Дзяржава будзе «раскулачваць» маёмасць прадстаўнікоў дэмсіл?

Выглядае на тое, што «рэйд» сілавікоў па дамах і кватэрах больш чым ста беларусаў і беларусак, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, — толькі першая «ластаўка» на шляху да бандыцкага адымання маёмасці.

_zylle___ryeltary___pradaecca___horad___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

У Беларусі пачалі працэс па канфіскацыі ўласнасці публічных палітыкаў, экспертаў і актывістаў. У лістападзе 2023-га ў рамках крымінальнай справы супраць Каардынацыйнай рады і іншых структур беларускіх дэмсіл прайшоў вялікі рэпрэсіўны «рэйд» сілавікоў: больш за 130 ператрусаў, 145 пастаноў аб арышце маёмасці. Па справе праходзіць больш за 100 чалавек. Мяркуючы па заявах сілавікоў, гэта толькі пачатак. Але чаму менавіта цяпер і чаго чакаць? «Deutsche Welle» пагаварыла з тымі, каго гэта закранула, і даведалася меркаванне юрыста. 

«Арыштоўвалі нерухомасць — дом, кватэру»

З 28 лістапада сілавікі ў Беларусі пачалі прыходзіць у кватэры і дамы, дзе прапісаныя або якімі валодаюць прадстаўнікі дэмсіл, з-за нібыта «спробы захопу ўлады» Каардынацыйнай радай (КР) у 2020 годзе. 

Сілавікі лічаць, што КР стварыла за мяжой «пародыю дзяржаўнай сістэмы». «Офіс Ціханоўскай яны прыраўнялі да Адміністрацыі прэзідэнта, Каардынацыйная рада — да протапарламента, а Аб'яднаны пераходны кабінет — да ўрада», — так апісалі ў СК структуру дэмсіл Беларусі. У справе, паводле звестак МУС РБ, больш за 100 чалавек. Іх абвінавачваюць па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ. Не ўсе імёны вядомыя: іх павінны размясціць на сайце СК, на 8 снежня абнаўленняў не было.

«Мы ведаем больш чым пра 40 чалавек з КР, да якіх прыходзілі па месцах прапіскі або жыхарства, канфіскоўвалі тэхніку, дапытвалі сваякоў. Арыштоўваецца розная маёмасць, звычайна нерухомасць — кватэра, дом, пакой», — распавёў DW Андрэй Ягораў, спікер Каардынацыйнай рады.


Глядзіце таксама

Праваабаронцам вядома, што ператрусы прайшлі ў кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, эканаміста Сяргея Чалага, палітолага Розы Турарбекавай, Міхаіла Таўбе з арганізацыі «Беларусы замежжа», праваабаронцы Рамана Кісляка, экс-кіраўніка «Маладога Фронту» Артура Фінькевіча, гісторыка Паўла Церашковіча. Большасць з іх сітуацыю пакуль ніяк не каментуюць.  

«Гэты "рэйд" звязаны з выбарамі»

«Справе КР» больш за год, але менавіта цяпер сілавікі разгарнулі актыўнасць. «Інакш, чым фальсіфікацыяй крымінальнай справы, я назваць гэта не магу. Усіх трэба пасадзіць, а калі не атрымліваецца, то маёмасць адабраць. Да некаторых на ператрус прыходзілі па шэсць чалавек, гэта значыць, на 130 ператрусаў задзейнічалі 800 чалавек. Маштабная аперацыя», — кажа юрыст, саветнік па прававых пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

«Гэта самы буйны рэпрэсіўны рэйд за апошні час. Думаю, ён звязаны з выбарамі ў лютым 2024 года ў Беларусі і з выбарамі ў КР. Мэта — мабілізаваць свой электарат і запалохаць іншы бок», — лічыць Андрэй Ягораў.  

Даведацца, што менавіта адбываецца, складана: усе датычныя людзі ў Беларусі пад падпіскай аб неразгалошванні. Тэарэтычна, калі ў чалавека стаяла пустая закрытая кватэра, ён не адразу даведаецца, што яна апячатаная.  

