Карбалевіч: На сёння палітычны клімат не спрыяе вызваленню палітвязняў

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч для pozirk.online каментуе вынікі візіту каманды Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон.

Дэмакратычныя сілы Беларусі падчас cтратэгічнага дыялогу з ЗША. Фота: tsikhanouskaya.org

Дэмакратычныя сілы Беларусі падчас cтратэгічнага дыялогу з ЗША. Фота: tsikhanouskaya.org

Цяперашняя паездка каманды Святланы Ціханоўскай у ЗША знамянальная. Робіцца спроба інстытуцыяналізаваць саюз беларускай дэмакратычнай супольнасці з ЗША, стварыць сталыя механізмы супрацоўніцтва.

Лукашэнка — у Кітай, Ціханоўская — у Вашынгтон

Той факт, што амаль адначасова Аляксандр Лукашэнка паехаў па падтрымку ў Кітай, а Ціханоўская — у ЗША, выглядае вельмі сімвалічна. Два полюсы сённяшняга свету спрабуюць паўплываць на вырашэнне беларускага пытання. Вельмі паказальна, што яно выведзена на ўзровень вялікай геапалітыкі.

Усе народы нашага рэгіёна вызначыліся з выбарам сваёй цывілізацыйнай і геапалітычнай арыентацыі. Толькі беларускае грамадства моцна расколатае па гэтых пытаннях, яно не зрабіла свой выбар, не змагло ўзяць пад кантроль сваю дзяржаву. А калі гэтае пытанне «вісіць», то адкрываюцца значна вялікія магчымасці вонкавага ўздзеяння.

Варта адзначыць, што першы візіт Ціханоўскай у ЗША ў ліпені 2021 года, яе сустрэча з амерыканскім прэзідэнтам Джо Байдэнам сталі важнай вехай у палітыцы і геапалітычнай арыентацыі новай беларускай апазіцыі. Вядома, што беларускі пратэст 2020 года не датычыўся замежнай палітыкі, якая была вынесеная па-за дужкі.

Нават пасля вымушанай эміграцыі ў Еўропу каманда Ціханоўскай старалася пазбягаць якой-небудзь цвёрдай пазіцыі ў дачыненні да замежных саюзнікаў і партнёраў. Была нейкая ілюзорная надзея на падтрымку Расіі. З іншага боку, яна хацела захаваць тое адзінства, той саюз, які стыхійна склаўся летам-восенню 2020 года, аб'ядноўваючы людзей з рознымі каштоўнасцямі і геапалітычнай арыентацыяй.

Так што той візіт у ЗША можна лічыць пэўнай вехай. Ён азначаў цвёрды выбар у заходнім кірунку, саюз з ЗША і Еўрасаюзам. Крыху пазней гэта завяршылася абвяшчэннем еўрапейскай перспектывы Беларусі.

Цяперашняя паездка каманды Ціханоўскай у ЗША таксама па-свойму знамянальная. Зроблены важны крок у напрамку інстытуцыяналізацыі саюза беларускай дэмакратычнай супольнасці з ЗША, стварэння пастаянна дзеючага механізму супрацоўніцтва.

Падчас слуханняў па Беларусі ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Ціханоўская заклікала дапамагчы Беларусі ў трох кірунках. Па-першае, узмоцніць ціск на рэжым Лукашэнкі і яго ізаляцыю. Гаворка ішла аб прыцягненні беларускага кіраўніка і чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да рэпрэсій, да адказнасці праз міжнародныя суды.

Што тычыцца новых эканамічных санкцый, то пазіцыя дэмакратычнай лідаркі Беларусі даволі асцярожная. Яна кажа: «Эканамічныя санкцыі — гэта не панацэя, а інструмент, які дазваляе аслабіць рэжым». Тым не менш, днямі ЗША пашырылі санкцыі супраць Беларусі. У санкцыйны спіс уключаны 8 фізічных асоб і 11 кампаній.

