягам — сфоткаўся дзеля прыколу, а потым гэта стала маім доказам. Першы час мне было смешна з гэтай сітуацыі, бо на іншых акцыях я прадпрымаў столькі мер бяспекі, а ў выніку затрымалі на праўладным мітынгу».  

Праз некаторы час па Льва прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, у тым ліку сумнавядомы Іван Тарасік. Ён быў з начальнікам у балаклаве, згадвае брэстаўчанін. У РУУСе з ім спрабавалі зняць «пакаяльнае відэа»:

«Але на камеру я сказаў толькі сваё імя, прозвішча і тое, што я незаконна затрыманы і адмаўляюся сведчыць супраць сябе паводле арт. 27 Канстытуцыі. Губазікавец, які здымаў гэта, сказаў: "Ну, я не магу гэта начальніку паказаць". Тады Тарасік сказаў, што прыйдзе да мяне ў Акрэсціна, але гэтага не адбылося. Тады на судзе я ўбачыў упершыню, як суддзі свядома парушаюць правы. Памятаю, я кажу Таццяне Мотыль пра фотаздыкі з праўладнага мітынга, а яна запытваецца: "Вы можаце прадаставіць іх?" Я ёй кажу, што я затрыманы,  знаходжуся цяпер на Акрэсціна, а тэлефон —  у РУУСе. Але гэта не стала  для яе аргументам, і яна вырашыла, што я не магу прадаставіць доказы. Памятаю, я гляджу праз "Skype" на гэтую Мотыль і разумею, што, калі б ёй сказалі расстраляць чалавека, —  яна б гэта зрабіла. Бо яна ўпэўнена рабіла выгляд, што не разумее маіх юрыдычных аргументаў».

Вынікам працэсу стала 13 сутак адміністрацыйнага арышту, якія былы следчы адбываў на Акрэсціна і ў жодзінскай турме.

«Калі сядзеў у камеры ў Жодзіне, то разумеў, якая навокал склалася сюррэалістычная карціна. Са сваімі сукамернікамі — навукоўцам і хірургам — мы чулі, як раніцай і днём за дзвярыма праходзяць суды, увечары па гэтым калідоры на электрасамакаце ездзяць прадольныя, а потым нам уключаюць тэлеканал "СПАС" і праграму пра Святога Луку. Калі начальнік ІЧУ на Акрэсціна дазнаўся, што я былы следчы, то прыйшоў пазнаёміцца. Ён выклікаў мяне з камеры, запытаў, дзе мяне затрымалі, а потым сказаў нешта пра здрадніка і сышоў».

«Пераходзіў дарогу на святлафоры, як з "буса" выскачылі людзі ў масках»

Другі раз Льва затрымалі праз некалькі месяцаў у Брэсце падчас «дваровага чаепіцця». Яшчэ 15 сутак ён адбыў у брэсцкім ІЧУ. 

«Пасля масавых пратэстаў мы паспелі зрабіць некалькі дваровых акцый. Мяне затрымалі супрацоўнікі АМАПа пасля такой акцыі».


Глядзіце таксама

У студзені 2021 года, калі міліцыянты прыйшлі да Льва па месцы рэгістрацыі і па месцы жыхарства, ён 10 месяцаў не жыў дома: ночыў у знаёмых і нідзе не працаваў, каб зноўку не падпасці пад пераслед. Але пры гэтым ён усё роўна працягваў хадзіць на суды і пісаць лісты палітзняволеным, хоць не жыў дома. Леў згадвае, што ў яго за ўвесь гэты час нават думкі не было, каб з'ехаць з Беларусі. Трэці раз, 2 лістапада 2021 года, брэстаўчаніна затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). За пару дзён да гэтага па месцы яго рэгістрацыі прыходзіў АМАП, але ён тады ўсё роўна не з'ехаў.