«Апублікавалі фота ўзламаных дзвярэй кватэры»

У першую чаргу, прыходзілі да публічных персон са структур дэмакратычных сіл. «Пра тое, што ў мяне быў ператрус, я даведалася, калі мне напісаў словы падтрымкі адзін з рэдактараў беларускіх незалежных медыя. Фота з маёй кватэры апублікаваныя на прапагандысцкім канале. Дзверы ўзламаная, раскурочаныя. І потым — апячатаныя», — расказала DW прэс-сакратарка Святланы ЦіханоўскайГанна Красуліна


Глядзіце таксама

Паводле яе, нешта падобнае чакалася. «Нічога новага або нечаканага. У Беларусі тысячы людзей сядзяць, дзясяткі тысяч праходзяць праз катаванні і арышты, людзі паміраюць за кратамі, ва Украіне ідзе вайна... На гэтым фоне ператрусы і арышты кватэр — не самае страшнае», — лічыць Красуліна. На яе думку, «такія дзеянні паказваюць, што рэжым не ўяўляе, што рабіць далей». «Рэпрэсіі не выпраўляюць сітуацыю. Іншых інструментаў у іх няма. Няма і будучыні».

«Не мець нічога бывае перавагай», — лічыць удзельніца Фем-суполкі Каардынацыйнай рады Юлія Міцкевіч. Яна патлумачыла DW, што ў Беларусі да яе не прыходзілі, бо няма куды. «У мяне і ў мужа нічога ў Беларусі няма, і яго самога там, на шчасце, таксама», — сказала Юлія. Паводле яе слоў, бывала, што ў РБ мужа актывісткі выклікалі ў КДБ і тлумачылі, што жонка мае зносіны не з тымі людзьмі. 

«Што ў вашай справе, нават адвакат не скажа»

Ад людзей наўмысна хаваюць інфармацыю, лічыць Міхаіл Кірылюк: «Можна наймаць адваката ў Беларусі. Але яму пакажуць пратакол ператрусу і скажуць: калі гэта дзесьці ўсплыве, ты сядзеш. Твой падабаронны — не, а ты — так. Адвакат падпісвае распіску, што матэрыялы справы не распаўсюдзіць. Вось і тэлефануе адвакат у Варшаву ці Вільню, кажа назву артыкула, — і ўсё»

Суразмоўцы DW сыходзяцца ў тым, што гэта акцыя застрашвання, але не толькі. «Мэта і ў тым, што лідарам дэмсіл стане цяжэй знаходзіць людзей, гатовых з імі працаваць. Тых, каго заўважаюць, у Беларусі абвяшчаюць "экстрэмістам-тэрарыстам", кажуць "кватэру-лецішча забяром". Людзі баяцца. Не сакрэт, што мы сутыкаемся з дэфіцытам кадраў. Нават для тых, хто з'ехаў, гэта іншы ўзровень рызыкі — пераступіць парог "экстрэмісцкага" офіса. Трэба ўсё прадаваць, пажадана і радню вывезці», — лічыць Міхаіл Кірылюк.  

«Чакаем шматсерыйнае шоу з судамі»

Што далей? Сілавікі не хаваюць: маёмасць шукалі, каб арыштаваць. А падчас «завочных судоў» часта з'яўляюцца велізарныя штрафы на карысць дзяржавы. У тэорыі, арышт і канфіскацыя, а потым продаж кватэры — справа не аднаго месяца, кажа Міхаіл Кірылюк. Так было дагэтуль. Напрыклад, з арыштаваных у 2020-2021 гадах кватэр і дамоў прададзеная адна — кватэра Ціханоўскіх.


Глядзіце таксама

«Пытанне, наколькі яны будуць выконваць свае ж правілы. Яны ж дзейнічаюць па законах ваеннага часу. Могуць і за тры дні ўсё зрабіць, паказальна. З сайта СК даведаешся, што цябе абвінавацілі, асудзілі, прадалі кватэру за 100 рублёў і ты павінен яшчэ 9 999 900», — іранізуе юрыст. 

«Людзі разумеюць, што сродкаў законнай абароны ў іх няма, таму проста сочаць за развіццём падзей. Магчыма, зробяць шматсерыйнае шоу да выбараў: ператрусы, суды, рашэнні аб канфіскацыях маёмасці... Яшчэ не дайшла справа да законаў аб пазбаўленні грамадзянства, але стрэльба ўжо на сцяне і, думаю, стрэліць. Магчыма, у гэтай справе», — канстатуе Андрэй Ягораў.