Хронікі рэпрэсій за 8 снежня

Сёння, мабыць, самая «экстрэмісцкая» пятніца ў гэтым годзе.

hroniki_represij2_logo.png_logo_2_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1121 дзень, Дзяніс — 1001 дзень.

***

Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні «арганізатараў» сэрвісу «письмо.бел». З яго дапамогай беларусы адпраўлялі лісты палітвязням. Відэа з двума мужчынамі апублікавана ў праўладным тэлеграм-канале. Па якім артыкуле яны затрыманыя і калі, невядома.

На міліцэйскім відэа мужчына ў чорнай куртцы кажа, што летам 2020 года браў удзел у масавых мерапрыемствах.

«У сувязі з малой наяўнасцю шэрага рэчыва ў галаве набіў сабе татуіроўку Ніны Багінскай», — кажа ён.

Другі затрыманы ў куртцы пясочнага колеру і шэрым джэмперы прадстаўляецца заснавальнікам кампаніі «Рэгіёныбай груп» і кажа, што «браў удзел у масавых беспарадках».

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», затрыманых клічуць Ігар Углік і Аляксандр Лыкшын.

Сілавікі сцвярджаюць, што ў іх аказалася «база з замовамі, аплатнымі звесткамі, тэкстамі і рэквізітамі адпраўнікоў». На самым міліцэйскім відэа паказаны файл з загалоўкам «Спіс адпраўнікоў лістоў». У іх нібыта пазначаны фотаздымкі і кантакты зняволеных. Усе звесткі ў спісе размытыя.

***

На сваёй старонцы ў Facebook Андрэй Ліпскі, адзін з былых супрацоўнікаў светлагорскага тэлеканала «Ранак», паведаміў, што 7 снежня зноў прайшла хваля допытаў і затрыманняў яго калег.

Дагэтуль не выходзяць на сувязь Людміла Андэнка (карэспандэнтка) і Юлія Даўлетава (былая галоўная рэдактарка), таксама няма сувязі з дырэктаркай Аленай Шчэрбін.

Стала вядома, што дзвюх жанчын затрымалі ў межах крымінальнай справы па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Цяпер яны знаходзяцца ў ІЧУ Жлобіна, паведаміла «Гомельская вясна».

***

Сілавікі апублікавалі фота палітзняволенай праваабаронцы Насты Лойка з калоніі, піша «Салідарнасць» са спасылкай на «Нашу Ніву».


Наста Лойка. Фота з ТГ-канала сілавікоў

Наста Лойка. Фота з ТГ-канала сілавікоў

Насту Лойка затрымалі 28 кастрычніка 2022 года. Пасля 60 сутак па адміністрацыйных артыкулах на яе завялі крымінальныя справы па арт.342 і ч.3 арт.130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці»).

Падставай для гэтага стаў нібыта ўдзел праваабаронцы ў напісанні справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

20 чэрвеня гэтага года Насце «прысудзілі» 7 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

***

ГУБАЗіК затрымаў кіраўніка загараднага клуба «Фестывальны». На «пакаяльным відэа» 7 снежня затрыманы сцвярджае, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а ў 2020 годзе зняў з тэрыторыі клуба чырвона-зялёны сцяг.

Загарадны клуб «Фестывальны» з'яўляецца адной з найбуйнейшых пляцовак на рынку еvent-паслуг Беларусі. Ён спецыялізуецца на правядзенні карпаратыўных мерапрыемстваў (забаўляльных і навучальных) і прыватных святаў.

Паводле інфармацыі «Медыязоны», затрыманы — Генадзь Верамейчык.

***

Суд у Дуброўне арыштаваў трактарыста на незвычайны тэрмін з-за «экстрэмісцкай» падпіскі, піша «Вясна». 

Сілавікі знайшлі ў трактарыста Сяргея Каўбасава ў «Аднакласніках» падпіску на суполку «Усё пра Дуброўна», якая два месяцы таму была прызнаная «экстрэмісцкай», піша ТГ-канал «Віцебск, я гуляю!».

Сяргей Каўбасаў з'яўляецца бацькам чатырох дзяцей, ён жыве з сям'ёй у аграгарадку Расасна Дубровенскага раёна, працуе ў ААТ «Баброва-Агра» трактарыстам.