Па-другое, гэта падтрымка дэмакратычных сіл, палітвязняў, легалізацыя беларусаў за мяжой. Па-трэцяе, абарона суверэнітэту Беларусі ад пагроз з боку Расіі, «стварэнне кааліцыі за незалежную, дэмакратычную Беларусь, у якой ЗША маглі б адыграць вядучую ролю». То-бок, гэта нешта накшталт кааліцыі «Рамштайн» у дачыненні да Украіны. Толькі з упорам не на ваенную, а на палітычную падтрымку.

Сэнс стратэгічнага дыялогу, на думку Ціханоўскай, заключаецца ў «фармалізацыі адносінаў», распрацоўцы стратэгіі для Беларусі і «дарожных карт» па розных напрамках. Гэты фармат унікальны нават для саміх ЗША, паколькі падобныя стратэгічныя дыялогі звычайна вядуцца з дзяржавамі, а не з апазіцыйнымі структурамі.

Важным рашэннем стала б прызначэнне новага спецпрадстаўніка ЗША па працы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Бо калі няма чыноўніка, які непасрэдна адказвае за працу ў гэтым кірунку, цяжка чакаць эфектыўнасці і вынікаў.

З'явілася інфармацыя, што ў Кангрэсе ЗША рыхтуецца новая рэдакцыя «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Нагадаю, што ўпершыню падобны дакумент быў прыняты ў 2004 годзе, затым з'явілася некалькі абноўленых рэдакцый гэтага акта (2004, 2006, 2011, 2020 гады). Зараз рыхтуецца пятая версія. Намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Валерый Кавалеўскі адзначае, што новы дакумент «будзе больш усёабдымным і больш жорсткім», з «больш канкрэтнымі рэкамендацыямі адносна выканаўчай улады» ЗША.

Вынікам гэтага стратэгічнага дыялогу стане перш за ўсё тое, што ўвага ЗША да Беларусі павысіцца.

У рэжыму няма матывацыі выпускаць палітвязняў

Падчас мерапрыемстваў у рамках стратэгічнага дыялогу афіцыйныя прадстаўнікі ЗША занялі вельмі жорсткую пазіцыю адносна палітвязняў у Беларусі.

Прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер заявіў: «Наша пасланне Лукашэнкі і тым, хто ажыццяўляе рэпрэсіі, яснае і дакладнае: мы не будзем гаварыць пра змену нашай палітыкі, змякчэнне санкцый і паляпшэнне нашых адносінаў да таго часу, пакуль рэжым не вызваліць усіх палітвязняў, не спыніць усе рэпрэсіі супраць беларускага народа і не перастане ўдзельнічаць у вайне Расіі супраць Украіны».

Гэтая заява важная ў кантэксце дыскусіі, што абвастрылася апошнім часам у беларускай дэмакратычнай супольнасці, адносна таго, якім чынам неабходна дамагацца вызвалення палітвязняў. Бурныя дэбаты з узаемнымі абвінавачаннямі прайшлі ў Каардынацыйнай радзе.

Абвостраная цікавасць да гэтага пытання зразумелая ў сувязі з тым, што сітуацыя з палітвязнямі становіцца ўсё больш цяжкай. Іх колькасць расце, рэпрэсіі пашыраюцца, працягваецца практыка катаванняў. Ужо некалькі чалавек памерлі за кратамі. Дзясяткі людзей знаходзяцца там з цяжкімі захворваннямі.

Не дзіўна, што ў дэмакратычнай супольнасці растуць папрокі на адрас каманды Ціханоўскай, маўляў, зрабіце што-небудзь. Усё гучней гучаць прапановы ўступіць у перамовы з рэжымам Лукашэнкі, пайсці на саступкі, адмяніць або скараціць санкцыі ў абмен на вызваленне палітвязняў.

Такія аргументы, безумоўна, вельмі важкія. Яны нагадваюць пра вечную дылему. Што важней на шкале прыярытэтаў: чалавечае жыццё, здароўе, лёс людзей — ці палітычныя мэты. Гісторыя і міжнародная палітыка даюць у гэтым плане шмат прыкладаў, калі для выратавання жыццяў урады пераступалі праз многія палітычныя і ідэалагічныя бар'еры.

