Героі паміраюць стоячы
Сотні і тысячы тых, хто прайшлі і праходзяць праз беларускія турмы, ні разу не хацелі быць героямі і ў труне бачылі і той рэжым, і выбары, і апазіцыю. Гэтым людзям проста не пашчасціла апынуцца ў гэты час у гэтай краіне.
Мінск заносіць снегам. Горад і без таго даўно апусцелы, а замецены і нерасчышчаны ён падаецца яшчэ больш пустым. Пустым і сумным, як самотны мядзведзь у чаканні вясны. Рэдка дзе ў вокнах міргаюць агеньчыкі, на вуліцах і праспектах няма звыклай ілюмінацыі, і ўвогуле адчуванне, быццам свята тут ужо не чакаюць.
Дый якое свята, калі штодзень па кагосьці прыходзяць, кагосьці хапаюць — ні за што, проста таму, што трэба схапіць? Калі не палова краіны, дык палова Менска дакладна мае гэты галаўны боль: пасылкі, лісты, перадачы, адвакаты, грошы, адсутнасць грошай, пазыкі, вяртанне, зноў пазыкі і бясконцае чаканне канца гэтай невыноснай гісторыі.
Сотні і тысячы тых, хто прайшлі і праходзяць праз беларускія турмы, ні разу не хацелі быць героямі і ў труне бачылі і той рэжым, і выбары, і апазіцыю. Гэтым людзям проста не пашчасціла апынуцца ў гэты час у гэтай краіне — там, дзе чалавека можна выкрасці з яго ўласнай хаты, збіць, кінуць за краты, трымаць гадамі ў закладніках — і ніякага за гэта пакарання.
«Яны не будуць сядзець свае тэрміны», — крычалі мы на вуліцах Мінска восенню 2020 года, калі яшчэ ўсе былі тут і не думалі, што дыктатура зможа адпомсціць. Сёння, напрыканцы 2023 года, ніхто не скажа ні гэтага, ні таго, што многія ўжо адседзелі — а значыць, ёсць верагоднасць, што адседзяць і тыя, хто ў палоне проста цяпер. Такія рэчы ўголас прамаўляць забаронена, страшна, некультурна. А разам з тым гэта адзін з магчымых сцэнарыяў, і ён таксама мусіць быць агучаны.
Разумныя лбы, седзячы ў Варшаве ці Вільні, заяўляюць адтуль, што беларускія палітвязні — героі, а спробы думаць пра іх вызваленне «няправільным шляхам» (чытай: перамовамі) — здрада і знявага гэтага гераізму. Кейс гэты прыўкрасны, як на яго ні паглядзі. Толькі ўдумайцеся: людзі, якія ўцяклі з краіны ад небяспекі ўласнай свабодзе (а можа, і без дай прычыны, такое таксама бывае), патрабуюць ад тых, хто шукае магчымасці дапамогі зняволеным, фактычна, не дапамагаць ім — тым, хто не сталі ўцякаць, або былі схопленыя проста так, «для галачкі», — і цяпер знаходзяцца ў пастаяннай рызыцы для жыцця, «адмываючы» сваёй несвабодай рэпутацыю астатніх беларусаў. Героям не патрэбная дапамога, так? Героі мусяць гераічна і пакутліва паміраць або ратаваць сябе самі.
Зрабіўшы палітвязняў палітычным пытаннем, мы звязалі сябе па руках і нагах. Зачараванае кола «рэжым — палітвязні — вызваленне — перамовы» і ўсё, што цягне за сабой гэты набор слоў, у тым ліку «адбельванне» і «калабаранцтва», нікуды не знікне, пакуль мы не перастанем бачыць у людзях за кратамі герояў і змагароў з рэжымам. Першае, што мы павінны, мы АБАВЯЗАНЫ зрабіць — прызнаць, што там сядзяць людзі. Чалавекі. Кожны і кожная са сваёй гісторыяй, лёсам, абставінамі, поглядамі і прынцыпамі. І многія з іх проста хочуць дадому, да сваіх бацькоў, сужэнцаў, дзяцей. Многія з іх, верагодна, кожны дзень, кожную хвіліну могуць уздыхнуць ці расплюшчыць вочы апошні раз. Ці шмат вы ведаеце людзей, якім хочацца паміраць у сценах турмы?
Калі паглядзець на сусветную гісторыю дыктатуры, дзясяткі гадоў сыходзілі на чаканне, пакуль рэжым змякчыцца ці падзе — у СССР, Аргенціне ці Бразіліі; сотні палітвязняў загінулі ў турмах пры Салазары ў Партугаліі, Піначэце ў Чылі, Франка ў Іспаніі. Людзі выходзілі з турмаў або з падзеннем рэжыму, або пасля перамоў, якія завяршалі дыктатуру — крывавую ці не. Рэжым Самосы ў Нікарагуа таму добрае пацвярджэнне.
Дыктатура Лукашэнкі толькі набіраецца сілы, уваходзіць у свой смак. 30 гадоў, якія былі да сённяшніх падзей, — гэта рэпетыцыя дзіцячага спектаклю, батлейка пра цара Ірада і забітых младзенцаў. Само ж забойства яшчэ не пачыналася, ім нас толькі пужаюць. Але незалежна ад таго, страляюць нас тут ці не, у турмах па-ранейшаму знаходзяцца тысячы людзей, вызваліць якіх пакуль не ўяўляецца магчымым. Тысячы жыццяў, якія ў любую хвіліну могуць абарвацца.
Мы можам да хрыпаты спрачацца пра перамовы, на якія ніхто з таго боку не збіраецца ісці (прынамсі, не з намі), абвінавачваць адно аднаго ў здрадзе, у той час як першую і галоўную здраду робім мы самі — калі адкідаем прэч чалавечае вымярэнне, каштоўнасць жыцця і пакідаем толькі геройства. Палітвязні ператвараюцца ў шахматных фігурак, зробленых з турэмнага хлеба, над якімі спрачаюцца «чорныя» і «белыя»: так пахадзіць нельга, туды ставіць забаронена, такі ход мы не прымаем. А між тым варта разглядаць і прадумваць усе хады, бо ў гэтай гульні няма пераможцаў, але ёсць пройгрыш, і кошт яго — жыццё тых, хто за кратамі.
Мы можам цешыць сябе якімі заўгодна сцэнарамі, дзе праз год-два рэжым падзе, але гэтыя год-два — недазвольная раскоша для людзей у палоне беспакараных злачынцаў. Гэтыя год-два — апошняе, што могуць убачыць пенсіянеры, людзі з хранічнымі хваробамі, псіхічным разладам, закатаваныя і пазбаўленыя сувязі са знешнім светам. Пакуль мы тут выліваем адно на аднаго ўзаемныя крыўды, там ідзе барацьба за самае дарагое, што ёсць у кожнага, — за саміх сябе. Так, людзі ў прынцыпе мала патрэбныя адно аднаму і вымушаныя ўвесь час выбірацца самі з уласных ямін, але праўда ў тым, што гэтая яміна — агульная, і калі мы нічога з ёю не зробім, яна ператворыцца ў роў.