Суддзя Ігар Татаеў даў мужчыну мінімальны тэрмін: арыштаваў яго на адны суткі.

***

Жыхара Мінскага раёна затрымалі з-за каментароў у чатах. Сілавікі прыйшлі да яго дадому са зброяй і ў поўнай экіпіроўцы. Відэа з затрыманым апублікаваў праўладны канал.

На відэа затрыманы кажа, што браў удзел у акцыях пратэсту, «актыўна выказваў сваё абурэнне ўладай», «актыўна каментаваў падзеі ва Украіне», піша «Медыязона».

Як сцвярджаюць аўтары канала, супраць затрыманага жыхара Мінскага раёна распачатая крымінальная справа паводле артыкула аб «распальванні варожасці» (арт. 130 КК).

***

6 снежня мінула 20 дзён з часу затрымання пробашча рыма-каталіцкай парафіі Святога Юзафа ў Валожыне ксяндза Генрыха Акалатовіча. За гэты час яму павінны былі альбо прад'явіць абвінавачанне ў крымінальным злачынстве, альбо выпусціць на волю.

Як стала вядома Katolik.life ад кампетэнтных крыніц, святару абраная мера ўтрымання ў выглядзе заключэння пад варту і ён застаецца за кратамі — гэта азначае, што яму прад'явілі абвінавачанне. Да змены статусу для яго адмаўляліся прымаць цёплыя рэчы і прадукты. У першыя дні пасля затрымання святару ўдалося перадаць толькі прадметы гігіены, бялізну і лекі — ён мае сур'ёзныя хваробы, таму вымушаны прымаць некалькі відаў лекаў.

***

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў Instagram-акаўнт журналіста Аляксандра Івуліна «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Акрамя таго, спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі Instagram-акаўнт праекта «Палітвязынка,» тэлеграм-канал падраздзялення беларускіх дабравольцаў, якія ваююць ва Украіне «1-я ОДШР», старонка палітыка Валерыя Цапкалы ў Фэйсбуку, сайт bic.in.ua, які належыць «Беларускаму інфармацыйнаму цэнтру» ў Львове і TikTok-акаўнт выдання «Наша Ніва».

Усяго ж за адно пасяджэнне суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 89 сайтаў, тэлеграм-каналаў, акаўнтаў у TikTok і Instagram.

***

Памілаванага ў траўні 2023 года Рамана Пратасевіча дадалі ў «спіс экстрэмістаў», які вядзе МУС.

Насупраць прозвішча Пратасевіча ў спісе пазначана, што судзімасць не пагашаная. Як патлумачыла «Медыязоне» былая адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, у выпадку з памілаваннем усё залежыць ад тэксту ўказа Лукашэнкі. У некаторых выпадках тэкст указа можа прадугледжваць зняцце судзімасці, а ў некаторых яна застаецца непагашанай.

Экс-рэдактара тэлеграм-канала «Nexta» ўключылі ў спіс 1 снежня. Разам з ім у спіс трапілі былы рэдактар канала Ян Рудзік, а таксама дзеючы рэдактар канала Сцяпан Пуціла. У спісе МУС пазначана, што цяпер яны знаходзяцца ў вышуку.

Улетку Рамана Пратасевіча і Соф'ю Сапега выключылі са «спісу тэрарыстаў» КДБ.

***

У Беларусі прызнаная «экстрэмісцкай» чарговая кніга. Гэта «Горкія гады: Трагедыя Заходняй Беларусі 1944-1954» Аляксандра Татаранкі. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавіцкага раёна і Баранавічаў 6 снежня, паведамляе «Салідарнасць».

Агулам «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі дзясяткі пазіцый, сярод якіх — Telegram-каналы «Асацыяцыя беларусаў у Амэрыцы» і «Прадстаўніцтва па замежных справах», а таксама сайт pozirk.оnline.

***

Палітзняволеных праваабаронцаў «Вясны» таксама ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў». 8 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі старшыню «Вясны» і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча, праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 298 дзён, Максіма Знака — 302 дні, Мікалая Статкевіча — 301 дзень, Ігара Лосіка — 292 дні, Віктара Бабарыкі — 228 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 157 дзён, Уладзіміра Гундара — 126 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1484 палітвязні. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1660 чалавек. Сярод іх — 179 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.