«Раніцай я правёў сябра, які з'язджаў з Беларусі, і вяртаўся з вакзала дадому. Тады быў апошні раз, калі я цвёрда вырашыў, што нікуды не паеду. Я пераходзіў дарогу на святлафоры на ажыўленым скрыжаванні, як з "буса" выскачылі людзі ў масках і, заламаўшы, павялі мяне ў машыну. Я тады не напужаўся, але ў галаве круціліся дзіўныя думкі: "Я ж лозунгі не крычаў апошнім часам..." Таксама я ўладкоўваўся на працу ў вядомае спартыўнае СМІ, таму хваляваўся, што праз дзве гадзіны не патраплю на сумоўе і падвяду чалавека. У машыне мяне пасадзілі на сядзенне і ціснулі на спіну, каб галавой я быў на ўзроўні падлогі — каб я нікога з іх не пабачыў. У "бусе" мяне прасілі прадставіцца, але я маўчаў. На гэта адзін з тых, хто ажыццяўляў затрыманне, запытаў: "Александр, чего ты молчишь?" Тады я сказаў, што лічу іх бандытамі, бо яны пад'ехалі знянацку і зацягнулі ў машыну ў масках, і папрасіў адразу прадставіцца іх. Гэты чалавек сказаў, што ён оперупаўнаважаны РАУС Маскоўскага раёна Брэста, і дадаў, што я падазраваны паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса. Мне было смешна, што затрымліваць мяне прыехалі ажно сем чалавек! Хаця, калі я працаваў следчым, памятаю, як міліцыянты не хацелі кагосьці затрымліваць і даводзілася ледзь не ўгаворваць іх. Памятаю, як адзін падазраваны па гвалтоўным артыкуле кідаўся на нас, а міліцыянты ў мяне ўсё перапытвалі: "Сапраўды яго затрымліваць?"»

«Супрацоўнікі закінулі інфармацыю да маіх калег, што я ўдзельнік Bypol»

Адразу пасля затрымання з брэстаўчанінам ніякіх следчых дзеянняў не праводзілася — яго аднаго змясцілі ў камеру. Але праз два дні да яго прыйшлі двое супрацоўнікаў КДБ, якія запытваліся яго пра ўдзел у «Bypol» — аб'яднанні былых супрацоўнікаў сілавых структур. Падчас «размовы» рукі Льва ўвесь час былі закаваны ў кайданкі за спінай.

«Памятаю, як у 2020-м адзін з аднакурснікаў пажартаваў па тэлефоне са сваім калегам, што я быццам у "Bypol"  — пасля гэтага іх паставілі на праслухоўку. У сакавіку 2021 года да яго прыйшлі з ператрусам, а пасля прапанавалі зладзіць са мной неафіцыйную аператыўную сустрэчу. Я не камунікаваў з ім ужо доўгі час і з "Bypol" таксама не быў звязаны. Было б дзіўна, калі б ён пачаў са мной знянацку размаўляць, таму нічога не атрымалася. Але супрацоўнікі закінулі інфармацыю да маіх калег, што я ўдзельнік "Bypol". Таму, калі я сустракаў апошніх на вуліцы ў Брэсце, яны мяне баяліся. Думаю, гэта было зроблена спецыяльна».

Супрацоўнікі КДБ пагражалі былому следчаму за ўдзел у «Bypol» крымінальнай справай паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве»).

«Я казаў, што ў гэтым плане "я чысты". Тады яны пачалі са мной гуляць у "злога і добрага паліцэйскага". Казалі паглядзець, кім я стаў пасля звальнення са следчых органаў: што нідзе не працую, жыву на выпадковыя грошы, а там у мяне быццам было ўсё. Калі яны ўбачылі, што пра "Bypol" я нічога не кажу, то пачалі пужаць, што распаўсюдзяць плёткі ў турме, што я гей і "адправяць мяне па камерах, як былога супрацоўніка". Калі яны пачалі зневажаць мяне, я сказаў, што больш з імі размаўляць не буду». 

Цалкам інтэрв'ю Льва можна прачытаць тут.