Напрыклад, падчас халоднай вайны ФРГ купляла палітвязняў у ГДР, плаціла за гэта рэальныя грошы. Ці вось цяпер Ізраіль на час спыніў ваенныя дзеянні супраць ХАМАСа дзеля вызвалення закладнікаў.

Аднак цяпер для вырашэння праблемы ў такім духу ёсць перашкоды, якія на сённяшні дзень выглядаюць непераадольнымі.

Лідары апазіцыі не могуць самі ўступіць у перамовы з рэжымам Лукашэнкі. Яны могуць толькі звярнуцца да Захаду з просьбай пайсці на саступкі беларускім уладам дзеля вызвалення палітвязняў.

Але праблема тут у ытм, што ў палітыкаў ЕС і ЗША ёсць свае прыярытэты. Хачу звярнуць увагу, што рэальныя заходнія санкцыі былі ўведзеныя не праз палітвязняў, а за прымусовую пасадку ў Мінску самалёта з апазіцыянерам Раманам Пратасевічам на борце, міграцыйны крызіс, вайну супраць Украіны.

Менавіта апошняе пытанне з'яўляецца прыярытэтам для Захаду. І калі паўстане пытанне пра перамовы з афіцыйным Мінскам, то, мяркую, у першую чаргу будзе абмяркоўвацца тэма выхаду Беларусі з гэтай вайны, вываду расійскіх войскаў адсюль. Важна адзначыць, што ў прыведзенай вышэй заяве прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША пытанне пра палітвязняў жорстка ўвязанае з пытаннем удзелу Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны.

Наступная важная акалічнасць. Папярэдні досвед сведчыць пра тое, што вызваленне палітвязняў у Беларусі было часткай палітыкі размарожвання, нармалізацыі адносінаў афіцыйнага Мінска і Захаду, хай дэкаратыўнай, але лібералізацыі ўнутранага жыцця.

Таксама можна канстатаваць, што «выкуп» дысідэнтаў ГДР адбываўся ў перыяд разрадкі, калі пачаўся дыялог паміж Захадам і Усходам. І вызваленне палітвязняў было неад'емнай часткай гэтага дыялогу. Усё гэта адбывалася ў адносна ліберальныя часы, калі ў краінах з камуністычнымі рэжымамі палітычных апанентаў не расстрэльвалі, а толькі саджалі ў турмы і псіхлякарні. Ніхто нават не спрабаваў пайсці на ўгоду са Сталіным, калі ў ГУЛАГу былі мільёны вязняў.

Зараз у адносінах Захаду з аднаго боку, Расіі і Беларусі з другога наступіў перыяд вострай канфрантацыі. Амаль ваенная сітуацыя. Унутры Беларусі і Расіі распаўсюджваецца тэрор супраць палітычных апанентаў і проста нязгодных.

Вызваленне палітвязняў магчымае толькі ва ўмовах змены палітычнай тэндэнцыі, курсу на пэўную лібералізацыю. Што прадугледжвае спыненне новых рэпрэсій, а не толькі вызваленне палітвязняў. Бо цяпер вызваленых зняволеных часта арыштоўваюць і судзяць па новым коле.

Але цяпер ніякіх змен у палітычным клімаце ў Беларусі не відаць нават на гарызонце. Рэжым перманентных рэпрэсій стаў неад'емным элементам захавання ўлады кіруючай у Беларусі камандай. Ва ўсякім разе, так бачыць сітуацыю сам Лукашэнка.

З іншага боку, адносіны з Захадам цяпер для беларускага кіраўніцтва не надта важныя. Гарантыяй выжывання з'яўляецца Расія. Таму на сённяшні дзень не відаць, каб тэма вызвалення палітвязняў была колькі-небудзь актуальная для афіцыйнага Мінска.

Таму на сёння палітычны клімат не спрыяе вызваленню палітвязняў. Што, вядома, не адмаўляе неабходнасці максімальных намаганняў з боку лідараў апазіцыі для вырашэння гэтага пытання.