Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі — цяпер у «спісе экстрэмістаў»
У беларускім спісе «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» новыя прозвішчы — сярод іх лаўрэат Нобелеўскай прэміі, праваабаронцы ды Раман Пратасевіч.
8 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляюць праваабаронцы.
Сярод новых асоб, датычных, на думку беларускіх сілавікоў, да «экстрэмісцкай дзейнасці», пазначаны нават лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі.
У спіс дадалі і намесніка Алеся Бяляцкага — віцэ-прэзідэнта FIDH, праваабаронцу Валянціна Стэфановіча, а таксама каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча ды праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва.
У «Спісе экстрэмістаў» з'явілася і прозвішча памілаванага Рамана Пратасевіча — побач з яго прозвішчам пазнака «судзімасць не пагашана».
Таксама ў спіс дадалі Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка, якіх судзілі «завочна» разам з Пратасевічам па «справе N*XTA».
Нагадаем, 3 траўня 2023 года суддзя Вячаслаў Тулейка ў Мінскім абласным судзе абвясціў прысуд фігурантам «справы N*XTA». Суд прызнаў іх вінаватымі па ўсіх артыкулах абвінавачання і прысудзіў Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў, Раману Пратасевічу — 8 гадоў. Пазней Пратасевіч быў памілаваны Лукашэнкам.
Адзначым, што ўсіх траіх дадалі ў спіс 1 снежня.