Кватэры ў закладніках: як збеглым выратаваць маёмасць?
Сілавікі арыштоўваюць і грамяць кватэры палітычных апанентаў. А прадаць сваю нерухомасць у Беларусі многія не могуць. Што можна зрабіць, высвятляла «Нямецкая хваля».
У канцы лістапада ў Мінску і іншых гарадах Беларусі прайшлі масавыя ператрусы па месцы рэгістрацыі беларусаў, звязаных з Каардынацыйнай Радай і тых, хто пакінуў краіну. Следчы камітэт заявіў, што шукае доказы «злачыннай дзейнасці», а таксама маёмасць і нерухомасць падазраваных на тэрыторыі Беларусі, каб накласці арышт. Сілавікі таксама анансавалі завочныя суды для «кампенсацыі шкоды». Фактычна, гаворка можа ісці аб канфіскацыі маёмасці, патлумачылі ў каментары DW юрысты.
Што ж рабіць тым, хто баіцца за сваю нерухомасць у Беларусі? Ці можна з ёй нешта зрабіць — і пры гэтым не вяртацца ў краіну?
DW задала гэтыя пытанні юрыстам сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі LegalHub і адвакату з Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Алене Шынкарэвіч.
Здаць у арэнду і вырашыць праблему з «дармаедствам»
Канфіскацыя маёмасці можа закрануць кожнага. Па прынятым у студзені 2023 года ў Беларусі законе, падставай для гэтага могуць стаць «недружалюбныя дзеянні» ў адносінах да дзяржавы. На гэтай падставе забраць маёмасць могуць у замежных дзяржаў, асоб з замежных дзяржаў, а таксама «афіляваных асоб».
Апошняе вызначэнне можа закрануць многіх. «Пры жаданні, абсалютная любая асоба можа быць аднесеная да катэгорыі “афіляваных”, а такім чынам — маёмасць можа быць канфіскавана ў каго заўгодна», — каментуе LegalHub.
Пасля таго, як у верасні 2023 года ўвайшоў у дзеянне ўказ «Аб парадку выдачы дакументаў і ўчыненні дзеянняў», беларусы не могуць прадаць, падарыць або закласці сваю нерухомую маёмасць без асабістай прысутнасці ў краіне альбо без даверанасці, якая аформленая ў Беларусі.
Варыянтаў распараджэння нерухомасцю для тых, хто эміграваў і не можа вярнуцца, застаецца няшмат.
Калі кватэра не мае абмежаванняў, уласнік па-ранейшаму можа яе здаваць у арэнду. Гэта можна зрабіць і па даверанасці, аформленай за мяжой, тлумачаць юрысты. Пры гэтым здача ў арэнду развязвае яшчэ і праблему з «дармаедствам». Уласнік атрымлівае прыбытак ад нерухомасці і плаціць з яго падатак. Гэтага дастаткова, каб улады не ўключылі чалавека ў спіс не занятых у эканоміцы — так званую «базу дармаедаў».
Як «выпісацца» самому або «выпісаць» кагосьці з кватэры
Тыя, каму пашчасціла мець на руках аформленую на тэрыторыі Беларусі даверанасць, могуць прадаць па ёй сваю маёмасць. Аднак, як правіла, перад продажам трэба «выпісацца» з кватэры і зарэгістравацца па новым месцы жыхарства. Тут з'яўляюцца новыя праблемы для тых, хто не можа прыехаць у Беларусь.
Афармляць рэгістрацыю па месцы жыхарства трэба асабіста, падаючы пашпарт. Юрыст з Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Алена Шынкарэвіч кажа, што ёй вядомыя выпадкі, калі чалавеку ўдавалася ануляваць рэгістрацыю па даверанасці, перадаўшы свой пашпарт у Беларусь. Аднак у некаторых установах без прысутнасці чалавека гэта рабіць адмаўляліся. Акрамя таго, нельга забываць пра рызыкі: пашпарт можа згубіцца, а ў цяперашніх умовах яго могуць наогул забраць, нагадваюць юрысты LegalHub.
Ва ўласнікаў нерухомасці, якія не могуць вярнуцца ў Беларусі, застаецца толькі адзін варыянт: прадаць кватэру, паказаўшы пры здзелцы, што ранейшы ўладальнік не захоўвае права карыстання жылым памяшканнем.
Але гэты варыянт падыходзіць толькі тым, хто раней аформіў даверанасць на тэрыторыі Беларусі.
Акрамя таго, цану за такую нерухомасць прыйдзецца значна знізіць — бо новаму ўладальніку трэба падаць у суд, каб канчаткова вырашыць пытанне ўласнасці і «выпісаць» ранейшага ўладальніка з кватэры.
Калі ж чалавек не з'яўляецца ўласнікам кватэры, з якой хоча «выпісацца», і таксама не можа прыехаць у Беларусь, вырашыць пытанне можна праз суд. У гэтым выпадку ўласнік жылля, напрыклад, маці або бацька, можа падаць пазоў аб тым, што чалавек страціў права валодання і карыстання жыллём з-за пераезду (трэба будзе прадаставіць інфармацыю пра актуальнае месца жыхарства).
Што рабіць са спадчынай?
Пытанне нерухомасці востра стаіць не толькі для тых, хто хоча яе прадаць ці падарыць, але і для тых, хто можа стаць спадчыннікам. Калі прыняць спадчыну яшчэ можна, не прыязджаючы ў Беларусь, то зарэгістраваць яе без асабістай прысутнасці не атрымаецца.
У гэтай сітуацыі юрысты бачаць толькі адно выйсце: калі спадчыннікаў некалькі, і адзін з іх знаходзіцца ў Беларусі, можна адмовіцца ад спадчыны на ягоную карысць — для гэтага зусім не абавязкова прыязджаць у краіну.
Тады гэты спадчыннік зможа зарэгістраваць маёмасць на сябе, прадаць яе і падзяліць грошы з тым, хто адмовіўся.
Вядома, гэты варыянт заснаваны выключна на даверы. Але юрысты LegalHub кажуць, што іншай магчымасці сёння няма.
«Дзяржава стварыла сітуацыю, пры якой немагчыма завяршыць працэс прыняцця спадчыны: прыняць у натарыуса можна, але зарэгістраваць пераход права ўласнасці нельга».
Што будзе з «разгромленай» маёмасцю?
Юрысты падкрэсліваюць, што па законе падчас ператрусу нельга дапускаць пашкоджанні маёмасці без неабходнасці, таксама нельга абвяшчаць абставіны прыватнага жыцця грамадзян, у якіх праводзіцца ператрус.
Але на практыцы ўсё выглядае інакш. Telegram-каналы, звязаныя з сілавікамі, нярэдка дэманструюць фота разгромленых кватэр вядомых беларусаў і каментуюць іх лад жыцця.
Тым не менш Крымінальна-працэсуальны і Грамадзянскі кодэкс прадугледжвае спосаб абароны асобы, чые інтарэсы закрануты пры правядзенні ператрусу. Уладальнік «разгромленай» кватэры можа падаць заяву ў Следчы камітэт аб правядзенні праверкі на прадмет распачынання крымінальнай справы.
Калі вінаватая асоба будзе прыцягнутая да крымінальнай адказнасці, то з яе можна будзе спагнаць шкоду.
Пытанне толькі ў тым, ці знойдуць для гэтага падставы.